Нацыянальнае беларускае свята

5 верасня 2010 года ў палескім горадзе Хойнікі наша краіна ўрачыста будзе адзначаць Дзень беларускага пісьменства. Як дзяржаўнае свята ён адзначаецца ўжо сямнаццаты год запар, з 1994 г., у першую нядзелю верасня, праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі, нацыянальнай культуры, далучэння беларусаў  да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята звычайна становіцца пэўны знакавы ў гэтых адносінах горад (Тураў, Полацк, Навагрудак, Камянец, Смаргонь і г. д.)
Час правядзення свята вы-браны не выпадкова. Пісьменства ў свядомасці чалавека заўсёды асацыіруецца са школай, таму Дзень беларускага пісьменства і святкуецца напачатку новага навучальнага года. Яго мэта – далучэнне маладога пакалення да культурнай спадчыны беларускага народа.


Мерапрыемствы з нагоды Дня ведаў арганічна ўпісваюцца ў агульны настрой і кантэкст Тыдня беларускага пісьменства і культуры. Яны становяцца імпульсам для ўсёй выхаваўчай работы, накіраванай на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных і ідэйна-маральных якасцей асобы, заснаваных на дзяржаўных і агульначалавечых каштоўнасцях, паважлівым і беражлівым стаўленні да беларускай і сусветнай культуры, гістарычных традыцый беларускага народа, яго подзвігаў у Вялікай Айчыннай вайне.


Пісьменства знаходзіцца ў аснове прагрэсу любой дзяржавы, асабліва на самых ранніх этапах яе развіцця. Іменна праз авалоданне чытаннем і пісьмом чалавек становіцца адукаваным і духоўна багатым. Беларусь – краіна вялікіх асветніцка-педагагічных традыцый. Пра гэта сведчаць шматлікія факты з гісторыі пісьменства, бо цікавасць да навучання і выхавання была засведчана на Беларусі яшчэ ў глыбокай старажытнасці — з часоў Кірылы Тураўскага і Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага, Васіля Цяпінскага і Міколы Гусоўскага, іншых прадстаўнікоў беларускай культуры, знайшла сваё адлюстраванне ў скарбах мудрай народнай педагогікі, якія сканцэнтраваны ў фальклоры, нацыянальных казках і легендах, прыказках і песнях.


Ужо стала традыцыяй, што ў дні і юбілеі беларускага пісьменства ва ўстановах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы, урокі, лекцыі, семінары і інш., прысвечаныя гісторыі беларускага пісьменства, арганізоўваюцца сустрэчы дзяцей і моладзі з народнымі майстрамі, захавальнікамі фальклору, навукоўцамі, пісьменнікамі, дзеячамі мастацтва і іншымі прадстаўнікамі беларускай культуры, навукова-практычныя канферэнцыі, выставы гістарычных матэрыялаў, беларускай літаратуры, твораў беларускага мастацтва, “Скарынаўскія чытанні”, гутаркі-віктарыны “Мой край, мае карані”, конкурсы чытачоў і інш.
У гэтым годзе свята прымае Хойніччына – цудоўны куток беларускай зямлі, які даў свету слынных дзеячоў літаратуры, навукі, культуры, палітыкаў і пісьменнікаў, асветнікаў. З канца ХVII стагоддзя Хойнікі – цэнтр воласці.


Забудова горада злілася з бліжэйшымі пасёлкамі і вёскамі. У ім склаліся тры планіровачныя раёны: Старыя Хойнікі, Новыя Хойнікі і паўночна-заходні раён. У гора-дзе ёсць ПТВ, 4 сярэднія школы, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву і музычная школа, цэнтр творчасці дзяцей і юнацтва, два  Дамы культуры, Дом рамёстваў, чатыры бібліятэкі, краязнаўчы музей.


Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Гомельскага Палесся. Сярод карысных выкапняў ёсць торф, будаўнічы пясок, нафта, радовішчы якой пачалі распрацоўваць у 2004 годзе.


Як вядома, Хойніцкі раён — адзін з найбольш пацярпелых у выніку Чарнобыльскай трагедыі. Тут перасталі існаваць 49 з 99 населеных пунктаў, колькасць жыхароў скарацілася амаль удвая…


Сярод знакамітых людзей Хойніччыны – народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ, аўтар знакамітай “Палескай хронікі” і іншых раманаў, Герой Сацыялістычнай Працы Алена Вяргейчык, паэт Мікола Мятліцкі, празаік Барыс Сачанка, мастак Уладзімір Гардзеенка, паэтэса Ала Канапелька, драматург і грамадскі дзеяч Вячаслаў Палескі-Станкевіч. У Бабчыне нарадзіўся сусветна вядомы этнограф і фалькларыст Чэслаў Пяткевіч – аўтар энцыклапедычных прац, прысвечаных апісанню матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва Усходняга Палесся.


Сетка культурна-асветніцкіх устаноў раёна складаецца з 26 бібліятэк, раённага Дома культуры, гарадскога цэнтра культуры і спорту, раённага Дома рамёстваў, 22 сельскіх Дамоў культуры і клубаў, дзіцячай музычнай школы, трох музеяў (раённы краязнаўчы музей, музей І. Мележа ў в.  Глінішчы і музей Барыса Сачанкі ў в. Вялікі Бор). Створана два філіялы музычнай школы ў вёсках Судкова і Стралічава. Пры раённым Доме культуры дзейнічаюць народны тэатр, народны ансамбль “Спадчына”, пры музычнай школе – дзіцячы ўзорны ансамбль “Верасок”, ансамбль народнай музыкі “Крыніца”.


Дзень беларускага пісьменства, у першую чаргу, – гэта сустрэчы і знаёмствы з нашымі літаратарамі, выдавецтвамі і выданнямі, а для гасцей свята – з мясцовым побытам, культурай адметнага краю.


Дні беларускага пісьменства і культуры – значная падзея ў культурным жыцці нашай краіны, якая павінна адыграць ролю моцнага выхаваўчага фактару для падрастаючага пакалення, стаць вялікім святам для навучэнцаў, студэнтаў, іх педагогаў і бацькоў.


Міністэрства адукацыі рэкамендуе органам кіравання і ўстановам адукацыі прыняць самы актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. Яго святкаванне, а таксама правядзенне Дня ведаў і ўрокаў “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” стане пачаткам у новым навучальным годзе шырокай шматпланавай выхаваўчай работы з мэтай далейшага фарміравання грамадзянскіх якасцей асобы, нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і моладзі, пачуццяў гордасці за сваю Бацькаўшчыну і яе дасягненні, павагі да вядомых усяму свету дзеячаў беларускіх пісьменства і культуры.


Васіль ШУР, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства УА “МДПУ імя І. Шамякіна”.



 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *