Пастфактум: Міжнародны дзень беларускай мовы

Адвечны голас Радзiмы

Мы атрымалі найбагацейшую, найдаражэйшую спадчыну  ад бацькі, ад маці, ад сваіх дзядоў, прадзедаў – беларускую мову, якую называюць духоўным скарбам. Роднае слова – гэта адвечны голас Радзімы, голас беларускага народа, а з ім і яго мова. Колькі разоў нараджалася мова, набірала моц, колькі разоў яе хаялі, тапталі, мучылі, душылі, не давалі ёй ходу. Перш-наперш усе заваёўнікі, якія прыходзілі на нашу тэрыторыю, распачыналі ўпартае змаганне на духоўным фронце – супраць памяці, гісторыі, супраць мовы, свядомасці паднявольнага народа. Лёс мовы… Лёс народа і нацыі… Знікне мова – няма нацыі… Народная мудрасць стала жывучай крыніцай для развіцця мовы, з якой мы і сёння чэрпаем жыццёвую сілу. Я.Купала, пясняр Беларусі, яшчэ задоўга да рэвалюцыі радаваўся, што мова бацькоў жыве, і верыў, што будзе жыць «бессмяротнае слова». Затым Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ф.Багушэвіч загаварылі з народам на мужыцкай мове, паведамілі ўсяму свету, што ёсць беларусы, а ў іх мова слаўная, звонкая, пявучая, як і песні народныя.

1 студзеня 1919 года – нараджэнне Беларускай рэспублікі і дзень нараджэння мовы нашай. Самы ўздым яе і росквіт адзначаліся ў  20-я гады мінулага стагоддзя. Па ўсёй Беларусі, незалежна, ці то вёска, ці то горад, адкрываліся школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія працавалі на беларускай мове, арганізавалася самадзейнасць, тэатры на роднай мове, вялося справаводства, прадстаўнікі кіруючага апарату размаўлялі на сваёй роднай мове. Была яна ў гэты час гаспадыняй у рэспубліцы. Пазнавалі беларуса па нацыянальных вырабах, нацыянальных стравах, па сакавітай мове, па звонкіх песнях. А калі ў рэспубліцы ўвялі двухмоўе,прапала цікавасць да роднай мовы.

Мова, – як гаварыў Ніл Гілевіч, – сіла, што аб’ядноў-вае, цэментуе нацыю, аргані-зоўвае ўсё духоўнае жыццё народа… У мове – голас душы чалавека і голас гісторыі грамадства. Так, у 80-е гады пачаўся ўздым па адраджэнню мовы, па вяртанню яе назад у народную плынь. Я стала сведкай – удзельніцай гістарычнай з’явы.  27 чэрвеня 1989 г. прысутнічала на Установачным з’ездзе Таварыства беларускай мовы. Дыхала адным паветрам з пісьменнікамі, навукоўцамі рэспублікі. З вучнёўскай зацікаўленасцю слухала Н.С.Гілевіча – яго даклад «Клопат пра мову – клопат пра будучыню нацыі».  Гарачыя спрэчкі і пісьменнікаў, і рабочых, і настаўнікаў, і навукоўцаў, і святкароў зводзіліся да аднаго – быць беларускай мове адзінай дзяржаўнай. І пачалі стварацца беларускамоўныя класы, школы, садкі, уводзілася справаводства на роднай мове, пераходзілі бібліятэкі на беларусізацыю. Прыехаўшыя вучні ці настаўнікі з іншых рэспублік хутка спа-знавалі азы нашай мовы. Пісьменнікі сталі ў авангар-дзе абаронцаў  яе адраджэння. П.Панчанка,  як набат, паўтараў словы: «Вярніце мне мову маю! Вярніце жыццё мне!»
Час распарадзіўся так: наша беларуская мова цяпер крочыць з рускай мовай мірна, спакойна,  разам па ўсёй Беларусі. Я за разумны падыход па адраджэнню мовы, супраць моўнага бар’еру для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Беларусы заўсёды жылі ў згодзе з брацкімі народамі. З двума пытаннямі я звярнулася да вучняў і настаўнікаў сярэдняй школы №14: «Ці з’яўляецца беларуская мова гаспадыняй у рэспубліцы? Як рыхтуецеся да Міжнароднага дня беларускай мовы?» Вучні шостага класа адчуваюць сябе беларусамі, бо размаўляюць на сваёй «дамашняй» мове, дзе слоў больш беларускіх. Любяць урокі беларускай мовы і літаратуры, чытаюць кнігі па праграме, удзельнічаюць з ахвотай у мерапрыемствах, якія праводзяцца на беларускай мове. Аліна Мар’янаўна Судас, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, лічыць, што ўсё ж такі мова стала мовай школы, урокаў, сцэн клубаў, тэатраў. Да Міжнароднага дня беларускай мовы  праводзяцца конкурсы на лепшага дэкламатара вершаў, напісанне сачыненняў на беларускай мове, класныя часы, знаёмствы з жыццём і дзейнасцю беларускіх пісьменнікаў, глыбей вывучаюць фальклор. Ірына Рыгораўна Тыльковіч, загадчык па выхаваўчай рабоце, не лічыць, што наша мова ў загане. Усе мы ўмеем размаўляць па-беларуску, ніхто не забараняе яе вывучаць, разумеем адзін аднаго. Вялікая работа праводзіцца на беларускай мове ў школе. Цікава праходзяць Дні беларускай мовы, праводзяць настаўнікі ўрокі нестандартнай формы: урокі-падарожжы, канферэнцыі, дыспуты, залікі, вечары беларускай паэзіі. Працуе гурток «Ветразь», які аб’ядноўвае аматараў беларускай мовы і літаратуры. Вучні выступаюць са сваімі вершамі, абмяркоўваюць разам планы, дзеляцца сваімі задумкамі, выпускаюць насценныя газеты. Кіруе гуртком Алена Васільеўна Данілава. З цікавасцю да мовы праходзяць школьныя алімпіяды. Марыя Цалка (9 «А»  клас) выступала на раённай алімпіядзе, а гонар нашай школы абаранялі на абласной алімпіядзе Марыя Альхімовіч (9 «А», дыплом 3-й ступені), Марыя Заборшчыкава (10 класс, дыплом 3-й ступені). Іх рыхтавала да алімпіяды на дадатковых занятках Ларыса Іванаўна Краўчанка. Настаўнікі з вучнямі працуюць над лексікай твора, што абуджае ўвагу да тэксту на мове бацькоў, прымушае вучняў удумацца ў яго сэнс. Значнае месца займае слоўнікавая работа. З гонарам запэўніла Алена Уладзіміраўна Прыбышчук, дырэктар СШ №14: «У нашай школе няма праблем з вывучаннем роднай мовы. Яна ў нас у пашане, вучні з ахвотай жадаюць, каб гучала, жыла. Але я лічу, якія б мы цікавыя ўрокі не праводзілі, як бы змястоўна не праводзілі пазакласныя мерапрыемствы, тыдні, Дні беларускай мовы, гурткі, – усё роўна на беларускай мове не загавораць, пакуль яна не стане мовай рабочай для садоў, для ўсіх школ, для маці, для адказных работнікаў, для ўсіх людзей. Мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі і  мова кахання стане  неўміручай тады, калі на ёй будзе гаварыць і сялянка, варушачы сена, і чалавек, які складае слоўнік, і кожны настаўнік, і дзеці, якія гуляюць яшчэ з цацкамі, і паэт, і вучоны. Тады яна будзе не спадарожніцай, а гаспадыняй у кожнай сям’і. Я спадзяюся, што беларускі народ захавае, зберажэ духоўны скарб  – матчыну мову і веру:

«Ты не згінеш, маіх продкаў мова, –
Мова, як родная маці, адна:
Дзеці твае кажуць шчырае слова:
«Хлеб і вада ты да кожнага дня!»

Раіса БРЭВУС,
ветэран педагагічнай працы, узнагароджана медалём Ф.Скарыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *