У цэнтры ўвагi — чалавек!

На мінулым тыдні згодна з добрай  традыцыяй у рамках акцыі  “Падпіска-2009” у гарадскім Палацы культуры адбылося свята “Газета збірае сяброў!”


Я ніколькі не памылюся, назваўшы  дзень падпісчыка святам, таму што наваколле, як і самую залу, амаль на працягу цэлага дня ўзрушвалі цудоўная музыка, песні, танцы. Гасцей, як кажуць, патрэбна сустракаць хлебам ды соллю. Таму дзеля іх у файе ўстановы культуры працаваў буфет, дзе можна было пакаштаваць свежай выпечкі, выпіць соку, кубачак кавы альбо гарбаты. Паўсюдна панаваў святочны настрой. Усе, хто прыйшоў на свята, мелі магчымасць задаць свае пытанні галоўнаму рэдактару газеты, пагутарыць на розныя тэмы з журналістамі, падпісацца на газету “Жыццё Палесся” і прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі.


 


Ну, а калі крышачку падрабязней, то праграма свята была даволі цікавая і разнастайная. Яе мастацкая частка пачалася са звароту галоўнага рэдактара выдання, выдатніка друку Ларысы Чорнай да мазыран, шчырых слоў падзякі за падтрымку і сяброўскія адносіны. А яны працягваюцца ні многа ні мала – 88 год! Час ідзе. У газеты мазырскага краю мянялася назва, але ж задачы заставаліся заўсёды адны і тыя ж: быць галоўным вытокам інфармацыі для народа і дапамагаць яму ў вырашэнні розных паўсядзённых праблем і пытанняў. Свае думкі наконт значнасці газеты і яе ролі ў жыцці грамадства выказалі шаноўныя госці: галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Мазыр-скага райвыканкама Ала Рудзько, начальнік аддзела адукацыі і дэпутат райсавета Любоў Клепчукова, загадчык аддзела па справах моладзі Сяргей Каробкін, дырэктар Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа Марыя Патап,ева і іншыя. Тое, што ў “раёнкі” шмат сяброў, пацвердзілі ў сваіх прамовах яе пазаштатныя карэспандэнты, а таксама паэты Мазыршчыны. У ліку тых, хто прыйшоў павіншаваць газету, былі Ганна Караленка, Віктар Рабінін, Галіна Дашкевіч, Васіль Андрыеўскі, Аляксандр Каляда. Ну, а святочную атмасферу і добры настрой гасцям стваралі лепшыя мастацкія калектывы і вакалісты, здзіўлялі гледачоў сваёй пластыкай артысты ўзорнай студыі цыркавога мастацтва  “Арэна”, заварожвалі непаўторнай грацыяй салісты студыi спартыўна-бальнага танца “Экшн” і дзіцяча-юнацкага ансамбля  народнага і эстраднага танца і песні “Палеская зорачка”. Шмат прыемных хвілін падаравалі пуб-ліцы як выступленні маладых выканаўцаў вакальнай студыі універсітэта імя І. Шамякіна, так і ўжо добра вядомых – “Радуніца”, “Мазырскія гармонікі” і “Чыпаліна”. Паказальнае вы-ступленне па рукапашнаму бою вайскоўцаў в/ч 5525 падкрэс-ліла, што нашая моладзь не толькі таленавітая, але і мужная, моцная, калі спатрэбіцца, здольная выступіць на абарону рубяжоў нашай краіны…


  


Але ж самае галоўнае, чаго нельга не адзначыць, што ў цэнтры ўвагі былі прызнанне і павага да мясцовай газеты, да руплівай працы яе калектыву, які робіць усё дзеля таго, каб чатыры разы на ты-дзень яна радавала чарговым нумарам чытачоў — сваіх сяброў, што падкрэсліў у сваім віншавальным вершы і паэт Васіль Андрыеўскі:
Перада мной твой свежы нумар:
У цэнтры ўвагі  — чалавек
І з радасцю сваёй, і сумам…
А гэта значыць – край жыве!


Калектыў рэдакцыі выказвае шчырую падзяку аддзелу культуры Мазырскага райвыканкама, а таксама  ўсім удзельнікам мастацкай праграмы і асабіста  кіраўнікам мастацкіх, творчых і спартыўных калектываў; камандзiру в/ч 5525; начальніку і паштальёнам раённага вузла паштовай сувязі; загадчыцы і прадаўцам магазіна № 4 ААТ “Лілея” за дапамогу ў правядзенні дня падпісчыка.


Наталля КАНОПЛІЧ
Фота Аляксандра САЛАДКОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *