«Сёння ў нашай газеты свята…»

Наталля КАНОПЛIЧ



А калi чытачы Дзень падпiсчыка называюць святам, то так яно і ёсць: калектыў рэдакцыi заўсёды рыхтуецца да яго, як руплiвая гаспадыня да сардэчнага прыёму гасцей. Усё было і на гэты раз адпаведна: добры настрой, свежая выпечка ў буфеце, мiлагучная музыка i задушэўная песня склалi сапраўды святочны антураж. Толькі на гэты раз чытачы атрымалi яшчэ і прыемнае ўражанне ад персанальнай выставы, падрыхтаванай фотакарэспандэнтам газеты Аляксандрам Саладковым. Мелi магчымасць яны сустрэцца і з галоўным рэдактарам выдання, i з журналiстамi. Акрамя ўсяго пералічанага, кожны, хто падпiсаўся ў гэты дзень на газету, прыняў удзел у безпройгрышнай латарэi.


А зараз аб усім падрабязней.


Улiчваючы, што серада – працоўны дзень, як заўсёды, большая доля святочнага “пiрага” прыйшлася на тых, хто атрымаў права на заслужаны адпачынак альбо працуе па гiбкаму графiку. Але ж, калi ўдумацца ў закладзеныя беларускiм народам традыцыi, у сям’i не толькi святочны, але i абед кожнага дня заўсёды распачыналi старэйшыя. Таму я нiколькi не памылюся, калi скажу, што газета таксама правiльна i шчыра аддае дань павагi, у першую чаргу, гэтай прыарытэтнай катэгорыi сваiх падпiсчыкаў. Сярод iх — шаноўныя ветэраны працы i вайны. А гэта значыць, што яны не толькi прысвяцiлi свае лепшыя гады на карысць дзяржаве i грамадству, але i дапамагалi газеце ў розныя часы пiсаць яе летапiс, у якім вось-вось завяршыцца ні многа-ні мала дзевяностагадовая старонка! Перад iх вачамi праходзiла станаўленне выдання, яго развiццё. Шматлiкiя цяперашнiя госцi неаднаразова былi героямi карэспандэнцкiх замалёвак, рэпартажаў i да скону дзён сваiх, магчыма, будуць хаваць у патаемных шкатулках, як i ў душы, тыя гiстарычныя старонкi газет, пажаўцелыя з цягам часу, пра сябе. Таму iх прысутнасць на свяце – прызнанне ў адказ, як гэта падкрэслiлi i ветэраны працы Фёдар Iванавiч Фешчанка (АП-2), Жанна Антонаўна Гаруля (гарбальнiца) і іншыя.


Прыемна адзначыць, што ў лiку жадаючых падпiсацца на газету было нямала людзей сярэдняга i маладога ўзросту. Дарэчы, трэнер па каратэ клуба «Сэйдакай» Наталля Гардынская падкрэслiла неабходнасць i значнасць выдання, на старонках якога пастаянна расказваецца аб вялiкiх i малых перамогах прызнаных і будучых спартсменаў. Такую ж думку выказалi i кiраўнiкi студыi цыркавога мастацтва «Арэна» Барыс i Марыя Кузняцовы.


А потым госцi спяшалiся заняць лепшыя месцы ў зале, таму што менавiта для iх, шаноўных, жаданых i дарагiх, была падрыхтавана цудоўная канцэртная праграма, уступ да якой зрабiла галоўны рэдактар газеты, выдатнiк друку і, дарэчы, дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу Ларыса Пятроўна Чорная. Cловы ўдзячнасцi, павагi да выдання i чытачоў прагучалi са сцэны і ад пачэсных гасцей, паэтаў Мазыршчыны, пазаштатных аўтараў, у лiку якiх былi Марыя Патап’ева, Галiна Дашкевiч, Анатоль Волкаў, Мiкалай Сакаленка, а таксама ад вядучай канцэртнай праграмы Валянцiны Герасімавай i, канечне ж, ад артыстаў вядомых не толькi на Мазыршчыне калектываў.



У святочным канцэрце, якi доўжыўся на працягу больш трох з паловай гадзiн, прынялi ўдзел студыi цыркавога мастацтва «Арэна» i класiчнага ўсходняга танца «Ясур», дзiцячая школа сучаснага танца «Алексiс» i ансамбль народнай музыкi «Радунiца», узорна-вакальны ансамбль «Чыпалiна», ансамблi фальклорнай песнi «Весялушкi», эстраднай песнi i танца «Палеская зорачка» i народнай песнi «Папараць-кветка», салiсты i мастацкiя калектывы Палаца культуры «Будаўнiк» i музычнага каледжа, спартсмены клуба каратэ «Сэйдакай».



Для таго, каб такое свята-шоу атрымалася, безумоўна, было задзейнiчана шмат людзей, i таму калектыў рэдакцыi на чале з яе кiраўнiком выказвае cардэчную падзяку калектыву i асабiста начальніку аддзела культуры Мазырскага райвыканкама І.Я. Міронычавай, дырэктару гарадскога Палаца культуры С.М.Жукевiч, начальнiку аддзела гандлю Мазырскага райвыканкама I.Б.Глушко, дырэктару прадпрыемства «Школьнае харчаванне» В.П.Шорап, начальнiку Мазырскага РУПС Г.А.Рубан i паштальёнам, якія забяспечвалі падпiску, артыстам i кiраўнiкам усiх мастацкiх калектываў, але ж больш за ўсё вам, паважаныя чытачы i падпiсчыкi, хто прыйшоў на свята, каб у чарговы раз пацвердзiць свае сяброўскiя адносiны да газеты. Каб у чарговы раз падкрэслiць яе ролю i неабходнасць у жыццi грамадства, жыццi любімага горада, роднага краю, кожнага з нас. Цвiцi, наша старонка, цвiцi, наш любы край. Ляцi ў неба песня, ляцi i не змаўкай!..


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *