1917 год на мазыршчыне

Калі пытанні, якія хвалююць грамадства, уладамі своечасова не вырашаюцца, рэвалюцыі робяцца непазбежнымі.


 Аб гэтым сведчыць гісторыя Расійскай дзяржавы пачатку ХХ ст., дзе паступова нарасталі супярэчнасці, што прывяло краіну да трох сацыяльных выбухаў – трох рэвалюцый: 1905–1907 гг., Лютаўскай 1917 г. і Кастрычніцкай 1917 г.


Адным з правінцыяльных гарадоў Расійскай імперыі быў Мазыр – цэнтр павета ў Мінскай губерні, у якім на пачатку ХХ ст. жылi 12 тысяч чалавек. Газета “Правда” ў ліпені 1912 г. паведамляла: “Рабочая жизнь этого города ужасная. Портные, сапожники и другие ремесленники работают днем и вечером. Особого внимания заслуживает находящаяся там известная спичечная фабрика “Молния”. Работают 12 часов в день…”


Становішча насельніцтва ўсёй Расійскай імперыі, у тым ліку і жыхароў Мазыра, пагоршылася ў сувязі з Першай сусветнай вайной (1914–1918). Сотні тысяч чалавек у Беларусі былі мабілізаваны ў армію. Прамысловыя прадпрыемствы спынялі сваю дзейнасць, тыя, што засталіся, працавалі з перабоямі і выконвалі у асноўным ваенныя заказы. Значна скарацілася вытворчасць тавараў народнага спажывання.


Вялікім цяжарам для сельскага насель-ніцтва прыфрантавых губерняў з’яўляліся ваенна-абарончыя работы: будаўніцтва мастоў, дарог, капанне акопаў і г.д. Вялікую шкоду наносілі рэквізіцыі жывёлы, хлеба і фуражу, якія сістэматычна праводзілі як ваенныя, так і цывільныя ўлады. Усё гэта вяло да заняпаду сельскай гаспадаркі.


Пагаршэнне ўмоў жыцця абвастрыла супярэчнасці паміж рознымі слаямі грамадства, што ўлічвалі ў сваёй дзейнасці палітычныя партыі. 27 лютага 1917 г. у Петраградзе адбылася другая па ліку рэвалюцыя ў Расіі, якая ліквідавала самаўладдзе. Калі аб перамозе рэвалюцыі стала вядома ў Мазыры, на двары мужчынскай гімназіі адбыўся агульнагарадскі мітынг. 5 сакавіка, у нядзелю, была праведзена дэманстрацыя. Шырокія слаі насельніцтва падтрымлівалі Лютаўскую рэвалюцыю, і таму многія ўдзельнікі дэманстрацыі мелі на грудзях чырвоныя стужкі. Такім чынам, палітычнае жыццё горада ажывілася. Прадстаўнікі розных палітычных партый: бундаўцы і эсэры, польскі выбарны камітэт і аб’яднаная яўрэйская сацыя-лістычная партыя, РСДРП і партыя народнай вольнасці пачалі весці барацьбу за мазыран.


Восенню 1917 г. агульнанацыянальны крызіс у краіне паглыбіўся. Часовы ўрад за перыяд свайго кіравання краінай так і не здолеў вырашыць ніводнага пытання з тых, якія хвалявалі грамадства. У такіх умовах 25 кастрычніка 1917 г. адбылася трэцяя па ліку рэвалюцыя ў Расіі. Часовы ўрад быў звергнуты. ІІ Усерасійскі з’езд Саветаў абвясціў аб пераходзе ўлады да Саветаў.


У Мазыры Савецкая ўлада ўстанаўлівалася з пэўнымі цяжкасцямі. У значнай ступені гэта было звязана з тым, што ў Саветах, як і раней, бальшавікі былі ў меншасці. Старшыня Савета эсэр Малыкін заявіў, што “нашы таварышы бальшавікі памыляюцца, бяручы ўладу ў свае рукі. Гэта прывядзе да анархіі…” Невялікая колькасць рабочых і шматнацыянальны склад насельніцтва горада, вялікая колькасць дробнабуржуазных нацыянальных партый і арганізацый ускладняла барацьбу за ўсталяванне Савецкай улады. Мазырскі Савет пачаў сабатаваць мерапрыемствы Савецкай улады. І тады пад кіраўніцтвам бальшавікоў рабочыя фабрык “Прыма”, “Маланка” і іншых прадпрыемстваў, матросы прыпяцкага атрада суднаў стварылі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які ўзначаліў радавы 510-га Васільсурскага палка М.Паўлаў.
На выбарах ва Устаноўчы сход у лістападзе-снежні 1917 г. на Мазыршчыне прапаноўвалі сваіх кандыдатаў 11 партый і арганізацый. У Мазырскім павеце і гар-нізоне поўную перамогу атрымалі бальшавікі, у Мазыры большасць галасоў атрымалі 4 яўрэйскія арганізацыі, многа галасоў было атрымана і польскім нацыянальным спісам, каля 3 тыс. галасоў атрымала БСГ, невялікая колькасць выбаршчыкаў падтрымала буржуазныя партыі і прадстаўнікоў эсэраў.
Нягледзячы на цяжкасці да канца снежня 1917 г., паводле архіўных дакументаў, Савецкая ўлада ўжо ўсталявалася на тэрыторыі Мазырскага павета. Напрыканцы 1917 г. адным з палітычных цэнтраў у горадзе стаў партклуб, які знаходзіўся ў будынку былога дваранскага сходу. Пры ўваходзе з абодвух бакоў ад ганка былi ўмацаваны чырвоныя сцягі, а пасярэдзіне плакат, на якім намаляваны зямны шар, аблытаны ланцугамі, і рабочы з молатам, які разбівае гэтыя ланцугі на кавалкі. Гэты малюнак у пэўнай ступені адлюстроўваў настрой тых слаёў грамадства, якія лічылі Кастрычніцкую рэвалюцыю сваёй. Яны спадзяваліся, што ў хуткім часе будуць вырашаны ўсе праблемы, якія іх хвалявалі. Але яшчэ на працягу некалькіх гадоў рэвалюцыйным сілам было наканавана весці барацьбу за ўладу.


Таццяна НІКІЦІНА,
старшы выкладчык кафедры гiсторыi i МВГ МДПУ iмя I.Шамякiна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *