Агонь духоунасцi

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна ў нашай краіне адзначаецца з 1994 года. Гэта нацыянальнае свята, якое акцэнтуе ўвагу на неабходнасці захавання
і развіцця багатай культурнай спадчыны і духоўных здабыткаў нашага народа.


Традыцыйна яно будзе ў гэтым годзе  адзначацца 18-ты раз. Сталіцамі рэспубліканскага свята з 1994 года былі слаўныя старажытныя беларускія гарады з багатымі пісьмовымі і культурнымі традыцыямі – Полацк (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, у гэтым годзе – Ганцавічы. Тройчы свята прымала  Гомельшчына: двойчы – Тураў (1995, 2004 гг.), а ў 2010 г. – Хойнікі. У аснову канцэпцыі Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя  прапаганды здабыткаў беларускай пісьменнай культуры, пераемнасці славутых духоўных традыцый, роднага слова. Цэнтральнай ідэйнай дамінантай свята ў Ганцавічах павінен стаць паказ высокай духоўнасці беларускага пісьменства, яго гісторыі, традыцый і сучаснасці.


Вытокі гэтага свята з братняй Балгарыі, дзе ў свой час славутыя асветнікі Кірыла і Мяфодзій стварылі асновы славянскай азбукі. Потым да імёнаў гэтых асветнікаў далучыліся імёны Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага, Сымона Буднага і іншых славутых нашых суайчыннікаў. З эпохі існавання Тураўскага княства захавалася велізарная колькасць пісьмовых помнікаў на беларускай мове, якія бяруць пачатак ад асветнікаў Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага. А нашы таленавітыя Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Іван Мележ і цэлая плеяда іншых майстроў слова ўзнялі беларускую пісьмовую традыцыю на новы ўзровень, калі яна, нібыта дыямант, зайграла ўсімі адценнямі і гранямі.


Першыя рукапісныя кнігі на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў канцы ХІ стагоддзя. Гэта «Архангельскае Евангелле» 1092 г., «Супральскі рукапіс», што напісаны на пергаменце, «Тураўскае Евангелле», ад якога захавалася толькі 10 аркушаў. 6 жніўня 1515 года ў Празе выйшла першая ва ўсходніх славян друкаваная кніга «Псалтыр», выдадзеная Ф. Скарынам. Гэта адна з найбольш распаўсюджаных у хрысціянскай пісьменнасці кніг Старога Запавету, збор гімнаў рэлігійнага зместу. Скарына быў з тых першых, хто, гаворачы сучаснымі словамі, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка чалавецтва ў яго неабсяжную будучыню. І таму мы павін-ны ганарыцца тым, што Скарына – беларус. Хаця мудрасць не ведае розніцы нацыі, мовы, веры. Спрадвеку на нашай зямлі шанавалі і паважалі кнігу, жывое і шчырае слова.


Сёння, на пачатку трэцяга тысячагоддзя, мы з гонарам захоўваем агонь духоўнасці, завешчаны продкамі.


Сучасная Беларусь паважае і прыгожа адзначае Дзень пісьменства. 18 гадоў свята крочыць праз усю краіну, асвятляючы наша жыццё непагасным агнём ведаў і мастацкага слова. Сёння мы аддаём даніну павагі выдатным асветнікам, намаганнямі якіх стваралася нацыянальная духоўная спадчына. Моцнае і чара-дзейнае друкаванае слова заўсёды было адной з галоўных каштоўнасцей народа, часткай яго самасвядомасці, сімвалам незалежнай нацыі.
Сёння ў Беларусі зарэгістравана амаль 1250 перыядычных выданняў, у тым ліку 770 газет, 441 часопіс, яны выдаюцца на беларускай, рускай, нямецкай, польскай, англійскай мовах. Зарэгістраваны таксама 8 інфармацыйных агенцтваў. У рэспубліцы распаўсюджваецца больш за 6 тысяч замежных сродкаў масавай інфармацыі.


Ужо стала традыцыяй, што ў дні і юбілеі пісьменства ва ўстановах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы, урокі, лекцыі, семінары і інш., прысвечаныя гісторыі пісьменства, арганізоўваюцца сустрэчы дзяцей і моладзі з народнымі майстрамі, захавальнікамі фальклору, навукоўцамі, пісьменнікамі, дзеячамі мастацтва і іншымі прадстаўнікамі культуры, навукова-практычныя канферэнцыі, выставы гістарычных матэрыялаў, беларускай літаратуры, твораў мастацтва, «Скарынаўскія чытанні», гутаркі-віктарыны «Мой край – мае карані», конкурсы чытачоў і інш.


Дні беларускага пісьменства і культуры заклікаюць дэманстраваць прынцыпы высокага грамадзянскага гучання, маральных каштоўнасцей усходнеславянскай і беларускай культуры. Такія святы выхо-дзяць далёка за рамкі культуры роднасных славянскіх народаў, маюць шырокі грамадскі рэзананс і выражаюць аграмадную стваральную патрэбу ў выяўленні любові і павагі да традыцый свайго рэгіёна, нашай суверэннай Беларусі, усходнеславянскай супольнасці.


Васiль Шур, доктар  філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства  педуніверсітэта імя І.П.Шамякіна.


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *