На лепшых народных традыцыях

У рамках правядзення абласнога выязнога семінара начальнікі аддзелаў ЗАГС Гомельскай вобласці  наведалі вёску Прудок Мазырскага раёна.


Народная мудрасць, народныя традыцыі, нацыянальная вопратка, адгалоскі мінуўшчыны – усё гэта госці змаглі ўбачыць і перажыць у Прудкоўскім сельскім Доме культуры. Перад імі выступіў народны калектыў “Валошкі”, які з вялікім натхненнем і майстэрствам праінсцэніраваў вясельны абрад. Немагчыма было ўтрымацца ад гучання гармонікаў: ногі самі ішлі ў пляс. Цікавым і дакладным быў аповед Тамары Іванаўны Бачаровай пра нацыянальную вопратку, яе ролю ў жыцці жанчыны-працаўніцы. Проста дзіву даешся, якія цудоўныя рознакаляровыя нацыянальныя касцюмы былі паказаны ўдзельнікам семінара, колькі жыцця і душы ўкладзена ў іх стварэнне! Залатых рук майстрам у гэтай справе з’яўляецца і сама дырэктар Прудкоўскага СДК Наталля Васільеўна Прус, многія вырабы створаны яе рукамі. Усе прысутныя былі аднадушны ў тым, што трэба шанаваць і берагчы, ахоўваць і ўзбагачаць лепшыя народныя традыцыі.


Удзельнікі семінара наведалі і Прудкоўскі сельскі Савет дэпутатаў, дзе пазнаёміліся з вопытам работы сельвыканкама па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У гасцей засталіся самыя лепшыя ўражанні ад наведвання вёскі Прудок.


Валянціна КУЛАГА, сакратар Прудкоўскага сельвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *