пяць падзей тыдня

вачыма Любовi Арсеньеўны Патапенка, кiраўнiка тэатральнай студыi «Глобус» (СШ №13)


«Захопiм Уолл-стрыт!»
Ужо месяц у ЗША працягваецца акцыя «Захопiм Уолл-стрыт!». Прыйшлi людзi на цэнтральныя плошчы Нью-Йорка, Вашынгтона, паставiлi там палаткi i патрабуюць, каб бедным аддалi банкi. Хацела разабрацца, як яны гэта абгрунтоўваюць, глядзела навiны па ўсiх тэлеканалах. На адным расiйскiм канале iшло iнтэрактыўнае галасаванне. Пытанне гучала так: «Цi разумееце вы, чаго хочуць удзельнiкi акцыi?» Вынiк — большасць не разумее. Я таксама не разумею. Вось у Грэцыi прайшлi пратэсты супраць прыняцця ўрадам мер жорсткай эканомii, гэта зразумела — не хочуць людзi атрымлiваць меньшыя зарплаты i плацiць большыя падаткі. Хаця я наогул супраць забастовак i рэвалюцый. Ну хiба ад гэтага людзям лепш будзе, калi яны разбураць сваю краiну? Заўважыла за сабою, што рэпартажы з Амерыкi гляджу з нейкiм здзеклiвым задавальненнем: «Вось вам ваша дэмакратыя, вось вам вашы санкцыi супраць Беларусi! Самi ў сябе разбярыцеся, а потым iншым нешта райце!»


Суд над Цiмашэнка
На мiнулым тыднi ў Кiеве прайшоў суд над былым прэм’ер-мiнiстрам Украiны Юлiяй Цiмашэнка. Абвiнавач-ванне гучыць так: «Перавышэнне паўнамоцтваў пры заключэннi кантрактаў па пастаўцы газу з Расii на Украiну». I, маўляў, гэта нанесла ўрон Украiне, таму Юлію асудзiлi на 7 гадоў.
Я не з’яўляюся вялiкай прыхiльніцай Юлii Цiмашэнка, але ж тое, у чым яе абвiнавачваюць, здаецца мне абсурдам.


З’езд пiсьменнiкаў
У Мiнску прайшоў з’езд Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Саюз налiчвае 550 членаў. Пачула гэтую навiну па радыё, i мне стала неяк няёмка — я ж не ведаю нiводнага сучаснага беларускага пiсьменнiка!
Ну, магу назваць некалькi прозвi-шчаў сучасных драматургаў: Дудараў, Аўласенка, Кавалёў… I то не ведаю, члены яны гэтага Саюза ці не? Тады ж па радыё некалькi слоў сказаў драматург Г.Марчук (здаецца, ён з’яўляецца старшынёй Саюза). Вельмi абрадавалася, пачуўшы знаёмае прозвiшча — дык гэта той Марчук, па п’есе якога «Люцiкi-кветачкi» ў пачатку 70-х гадоў мiнулага стагоддзя ў тады яшчэ народным тэатры паставiў шыкоўны спектакль Мiхась Колас! 40 гадоў прайшло, а я больш пра яго нiчога не чула. Хто вiнаваты — я цi пiсьменнiкi, што я iх не ведаю? А можа, тэлебачанне? Кожны дзень гляджу навiны, iншыя перадачы, i нi разу не паказалi нiводнага пiсьменнiка. Можа, трэба ў нас на тэлебачаннi адкрыць канал «Культура»?


Футбол
У сераду, 19 кастрычнiка, наша футбольная каманда БАТЭ з Барысава правяла сваю чарговую гульню ў рамках лiгi чэмпiёнаў у Мiлане супраць мясцовай каманды. Нядаўна форвард «Мiлана» Златан Iбрагiмавiч дзесьцi сказаў, што яму надакучыла гуляць у футбол. Калi я глядзела рэпартаж з Мілана, то складвалася ўражанне, што ўсёй італьянскай камандзе надакучыла гуляць у футбол. Але ж нiчога не зробiш, трэба — такая работа. Гулялi яны без азарту, неяк лянiва, але ж перамогу атрымалi, а iм больш нiчога i не трэба. Цiкава было б паглядзець, як забегалi б iтальянцы, калi б свае галявыя моманты скарысталi нашы хлопцы (а моманты былi, i вельмi добрыя), але ж моманты так i не ператварылiся ў забiтыя галы. Гуляць, здаецца, нашы ўмеюць, а вось забiваць яшчэ не атрымлiваецца…


Сезон адкрываецца!
Студыя «Глобус», якой я кiрую, ад-крыла свой тэатральны сезон. 15 кастрычнiка ў рамках святкавання Дня мацi юныя артысты паказалi матулям, якiя прыйшлi ў актавую залу СШ №13 на святочны канцэрт, урывак са спектакля «Ну, воўк, пачакай!». Дзецi вельмi старалiся, у зале ж былi iх самыя дарагiя гледачы — мамы. У гэтым годзе мы ўжо другi раз запар занялi ІІ месца на абласным аглядзе школьных тэатральных калектываў. Зараз паставiлi сабе мэту ў наступны раз заняць першае — мы здольны гэта зрабiць! Хаця ж, канечне, для нас гэта не галоўнае. Галоўнае — дастаўляць радасць i задавальненне нашым гледачам сваёй творчасцю!


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *