12 красавіка – Дзень войск супрацьпаветранай абароны

Сямейнае прызванне — баранить неба



Працоўны дзень у сям’і Змітровічаў пачынаецца з усходам сонца. Апранаюцца, п’юць чай і ідуць  на працу – у вайсковую часць.


БЫЦЬ ЖАНЧЫНАЙ-ВАЕННАСЛУЖАЧЫМ   МОДНА
Калі б я яе сустрэў у горадзе, ніколі б не падумаў, што гэта жыццярадасная прыгажуня – ваеннаслужачы. У свае 20 год мазыранка Алена Змітровіч паспытала вайсковага жыцця, па-страляла з аўтамата Калашнікава і стала любіміцай многіх салдат.
“Усё ад таго, што я люблю экстрым, люблю ўсё паспрабаваць. У дзяцінстве я бавілася ў хлапечыя гульні, мы хадзілі ў лес, гулялі ў футбол. Калі я паступіла ва універсітэт і шукала працу, мне прапанавалі пайсці па кантракту ў армію. Калі хлопцы пачуюць, што я служу ў арміі, што страляла з аўтамата, здзіўляюцца. Але нічога дзіўнага. Зараз жанчыны  з ахвотай ідуць у армію, у міліцыю – гэта становіцца модным. Я не ведаю, як складзецца жыццё і мая служба. Не буду загадваць. Я мару зарабіць грошай і збудаваць уласную хату… Гэта мая мара.”


“Есць такая прафесія – бараніць Радзіму”, – 44-гадовы маёр Васіль Змітровіч ужо 19 год служыць начальнікам вузла сувязі 1052 асобнага радыё-тэхнічнага батальёна, што дыслакуецца ў Мазыры. Вайсковую службу лічыць жыццёвай місіяй.


– У вёсцы Семернякі Маладзечанскага раёна, дзе я нарадзіўся, стаяла вайсковая часць, – дзеліцца ўспамінамі Васіль Уладзіміравіч. – Я ўпотайкі назіраў за салдатамі, як яны маршыруюць, як жывуць. Мне падабалася ваенная форма. Тады я і вырашыў пасвяціць жыццё арміі і стаць афіцэрам.


Васіль Змітровіч захапіў ваеннай справай і ўсю сваю сям’ю: жонку Зою Паўлаўну, 20-гадовую дачку Алёну і 10-гадовага Андрэя.


– Мы ў сям’і дружна трымаемся адно за аднаго. Куды я, туды і яны, – гаворыць афіцэр.  – Жонка бачыла, чым я займаюся, ёй гэта падабалася, таму вырашыла таксама стаць ваеннаслужачай.


Ваенная кар’ера Васіля і Зоі Змітровічаў пачалася ў 1987 г. у Баранавічах. Ен служыў камандзірам тэлефон-тэлеграфнага ўзвода сувязі, яна – тэлефаністкай. Тады на свет з’явілася  Алёна. У 1990 г. Васілю Змітровічу прапанавалі працу ў Мазыры,   разам з ім пераехала ўся сям’я.


Дачка падрасла і вырашыла пайсці па шляху бацькі. Ужо дзесяты месяц радавы Алёна Змітровіч служыць сувязістам у батальёне. Дзяўчына вучыцца на завочным аддзяленні факультэта псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Двойчы за год ездзіць у Мінск на сесію. 


– Тут няма нічога дзіўнага. Дачка гадавалася ў армейскім асяродку, жыла пры вайсковай часці. Глядзела на тату і маму, яе гэта  цікавіла і захапляла, – разважае Васіль Уладзіміравіч, але за дачку не хвалюецца. – Дзяўчыне заўжды няпроста ў армейскім калектыве. Але няхай прыглядзіцца, паспрабуе. Калі спадабаецца, пойдзе вучыцца на афіцэра – ваеннага псіхолага.


 Дні напралёт вакол казармы бегае зухаваты хлапчук з цацачным аўтаматам. Гэта 10-гадовы Андрэй – самы малодшы ў сям’і Змітровічаў. Здаецца, ведае кожны закуток і кожную шчылінку. Андрэй дапамагае салдатам у службе, ведае ўсіх паіменна, разбіраецца ў званнях і зброі. Малады баец вучыцца ў 5-м класе СШ №2 г. Мазыра, марыць паступаць у Сувораўскае вучылiща.


Я запытаў у Васіля Уладзі-міравіча, ці не здаецца яму, што праз армію ў сына не застанецца часу на дзіцячыя забавы?


–  Сын сам сказаў, што хоча стаць ваенным. Я яму замінаць не буду. Галоўнае, каб добра вучыўся, годна сябе паводзіў і нікога не даваў у крыўду.


У доме Змітровічаў пануе парадак і згода:


– Большую частку дня мы праводзім на працы. Калі мяне няма дома, за гаспадара – мама, калі яе няма, то я.


Вольны час Змітровічы праводзяць на свежым паветры:


– Зімой ходзім катацца на лыжах ці каньках, летам ездзім у лес, на прыроду. Дома сядзець не любім.


Як толькі мы пачалі гаварыць пра службу, вочы маёра Змітровіча заблішчалі і па твары расплылася задаволеная ўсмешка. Васіль Уладзіміравіч пачаў з захапленнем расказваць пра сваю працу:


– Задача нашага батальёна – правядзенне выведкі і абарона Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы. Задача вузла сувязі – наладжванне камунікацый  паміж падраздзяленнямі батальёна і брыгады. Наша праца патрабуе штосекунднай пільнасці і дакладнасці, памылкі недапушчальныя, – тут твар майго суразмоўцы стаў надзвычай сур’ёзным. – Усе складанасці вырашаем калектыўна. У нас моцная і зладжаная каманда, здольная на любыя подзвігі. Са мной служылі людзі, якія прысвяцілі арміі жыццё. Гэта   капітан Грэнішын, капітан Ткачоў, прапаршчыкі Раманаў, Аношкін, Ісаенка, старшыя прапаршчыкі Века і Насевіч. Я вельмі ўдзячны гэтым лю-дзям.


У вузле сувязі – 23 чалавекі. У кожнага індывідуальная баявая задача. Нехта дзяжурыць за камутатарам, нехта прымае тэлеграмы з вышэйстаячага штаба. Вялікая ўвага надаецца бяспецы. Калі асноўныя сродкі сувязі выходзяць са строю, уключаюцца рэзервовыя.


– У чэрвені мінулага года на базе нашага батальёна адбыліся вучэнні. Мы разгарнуліся да маштабу ваеннага часу і змянілі месца дыслакацыі. У вузел было мабілізавана 45 чалавек. Мы патрэніраваліся, як будзем дзейнічаць на выпадак вайны.


Кожны ваеннаслужачы па заканчэнні тэрміновай службы атрымлівае ваенную спецыяльнасць. У вузле сувязі рыхтуюць сувязістаў, радыёмеханікаў і тэлефаністаў. Некаторыя па звальненні ў запас  уладкоўваюцца працаваць сувязістамі на прад- прыемствы.


Франак Вячорка, радавы 1052 асобнага радыётэхнiчнага батальёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *