Повязь стагоддзяў

Наталля КАНОПЛІЧ


У мінулыя выхадныя Мазыр адзначыў 856-ю гадавіну з дня свайго нараджэння.



Свята пачалося з урачыстага адкрыцця, на якім, акрамя кіраўніцтва раёна, прысутнічала шмат шаноўных гасцей з абласных цэнтраў Беларусі, а таксама з гарадоў-пабрацімаў бліжняга замежжа. Працягваючы традыцыю, старшыня Мазырскага райвыканкама Яўген Адаменка і старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Леанід Пісанік уручылі ўзнагароды лепшым працаўнікам аграпрамысловага комплексу і павіншавалі дзесяць маладых пар з нараджэннем новай сям’і. Шчырыя словы падзякі за працу і віншаванне са святам выказала мазыранам старшыня Гомельскага абласного Савета дэпутатаў Марына Бондар.
Мазыране ж у гэты дзень адчувалі сябе сапраўднымі гаспадарамі свята, і таму на вуліцах, плошчах, у парку адпачынку і на беразе прыгажуні-Прыпяці было шматлюдна. Было відавочна, што многія прыйшлі сюды цэлымі сем’ямі. Добры настрой, песні і музыка, дзе сур’ёзныя мелодыі змянялі вясёлыя народныя, здавалася, запаўнялі не толькі ўсё наваколле, нават уздымаліся чароўным легкім веерам да аблокаў.



Мазыранам надоўга запомняцца выступленні дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл, Іскуі Абалян, а таксама выступленні творчых калектываў Мазырскага раёна.



А чаму б ім і не павесяліцца? Была нагода і ёсць поўнае права: калектывы аграпрамысловага комплексу працуюць стабільна і развіваюцца дынамічна; вучэбныя заняткі пачаліся ў добраўпарадкаваных установах адукацыі; у гаспадарках Мазыршчыны сабраны добры ураджай, а гэта значыць, што зроблены ёмісты ўклад у агульны каравай Гомельшчыны… І вельмі добра, што сваё свята Мазыр адзначае менавіта ў верасні, калі навокал шмат кветак, а сонейка гаспадарскую гасцінасць дапаўняе ласкай і пяшчотай. Спадзяюся, ніхто не пашкадаваў, што вырашыў правесці дзень разам са сваім горадам. Было ж не толькі што паслухаць, але і на што паглядзець, і чаму здзівіцца…


Яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця дзейства ад галоўнай плошчы горада і амаль да плошчы Горкага свае рознакаляровыя палаткі-шынкі наладзілі гандлёвыя прадпрыемствы, ад якіх веяла дымком смажаніны, аладак, а руплівыя гаспадынькі ветліва запрашалі да стала са словамі: «Калі ласка, шашлычок, каўбаска…» Здавалася, што ўсё паветра было настоена жыццясцвярджальным водарам восеньскіх кветак, сакавітай садавіны і спелай агародніны, шчодра разбаўленае вясёлым гоманам і добрым настроем.


На Замкавай гары майстры прапанавалі свае вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У парку ж адпачынку, у сваю чаргу, працавалі атракцыёны, а чароўная музыка зазывалі гасцей да сябе, нібы сцвярджаючы: «Вось яно, жыццё горада, бурлівае, бурштыннае, вечнае!..» Дарэчы, у парку была падрыхтавана для гасцей новая культурная праграма, галоўнай мэтай якой было падкрэсліць цесную повязь вякоў жыцця краю. І трэба адзначыць, што ідэя зазірнуць на старонкі гісторыі, якую паспрабавалі ажыццявіць калектывы ўсіх мясцовых Саветаў Мазырскага раёна, удалася на «выдатна». Кожнаму сельскаму Савету на чале са старшынёю трэба было падрыхтаваць падворак з жыцця нашых продкаў, каб паказаць сённяшняму пакаленню, як жылі і чым займаліся палешукі  500 гадоў назад. Нашы продкі вялі гаспадарку, лавілі рыбу, займаліся бортніцтвам, паляваннем, будавалі жыллё і ўпрыгожвалі свой быт керамікай, ткацтвам, вышыўкай, пяклі хлеб і варылі медавуху, аздабляючы ўсё сэрцам, душою і народнай песняй. Гэта ўсё па-майстэрску змаглі паказаць гасцям самадзейныя калектывы. Напрыклад, козенскі падворак (гаспадар – В.М.Лягун), мэтай якога было паказаць жывёлагадоўлю, быў як у сапраўднага гаспадара таго часу –з кароўкай, козачкай, парсючкамі, качкамі, хлебасольнымі гаспадарамі і песнямі ў суправаджэнні калектываў «Рэчанька», «Рабінушка» і народнага ансамбля «Радуніца». Адметнаць прудкоўскага падворка заключалася ў майстэрстве ткачых і вышывальшчыц, гісторыі беларускага нацыянальнага ўбрання, якое цудоўна прадэманстравалі гаспадыні Алена Ціток і Наталля Прус. На крынічанскім падворку можна было азнаёмiцца, чым займалicя нашы продкi-паляўнічыя. Тут было ўсё, з чым яны хадзілі на дзікага кабана альбо касулю, можна было падзівіцца майстэрству вырабленых скур, а таксама зазірнуць у таямніцы гэтай справы. Аказваецца, якіх толькі птушак не разводзілі нашы продкі! Каб гэта пацвердзіць, на Міхалкаўскім падворку добра прыжыліся не толькі куры, гусі, качкі, але нават і страусы. Калі птушка, жывёла ды агарод – справа звычайная, то бортніцтвам на Палессі мог займацца не кожны. Для гэтага, як казалі нашы продкі, асаблівы імпэт быў патрэбен.


Вось гэты самы імпэт з пакалення ў пакаленне і дайшоў да нашых дзён разам са старэйшым пчаляром з Махнавіч Сцяпанам Уладзіміравічам Дзенісенкам. На махнавіцкім падворку разам з гаспадаром В.М.Каноплічам збераглі і паказалі сучаснікам усе «прыбамбасы» бортніцкай справы.
А хто быў на свяце горада, таму пашчасціла не толькі паспрабаваць мёд дзікіх пчол, але нават паглядзець, як гоняць мёд з сотаў. Шмат цікавага было ў гэты дзень на «сялянскай вуліцы». Кожны падворак выдзяляўся сваёй адметнасцю і асаблівасцю, якую прадэманстравалі іх гаспадары. Але ж барбароўцы не прамінулі расказаць сучаснікам пра пана Горвата і яго трох братоў, якія некалі жылі на Мазыршчыне. Браты займаліся гандлем, садаводствам, мёдам, вінаробствам. Хаця ад панскага маёнтка засталіся толькі ўязная брама, прысады ды мосцік, але ж памяць і гісторыя захавалі ўсё, як было тады, амаль 600 год назад. Уяўляеце, што пасярод звычайнай вясковай вуліцы, якая «вырасла» у Дзень горада у паркавай зоне, з’явіліся і шыкоўныя калоны з брамай, вазоны, мастацкая галерэя ды каваныя вароты. А дачка пана Горвата Барбара нават залатыя дукаты дзецям раздавала… Пасярод святліцы быў накрыты стол з медавухай, рознымі прысмакамі, амаль панскімі. Не дзіва! У спадара ж Горвата (С.Ф.Бандарэнка) і кухаркі, і эканомкі, і служанкі…
Такім чынам, як бачыце, у 856 дзень нараджэння мінулае Мазыршчыны цудоўна пераплялося з сучаснасцю. Дзякуючы нейкай машыне часу кожны з нас на некалькі імгненняў апынуўся ў старым Мазыры з драўлянымі вузкімі вуліцамі, конным транспартам, вулічным гандлем і разам з гэтым адчуў моцную повязь стагоддзяў і сваю асабістую грамадзянскую прыналежнасць да радзімай зямлі, любіць якую нам наканавана продкамі.
Са святам, горад!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *