З высокай якасцю

У СШ №14 ужо стала добрай традыцыяй праводзіць урачыстыя мерапрыемствы з ушанаваннем вучняў — дыпламантаў прадметных алімпіяд і творчых конкурсаў. Не стаў выключэннем і сёлетні навучальны год.



У святочна ўпрыгожанай актавай зале сабраліся адміністрацыя школы, настаўнікі, вучні і іх бацькі. А нагода проста цудоўная! 18 дыпломаў атрымалі вучні школы на раённай прадметнай алімпіядзе, 10 з іх — I ступені. Па словах намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце А.Я.Кондзік і Л.У.Лісюк, вось з такімі высокімі паказчыкамі мы пачалі 2010 год — Год якасці.


У зале прысутнічалі не толькі тыя, каму пашчасціла заняць прызавыя месцы, але і ўдзельнікі, чые вынікі больш сціплыя. Спачатку менавіта ім уручыла намеснік дырэктара І.А.Касьян школьныя граматы. Для іх гучалі словы: «У вас яшчэ ўсё абавязкова атрымаецца. Мы верым у гэта!»


Пасля на сцэну запрасілі нашых бацькоў. Па іх шчаслівых усмешках і радасных іскрынках у вачах было зразумела: яны ганарацца намі, ім сёння вельмі прыемна.
Затым вучням былі ўрачыста ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі, нашы настаўнікі атрымалі кветкі. Асаблівыя словы ўдзячнасці — удзельнікам абласной алімпіяды. 7 дыпломаў прывезлі вучні нашай школы з Гомеля. 3 такім высокім вынікам іх павіншавалі спецыялісты аддзела адукацыі А.Л.Емяльянаў і А.М. Лёгенькая. Мы ганарымся, што вучань 9 «Д» класа Уладзімір Грыневіч будзе прадстаўляць Гомельскую вобласць на рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі.
Шмат хвалюючых слоў гучала ў адрас творча адораных вучняў — пераможцаў і прызёраў творчых конкурсаў, на працягу ўсяго вечара яны ў чарговы раз дэманстравалі нам сваё майстэрства, цяпер ужо ў якасці падарункаў для ўсіх удзельнікаў свята. Наш асаблівы гонар — харэаграфічны ансамбль «Беларускі карунак» пад кіраўніцтвам К.М.Гаўрыленкі і І.В.Сіроцінай. У мінулым годзе яны былі лепшымі ў рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва. Менавіта развіццё творчых здольнасцей вучняў лічыць адной з прыярытэтных задач школы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце І.Р.Тыльковіч, якая сама з’яўляецца незвычайна таленавітым чалавекам.


Ад імя ўсіх вучняў і іх бацькоў хочацца шчыра падзякаваць нашым настаўнікам (прабачце, часам вам з намі няпроста) і дырэктару школы Алене Уладзіміраўне Прыбышчук за шчырую любоў, якую вы дорыце нам. У холе нашай школы можна прачытаць словы: «Ад поспеху ў школе — да поспеху ў жыцці!” Хочацца верыць, што новыя зоркі, якія загарэліся ў гэты вечар на школьным Алімпе, — далёка не апошні поспех у жыцці іх уладальнікаў.


Кацярына Бобр, вучаніца 9 «Г» класа СШ №14, дыпламант раённай алімпіяды па беларускай мове.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *