Мазыр алiмпiйскi

У Мазыры ў чарговы раз гарэў алiмпiйскi агонь ведаў, творчасцi  i iнтэлекта —  на гасцiннай Палескай зямлi праходзiў заключны этап рэспублiканскай алiмпiяды па працоўнаму навучанню.

120 удзельнiкаў, якiя прыехалi на спаборнiцтва з усiх абласцей Беларусі, вiталi на адкрыццi ў гарадскiм Палацы культуры. Зоны рэкрэацыi Палаца ператварылiся на гэты час у сапраўдны горад майстроў, па вулачках якога запрашалi пахадзiць завадныя скамарохi. Тут былі майстры i падмайстры ганчарнай справы, ткачыхi, вышывальшчыцы, мастакi… Лепшыя работы мазырскiх умельцаў-педагогаў i вучняў склалi дэкаратыўна-прыкладную выставу. За хвiлiну Палац культуры напоўнiўся радасцю, прыемнымi сустрэчамi, пазiтыўным настроем, маладосцю i марай у здзяйсненне ўсiх планаў, iдэй i перспектыў, галоўнай сярод якіх была – стаць пераможцам алiмпiяды.

Адкрыццё алiмпiяды суправаджалася феерычнай мультымедыйнай прэзентацыяй прыкладной творчасцi, музычна-танцавальнымi кампазiцыямi лепшых калектываў, якiя напоўнілi гасцей станоўчымi эмоцыямi i задалi курс: толькi наперад! Самую ж пiльную ўвагу ўдзельнiкам алiмпiяды аказалi прадстаўнiкi раённай адмiнiстрацыi, сваю шчырую падтрымку намаганняў выказаў і ўладыка Стэфан.
За пяць алiмпiядных дзён школьнікі вытрымалi сур ёзныя iспыты, якiя ўключалi тры туры: тэарэтычны, практычны i абарону творчага праекта. Заданнi патрабавалi глыбокiх тэарэтычных ведаў, выключных уменняў i навыкаў, высокiх творчых задаткаў i здольнасцей. Адраджэнне нацыянальнай творчасцi, стварэнне наватарскiх праектаў на тэму «Мая Радзiма Беларусь» — адметная рыса алiмпiяды. Вынiковая вы-става творчых праектаў, якую змаглi паглядзець i ацанiць не толькi вучоныя i настаўнiкi рэспублiкi, якiя прыехалi да нас у якасцi членаў журы, але i вучнi мазырскiх школ. Усе гледачы выставы былi ў захапленнi. Якiх iдэй i ўзораў мастацтва тут толькi не пабачылi: сталовыя наборы на любы густ, лялькi, вырабы з дрэва ад многафункцыянальных палiц да вялiзнай альтанкi, адзенне ў беларускiм народным стылi, пано, аплiкацыi, сурвэткi, беларускiя народныя музычныя iнструменты, мэбля ў старадаўнiм стылi. Творчыя праекты здзiўлялi i ўражвалi складанасцю выканання. Як адзначылi члены журы i спецыялiсты Мiнiстэрства адукацыi, зараз праводзiцца iдэя, каб нацэлiць юнага таленавiтага майстра на далейшую дзейнасць па праекту i на рэалiзацыю яго не толькі асабіста для сябе, а і для школы, краiны наогул. Нашай Радзiме патрэбны прадпрымальнiкi, сапраўдныя прафесiяналы сваёй справы, якiя б змаглi распрацаваць тавар, якога няма на рынку, i самастойна рэалiзаваць яго, праводзiць маркетынгавыя даследаваннi.

Адна з задач алiмпiяды – паказаць прыгажосць таго краю, дзе праходзiць рэспублiканскае мерапрыемства, таму праз насычаныя сюрпрызамi днi, якiя ўключалi экскурсii, падарожжы, сустрэчу з цыркам, дыскатэкi, мазыране змаглi данесцi да гасцей усё самае цiкавае i непаўторнае, чым славiцца наша цудоўная Палеская зямля, i стварыць атмасферу сапраўднага сяброўства.

За плячыма алiмпiйцаў – багаты вопыт, новыя сябры, шмат уражанняў i, канечне, перамога.

Урачыстая цырымонiя ўшанавання пераможцаў прайшла ў Палацы культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Атрымалася вялiкае беларускае нацыянальнае свята, узнёсла выражанае праз беларускую мову, нацыянальныя песнi i танцы, лепшыя традыцыi народа, якiя без усялякага сумнення папоўняць сёлетнiя ўдзельнiкi алiмпiяды. І вось нарэшце яна – тая самая хвіліна славы: на пачэсны алiмп узышлi 54 юныя таленты, якiя выйгралi сапраўдны бой, атрымалi памятныя падарункi i дыпломы I, II і III ступенi. Мазыран на алiмпiядзе прадстаўляла навучэнка СШ №14 Алеся Шаставец. Яна ўзнагароджана пахвальнай граматай i спецыяльным прызам Мазырскага райвыканкама. У агульным камандным залiку першае месца занялi ўдзельнiкi Гомельскай i Магiлёўскай абласцей.

Шмат цёплых слоў было адрасавана моладзi, арганiзатарам. Удзячныя словы гучалi ў адрас начальнiка аддзела адукацыi Л.С.Клепчуковай, выказаныя кансультантам агульнай сярэдняй адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь Уладзімірам Паддубскiм, якi пранікнёна прызнаўся ў любовi i мазыранам, i кiраўнiцтву аддзела адукацыi. Ён падкрэслiў, што вялiкая праца мазыран у падтрымцы i развiццi алiмпiяднага руху дае падставу зрабiць выснову, што Мазыр — алiмпiйская сталiца нашай рэспублiкi.

На здымку: каманда Гомельскай вобласцi

Таццяна АНДРЫЕЎСКАЯ, прэс-цэнтр алiмпiяды.