Сто пятая вясна бабулi Агапы

Дванаццаць унукаў, дзевятнаццаць праўнукаў i два прапраўнукi – вось той залаты скарб, з якiм наблiжаецца  да прыгожай сваёй даты наша шаноўная зямлячка – Агафiя Конанаўна МАЛУХА.

Гэта значыць, што не толькi горнае паветра  Абхазii, альбо прасторы Кiргiзii спрыяюць  працягласцi чалавечага жыцця, а i наша Мазыр-шчына, якую ва ўсiм свеце iмянуюць жамчужынай беларускага Палесся, з’яўляецца  тым благадатным месцам, дзе ёсць людзi, якiя  пераадолелi  свой ужо больш як 100-гадовы рубеж…

І вельмі прыемна, што маёй субяседнiцы – Агафii Конанаўне  пашчасцiла  iсцi насустрач 105-й гадавiне  жыцця не ў адзiноце, а ў вялiкай дружнай сям’i, дзе кожны iмкнецца аддаць ёй дань павагi, цеплынi i любовi. Калi ж вы, паважаныя чытачы,  настроiлiся з гэтага аповеду пачарпнуць нейкiя сакрэты даўгалецця, то iх, па вялiкаму рахунку, няма. Дажыць да такога  ўзросту, на маю думку, жанчыне  паспрыялi – моцная сiла духу, дабрыня, незлаблiвы характар, а яшчэ –  самаадданая праца i песня, якія суправаджалі  яе на працягу  ўсяго жыцця, суцяшалі ў горы  цi акрылялі ў радасцi…

Нарадзiлася Агафiя Конанаўна ў сялянскай шматдзетнай сям’i (па лiку – 7-я) у вёсцы Кажушкi Хойнiцкага раёна 24 мая 1908 года. Калi споўнiлася  тры гады, лёсам было наканавана спазнацца з сiрочаю доляй: мацi – Феадора  Лук’янаўна, памерла ад хваробы, пакiнуўшы васьмярых дзяцей на бацьку. Конану Дарафеевiчу нiчога не заставалася, як хутчэй  ажанiцца, таму што дзецям патрэбны былi забота, пяшчота ды жаночыя рукi. Дзякуй Богу, што ў дом прыйшла добрая i чулая жанчына.  Праз некаторы час сям’я павялiчылася яшчэ на чатыры душы.

– Калi старэйшыя браты i сёстры працавалi, каб дапамагчы бацьку пракармiць араву, то i я з малечых гадоў была ў рабоце: мачаха больш па гаспадарцы ўпраўлялася, а я, як тая гусыня,  з малымi дзецьмi, – дзелiцца сваiмi ўспамiнамi Агафiя Конанаўна. – Лiчы, узнiмала iх. А потым i больш клопатаў зведала. Такiх хапала. Не заўважыла, як гады праляцелi. Глядзі i нявестаю стала. Пра замужжа трэба было думаць. А яно неяк само прыйшло i чамусьцi не заладзiлася з самага пачатку. Доўга не раздумваючы, пакiнула  ўсё i накiравалася да старэйшай сястры ў Белабярэжскую Рудню (Нараўлянскi раён). Вось тут неўзабаве сустрэла сваё моцнае і адзiнае на ўсё жыццё каханне. Хоць уся радня каханага была супраць, але ж мы з Лявонцiем Сямёнавiчам Малухам  усё роўна пабралiся ды й пачалi сваё гняздзечка вiць. Усё сваiм мазалём нажывалi. Неўзабаве бусел нам дзiцятка прынёс. Хлопчыка Колькам назвалi. Во радасцi было, як хадзiла, як тупала каля сваiх мужчынак! Потым дачушкi Поля з Лiдай нарадзiлiся. Ох, толькi не думала, не гадала, што шчасцейка раптам адвернецца ад мяне … Вайна… (бабуля Агапа выцiрае няпрошаныя слязiнкi) Лявонцiй спачатку ў падполлі  быў, а потым, калi вораг падступiў блiжэй да Нароўлi, пры-мкнуў да партызанскага атрада.  У адным з гарачых баёў пад Белакаровiчамi (Украiна)  прапаў без весткi (пацверджанне з афiцыйнага дакумента).  Ну што ж паробіш, лёс. Такая яго планіда… Вось я ўжо не толькі сірата, а і чыстая ўдавіца. Нікаму не паскардзіцца, ні сваё выказаць. Як вечар, душылася слязамі. Але на людзей гора не выносі-ла, у кожнага свайго хапала. Усё ў сабе трымала. Работай забывалася…

Агафiя Конанаўна з дачкою Лiдзiяй Лявонцьеўнай i ўнукам Аляксандрам

Агафiя Конанаўна з дачкою Лiдзiяй Лявонцьеўнай i ўнукам Аляксандрам (якраз зайшоў наведаць бабулю).

– За што я толькi нi бралася?! – успамiнае бабуля Агапа. – Анiякiх цяжкасцей  не баялася. Пакуль малыя спяць, я ўжо багатаму суседу бульбу акопваю. За гэта давалі кавалак сала,  альбо слоiк малака. Сваёй жа кароўкi не было ў двары. Потым кармiла дзяцей ды йшла на працу ў калгас. Нялёгка заробкi давалiся, але ж жыла надзеяй, што будзе лепш. Толькi i думала пра тое, каб дзяцей як на ногi падняць. Дзякуй Богу, дзеткi выраслi, людзьмi сталi, сваiмi сем’ямi абзавялiся, але ж перажытае, як кажуць, да скону дзён не забытае…

Не толькi вайна стала для Агафii Конанаўны жорсткiм выпрабаваннем, але i iншыя беды як снег звалiлiся на яе галаву: заўчасна памерлi старэйшыя дзецi – сын Мiкалай i дачка Палiна. Засталася толькi адзiная – Лiдзiя. Мацi заўсёды здавалася, што жаночы лёс дачкi чымсьцi падобны на яе: рана памёр муж, пакiнуўшы з чатырма дзецьмi, i таму прыняла рашэнне пераехаць да яе, каб падтрымаць. Прайшло  ўжо 40 год, як  бабуля  лiчыцца мазыранкай. А яе вёску, як i шмат iншых на Беларусі, сцёрла з карты  раёна небачнае лiха, якое раптам прыйшло на Палессе. Чорнае крыло, пад назваю «радыяцыя», накрыла  лугi, зямлю, лясы, рэкi, азёры  i нават паветра. Чарнобыль. Ён  паразганяў яе землякоў з родных мясцiн i памецiў балючым iменем – перасяленцы…

У бабулi Агапы, як яна сама лiчыць, было вялiкае прызначэнне – дапамагчы Лiдзii вырасцiць дзетак. Таму прасiла жанчына штодня аб гэтым Усявышняга, а ўнукi – Валера, Саша, Наташа i Дзiмка спакойна засыналi пад яе калыханку. Нават не злiчыць, колькi песень ведае бабуля Агапа! Пра што яна толькi не спявала: пра нешчаслiвае замужжа, дзе лёс дзяўчыны параўноўваецца з вiшняю; пра калiну-жанчыну, якая засталася з траiмi дзеткамi гора гараваць; пра каханне адзiнае i вечнае…

Выраслi ўнукi. У кожнага сям’я, нарадзiлiся праўнукi.  Бабуля Агапа адчувае сябе самай багатай i шчаслiвай на зямлi:  у яе – 12 унукаў, 19 праўнукаў i двое прапраўнукаў. Сярод  iх  ёсць i медыкi, i педагогi, i механiзатары, i артысты, i юрысты…

– Але ж галоўнае не ў гэтым,– лiчыць наша шаноўная зямлячка, – а ў тым, што яны ўсе выраслi сапраўднымi людзьмi за якiх  нiколі не сорамна.

У святочныя днi за вялiкiм сталом у гасцiнай збiраецца ўся радзiна, i самае  пачэснае месца заўсёды адводзiцца ёй – бабулi Агапе.У такiя хвiлiны цяжка нават уявiць, што побач з 50-гадовым унукам, валасы якога ўжо пасерабрыла сівізна, альбо 10-цi гадовым праўнукам – родны чалавек, якi жыве на гэтым свеце ўжо больш стагоддзя!!!

– Гэта ж трэба, – здзiўляюцца малыя праўнукi-школьнiкi, – што наша прабабуля Агапа памятае, якiм было Палессе да рэвалюцыi, Вялiкай Айчыннай вайны, як жылося тут лю-дзям да аварыi на Чарнобыльскай атамнай станцыi, як будаваліся ЦЭЦ і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, i шмат iншага?!..

Самае ж адметнае, што Агафiя Конанаўна да сёняшнiх дзён захавала  добрую памяць i цудоўны слых. На  жаль, у 45 год засталася без зубоў (але ж ад пратэзавання  наадрэз адказалася), i толькi ў апошнiя два гады амаль на 90% страцiла зрок. З першай стратай яна даўно знайшла кампрамiс, адсутнасць зубоў не пагоршыла  яе жыццё. Зрок жа – гэта iншае!  Аднак  адносiны  да сучаснай медыцыны ў яе вельмi скептычныя. Тыя медыкi, якiм калі-нікалі даводзiцца заглядваць у яе картку, страчваюць дар маўлення: «Як можна так доўга жыць?..» Таму i не прымае бабуля  нiякай медыцынскай дапамогi, бо ўпэўнена: колькi Гасподзь адмераў на гэтым свеце, столькi i пражыве. Не без падтрымкi дачкi Лiдзii (дарэчы, Лідзія Лявонцьеўна Кавальчук больш 40 год прысвяціла педагогіцы і даўно знаходзіц-ца на заслужаным адпачынку), канечне, якая робiць ўсё, каб мацi адчувала сябе дагледжанай i шчаслiвай. Любоў i забота ўнукаў, якiя штодня забягаюць альбо тэлефануюць таксама пралiваецца бальзамам на яе душу. Лагодзiць сэрца адчуванне  патрэбы сваiм блiзкiм…

– Пытаеце, як зараз мне жывецца?..  – Ой, так добра, што і паміраць не хочацца. Ліда мне штодня выгатаўляе ўсё-усялякае… Унукі рознымі прысмакамі, нібы малую, балуюць. Тое паспрабуй, бабуля, етае… А хіба ж мне столькі трэба?..

Хачу вось што параіць маладым: каб доўга жыць, трэба любiць жыццё, адносіцца з дабром i павагай да людзей, не трымаць зла адзiн на другога i не рабiць яго, радавацца  ўсяму, што дае Гасподзь. Я не ўмею пiсаць і амаль не бачу, але ж слухаю па тэлевiзары, радыё выступленні нашага Прэзідэнта i радуюся за родную Беларусь, за такое цудоўнае жыццё пад мiрным небам. Таму жадаю ўсiм людзям моцнага здароўя, узаемаразумення i даўгалецця! Жывiце доўга i шчаслiва! Жыццё ж пражыць – не поле перайсцi!..

Наталля КАНОПЛIЧ,  фотаздымкi аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *