Бласлаўлёна на песню жамчужына Палесся — Мазыршчына

Тут жывуць людзі, якія ўмеюць не толькі добра працаваць, але і здольныя хораша спяваць, танцаваць. Сярод шматлікіх мастацкіх і фальклорных калектываў Мазыршчыны большая iх частка носіць званне «народны». А гэта пацверджанне не толькі прафесіяналізму, але і таму, што прафесiйныя i самадзейныя артысты накіроўваюць свае намаганні на захаванне традыцый, народнай творчасці, песень, якімі адметны кожны куточак палескай зямлi. Менавіта ў гэтым пераконвае нас i калектыў народнай музыкі Мазырскага раённага Дома культуры народны ансамбль «Радуніца»(мастацкі кіраўнік — Мікола Васiльевiч ТУРАВЕЦ).
«Радуніца» на прасторах Мазыршчыны нарадзілася напрыканцы 90-х.

— Кожны член гэтага калектыву, — расказвае яго кiраўнiк, — творчая, унiкаль-ная i непаўторная асоба. Так, з дня яго заснавання тут працуюць Нiна Рудзько i Ганна Турчына. А хто ж не ведае iмя нашага мазырскага са-лаўя Анатоля Клiменку? Асаблівы каларыт ансамблю надаюць музыканты Сяргей i Ала Гарбачовы. У апошнi час «Радунiцу» папоўнiў рад маладых таленавiтых артыстаў. У гэтым лiку Дзяніс Свірскі, Раман Матаў, Вера Фядосава.

— Дарэчы, — гаворыць Мiкола Васiльевiч, — такiя людзi, як, напрыклад, наш балетмайстар Вiктар Гузеў, заслугоўваюць асобнай адзнакi. У маладым харэографе, як у той скарбонцы, захоў-ваецца цэлы кладзезь талентаў: ён i танцуе, віртуозна б’е ў бубен, спявае. Хоць не так даўно прыйшлi, але ж ўжо цудоўна ўпiсалiся ў канву «Радунiцы» спявачкi Марыя Кірынская і Марыя Камарова. Шмат добрых слоў можна сказаць i ў адрас скрыпача Сяргея Мiхальчука, які супрацоўнічае з намі. Папасцi ў «Радунiцу» няпроста, — зазначае кiраўнiк, — акрамя музычнай адукацыi, галоўная ўмова — любоў да роднай культуры i творчасцi. У рэпертуары ансамбля галоўным чынам беларускiя песнi, якiя адлюстроўваюць душу народа. Вельмі падабаюцца слухачам такія песні, як «На горцы пясочку», «Хмелю, мой хмелю», «Не хадзі ты, кучаравы», «На гары дожджык», «Зялёны дубочак», «Цераз рэчаньку» і шмат іншых.

Нельга не расказаць крышачку пра самога кiраўнiка «Радунiцы» Мiкалая Васiльевiча Тураўца, якi кiруе калектывам з моманту стварэння. Гэта творца, улюбёны ў сваю справу, якая стала вобразам яго зямнога iснавання. Тым больш, што на кожным выступленнi побач жонка — Зінаіда Туравец, салiстка ансамблю. Мусіць, столькі прыпевак, як яна, не ведае ніхто. Разам яны на сцэне, на працягу амаль ужо 30 год разам i па жыццi, дзе галоўная роля адводзiцца шчырай радасцi, якую яны разам з «Радунiцаю» перадаюць са сцэны сваiм слухачам. Народны ансамбль народнай музыкi «Радунiца» — многакратны дыпламант творчых конкурсаў. У капiлцы калектыву — безлiч узнагарод самага рознага ўзроўню. Нямала ўзнагарод i ў самога Тураўца. У iх лiку — знак Пашаны Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь. «Радунiцу» любяць гледачы, прымаюць яе ўсiм сэрцам i бурнымi авацыямi. Дарэчы, майстэрства выдатнага палескага калектыву знаёма нават у Германii, Прыбалтыцы, Малдове, Украіне, Расіі і інш.

«Радуніца» больш двух дзесяткаў год на сцэне… Упэўненым поступам ансамбль народнай музыкі «Радунiца» iдзе да новых вяршынь i дасягае iх.

Але ж самае галоўнае, як лічыць Мікола Туравец, — не нейкае афiцыйнае прызнанне i ўзнагароды. Галоўнае, што сучаснасць не загасiла iскрынку светлай любовi да народнай песнi, жадання прыносiць радасць людзям, радавацца самiм i радаваць іншых, адраджаць каштоўны нацыянальны скарб, плённа працягваць лепшыя традыцыi папярэднiкаў. Песняй народнай, праўдзiвай, як хлеб, вывяраюць свае думкi, эмоцыi, душэўныя памкненнi ўдзельнiкi гэтага выдатнага калектыву сёння. Таму на Мазыршчыне, у надзвычай багатым песенным краi, яна бруiцца чыстай крынiцай. Схiлiся долу, зрабi глыток чыстай вады, i адразу адчуеш, што такое вечнасць…

Наталля КАНОПЛIЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *