Шануйце родную мову!

24 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень славянскай пісьменнасці і культуры.


Святкаванне гэтага дня ў нашай краіне ў маі стала ўжо добрай традыцыяй. Такая дата з’яўляецца сведчаннем нашага духоўнага адраджэння і вяртання да культурных і этнічных традыцый славянскіх народаў. Пісьменства знаходзіцца ў аснове прагрэсу любой дзяржавы, асабліва на самых ранніх перыядах яе станаўлення і развіцця. Менавіта праз авалоданне чытаннем і пісьмом чалавек становіцца адукаваным, культурным і духоўна багатым.


Беларусь – краіна вялікай асветніцка-педагагічнай спадчыны, што сведчыць аб высокім эвалюцыйным развіцці нашага грамадства, яго цывілізаванасці, прагрэсу. Цікавасць да пісьменства, навучання і выхавання была засведчана на Беларусі яшчэ ў глыбокай старажытнасці, пачынаючы з часоў Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Васіля Цяпінскага, Міколы Гусоўскага і іншых прадстаўнікоў беларускай культуры. Пісьменства знайшло сваё адлюстраванне ў скарбах мудрай народнай педагогікі, якія сканцэнтраваны ў фальклоры, беларускіх казках і легендах, прыказках, песнях, загадках, анекдотах і інш.


Вызваляючы з забыцця славутыя імёны беларускіх першаасветнікаў, усё жыццё якіх было прыкладам служэння Слову, свята беларускага пісьменства адыгрывае ролю найважнейшага фактара ідэйна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, фарміравання па-трыятычнай самасвядомасці, павагі да іншых славянскіх і неславянскіх народаў.


Беларуская пісьменнасць найперш звязана з асобай Кі-рылы Тураўскага – вядомага на ўвесь славянскі свет багаслова, прапаведніка і асветніка ХІІ ст. Яго надзвычай высока цанілі ў Кіеўскай Русі – некалі магутнай дзяржаве – за вы-ключную начытанасць, незвычайны прамоўніцкі і паэтычны талент, строгі, аскетычны лад жыцця. Вяршынь духоўнага майстэрства Кірыла Тураўскі дасягнуў у сваім родным горадзе Тураве, дзе і атрымаў высокую на той час адукацыю, вывучаючы лепшыя ўзоры візантыйскай духоўнай і свецкай літаратуры. Бясспрэчна ягонымі лічацца 8 «Слоў», або павучанняў, 3 прытчы («Прытча пра душу і цела», «Аповесць пра бяспечнага цара і яго мудрага саветніка», «Казанне пра чарнарызскі чын»), каля 30 малітваў і некалькі канонаў. Асабліва вядомымі былі яго «Словы» – своеасаблівыя рэлігійна-свецкія пропаведзі.


Як сведчаць гісторыкі, Кірыла Тураўскі ў славянскім свеце не меў сабе роўных сярод прамоўцаў-сучаснікаў. Яго творы былі часткай найбольш папулярных ва ўсім праваслаўна-хрысціянскім свеце зборнікаў пропаведзей. За гэта яго называлі «другим Златоустом», «воссиявшим паче всех», у чым адлюстравалася высокая ацэнка ўсёй літаратуры Кіеўскай Русі. Мы ганарымся, што з’яўляемся пераемнікамі і паслядоўнікамі вялікага Кірылы Тураўскага. Урачыстасці, якія праводзяцца ў перыяд святкавання ў нашай краіне, аб’ядноўваюць сотні тысяч жыхароў, шматлікіх гасцей з суседніх славянскіх краін, дэлегацый творчых саюзаў, прадстаўнікоў духавенства, моладзі.


Культура, пісьменства славянскіх народаў у самых разнастайных праяўленнях, як сведчаць вынікі правядзення святочных мерапрыемстваў, выяўляецца ў такія дні шмат-гранна: удзельнічаюць творчыя саюзы, прафесійныя і сама-дзейныя фальклорныя калектывы, шырока прадстаўляюцца самая розная навуковая і мастацкая літаратура, народныя рамёствы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інш.


У рамках святкавання дзён пісьменства ў нашым горадзе ў многіх калектывах праводзіліся разнастайныя культурна-масавыя мерапрыемствы пад дэвізам «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», на Гомель-шчыне эфектыўна функцыянуе культурна-асветніцкае «Таварыства Кірылы Тураўскага» пад кіраўніцтвам старшыні Гомельскага аблсавета дэпутатаў Валерыя Сяліцкага. Гэтае грамадскае аб’яднанне многае робіць па прапагандзе лепшых традыцый і дасягненняў усходнеславянскіх народаў, па ўмацаванні Саюза Расіі і Беларусі, далучаючы многіх з нас да малавядомых старонак самабытнай усходнеславянскай спадчыны.
Дзень славянскай пісьменнасці і культуры  заклікае нас сёння дэманстраваць прынцыпы высокага грамадзянскага гучання, маральных каштоўнасцей усходнеславянскай і беларускай культуры. Гэта свята выходзіць далёка за рамкі культуры роднасных славянскіх народаў, мае шырокі грамадскі рэзананс і выражае аграмадную стваральную патрэбу ў выяўленні любові і павагі да традыцый свайго рэгіёна, нашай суверэннай Беларусі, усходнеславянскай супольнасці.


Васіль ШУР, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства УА «Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт
імя І.П. Шамякіна».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *