Музыка душы мазыранкi Валянцiны ГОЛАД

Пагадзiцеся, што зямлю ўпрыгожвае не толькi прырода, а i людзi, iх справы.

Да лiку такiх можна аднесцi i майстра па вытворчасцi вырабаў з лазы Мазырскай фабрыкi мастацкiх вырабаў Валянцiну ГОЛАД, якая прысвяцiла любiмай справе амаль 40 гадоў.

— Яшчэ малой дзяўчынкай, — з успамiнаў дзяцiнства пачала нашу размову Валянцiна Паўлаўна, — я з задавальненнем магла часамi назiраць, як перапляталiся i лажылiся роўнымi радочкамi дубчыкi вярбы ў руках майго дзядулi Лук’яна. Здавалася, што яго працавiтыя рукi нiколi не стамлялiся, таму што, пакуль увiшныя пальцы ладзiлi ўзор, дзядуля мог нам, дзятве, часамi расказваць розныя казкi альбо сатырычныя гiсторыi, напоўненыя жыццёвым сэнсам. Многае забылася, а вось казку «Лёгкi хлеб» я цяпер сваёй унучцы расказваю. I яна разумее, што дабрабыт прыходзiць не сам па сабе, а як вынік руплiвай i добрасумленнай працы, ад якой спявае душа. Трэба толькi знайсцi сваю справу, каб душа хацела яе рабіць з задавальненнем, добрым настроем, любоўю. Яшчэ дзядуля расказваў пра тое, што пляценне з лазы з’яўляецца адным з самых даўнiх народных рамёстваў, якое з’явiлася раней ганчарнага ў жыццi нашых продкаў. З галiнак вярбы беларусы ладзiлi агароджу, дзiцячыя калыскi, павозкi, мэблю, посуд i нават цацкi. Самымi ж распаўсюджанымi вырабамi былi кошыкi з лазы. Iх умеў плесцi амаль кожны селянiн, таму што абысцiся ў гаспадарцы без кошыкаў было немагчыма. У iх насiлi бялiзну на рэчку, бралi ў дарогу харчы, збiралi ўраджай, з iмi хадзiлi па грыбы i ягады…

Дзядулевы расказы паўплывалі на лёс дзяўчыны, таму што, калі паступленне ў інстытут закончылася правалам, прыйшла на фабрыку мастацкіх вырабаў і захацела звязаць сваю будучую прафесiю з народнымi промысламi. Сувязь гэта аказалася настолькі моцнай, як і яе вырабы з лазы. З таго часу (1973 год) толькі з ростам кваліфікацыі ў яе працоўнай кніжцы прысутнічае адзін запіс.

— Затое пра лазу зараз ведаю ўсё, — гаворыць Валянцiна Паўлаўна. — Запраста магу і майстар-клас даць. Галоўная роля тут належыць працэсу нарыхтоўкi сыравiны. Для простага пляцення можна выкарыстоўваць двухгадовыя пруцiкi, а для больш далiкатнага — аднагодкi. Перш чым пачаць нарыхтоўку пруцiкаў, патрэбна праверыць iх на ломкасць i гнуткасць. Нарыхтоўваць лазу можна круглы год, але ж лепей гэта рабiць вясной i восенню. Пасля гэтага лаза павінна прайсці праз шматлiкiя тэхналагiчныя працэсы: вымочванне, выпарванне, ашкурванне, пакраску (калі патрабуецца) i iнш. I толькi потым, калi сыравiна гатова для пляцення, у руках майстра яна ператвараецца ў прыгожыя зграбныя рэчы: вазы, хлебнiцы, кошыкi, канфетнiцы, газетнiцы, сухарнiцы i iнш.

Дарэчы, імя майстра па лазапляценню Валянціны Голад ведаюць не толькі ў Палескім рэгіёне. Яна неаднаразовая дыпламантка як рэспубліканскіх форумаў прыкладнога мастацтва, так і міжнародных. Яе славутая скрыня, напрыклад, пабывала нават у Італіі! Гэта азначае, што прызнаюць беларусаў ва ўсім свеце па творчым почырку і працавітасці. Таму дзякуючы таленавітым умельцам лепшыя народныя традыцыі працягваюць сваё існаванне і зараз, аздабляючыся толькі элементамі навізны і сучаснасці.

Наталля КАНОПЛIЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *