Чарнобыль… Горкi  успамiн

чернобыль

26 красавіка 1986 года. Страшэнная бяда абрушылася на тры славянскія народы: беларускі, украінскі i рускі. Чарнобыльскі выбух стаў той ашаламляльнай весткай, выклікаўшай страх і роспач, прывёўшай у шокавы стан. Дарослым не верылася, што адбылася самая страшная ў міравой гісторыі тэхнагенная катастрофа, а малым альбо падлеткам яшчэ было невядома, што гэта за бяда. Гэтая падзея паласнула пякучым болем сэрцы беларусаў. 1986 год – паласа чорнай памяці, разгубленасці, перажыванняў за лёсы дзяцей, за будучыню Радзімы. Чарнобыльская трагедыя – пакуты, крык чалавечых душ, плач, выміранне i пустэча, так званая мёртвая зона. У той веснавы час, калі цвіла чаромха, калі ўсё навокал у прыродзе радавалася, людзям патрэбна было ратавацца ад бяды, ад нябачнай смерці. Помнiцца, як пачалася масавая эвакуацыя жыхароў з бліжэйшых ад рэактара вёсак. Як балюча было пакідаць родныя сцены, усё нажытае сумленнай працай. Але ж ўцякаць патрэбна было, бо «… у твар страляў ізатопнай трапнеллю Чарнобыль…»

Чорнае крыло Чарнобыля акутала і мой Нараўлянскі раён. Жыццё стала пад яўнай пагрозай. Я ў гэты час працавала настаўнiцай ў гарадской СШ № 2. Для вучняў Нараўляншчыны, якія заканч- валі школу ў 1986 годзе, не гучаў апошні званок. Школа не выстраівалася на традыцыйную лінейку, школьны двор не расквечваўся кветкамі, рознакаляровымі бантамі, не напаўняўся дзіцячымі галасамі… Усіх вучняў ноччу настаўнікі апавясцілі аб тэрміновым выездзе з Нароўлі. Ноч была бяссонная як для вучняў, так і для іх бацькоў, настаўнікаў, супрацоўнікаў міліцыі, кіраўніцтва раёна. Школьныя сцены засталiся пустымi да самай восені. Вучняў малодшых класаў на нейкі час прынялі населеныя пункты Гомель-шчыны Парычы, Сасновы Бор, а старшакласнiкаў адправілі ў Гродзенскую вобласць, дзе яны былi размеркаваны па піянерскіх лагерах, дамах адпачынку, санаторыях. Нi дзеці, ні дарослыя не ведалі, калі можна будзе вярнуцца дадому. Без слёз нельга ўспомніць i тое, як мясцовыя жыхары сустракалі тады нашых дзяцей, падба-дзёрвалі іх, выносілі ласункі, сокі… У рэспубліцы ж ствараліся ўсе ўмовы для дзяцей і моладзі, каб пераадолець страх, умацаваць здароўе. Таму дзецi з забруджаных тэрыторый Беларусi сталі гасцямі замежных краін. На бяду беларускага народа адклікнуліся Германія, Польшча, Італія і іншыя краіны…
Птушкі, якія восенню ляцяць у вырай, вясной вяртаюцца дадому, а вось людзі, якія пакінулі свае родныя мясціны ў 1986-м, не вярну-ліся назад. Прыйшлося па-ціху прыжывацца ў іншых гарадах і вёсках. Смута, жуда, бяссонніца пасялiлiся ў іх душах назаўсёды. Яе рэнтгены ўзбударажвалі сэрцы. Немагчыма было ўзважыць цяжар бяды. Нараўляншчына была поўная гора і слёз. Між тым чацвёрты рэактар доўга даваў знаць аб сабе. Гэты чарнобыльскі «монстр» усё глытаў ненажэрна самых адважных, смелых, якія кідаліся ў смяротны агонь на станцыі. Відавочна, таму многія з іх пайшлі ад нас вельмі рана, а іншыя атрымалі дозавую нагрузку ў 300 і больш мілірэнтгенаў і толькі пасля доўгага лячэння вярнуліся на службу. Пасля розных дэбатаў, мяркаванняў, рашэнняў горад застаўся жыць, а перасяленне прапанована свабодным. Такім чынам я стала жыхаркай Мазыра.

Чарнобыльскай тэматыцы прысвяцілі шмат сваіх твораў беларускія празаікі і паэты. Так, у М.Башлакова, напрыклад, прыязджаючага на сустрэчы з перасяленцамі – жыхарамі збалелых вёсак, нарадзілася паэма «Лілея на цёмнай вадзе». Яна пакутліва нагадвае пра перажытае: «І плыло над Палессем пачарнелае сонца, ветры дзьмулі з Чарнобыля, дыхалі стронцыем…» У кожным радку гучыць трывога за наш край. Наш зямляк У.Верамейчык у сваёй паэме «Ліхаўня» з сумам трактуе: «І Ліхаўня атамнай стала Хатынню, пакінулі вёску яе жыхары. І хаты здзічэлі пад атамнай стынню…» А вось верш У.Пашука «Плач нараўлянкі» перадае сон, роспач: «Дзе твой дворык? Родная хата? Горкія слёзы льюцца…» Кожны з паэтаў такім чынам па-сыноўняму выказаў свой боль па знявечанай i абездоленай зямлі.

Кніга «Памяць» Нараўлян-скага раёна шырока ўмясціла многія праблемы першых гадоў жыцця пасля аварыі на ЧАЭС. А зараз я трымаю ў руках выданне новай кнігі «Чарнобыльскія пантэоны: сны і явы» Э.Збароўскага, свайго зямляка – доктара медыцынскіх навук, прафесара кафедры сацыяльнай работы Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, паэта і публіцыста, радзіма якога – вёсачка Ліхаўня ў нашым Нараўлянскім раёне. Яму, медыку i вучонаму, прыйшлося асабіста ўбачыць і адчуць жахі наступстваў радыяцыі. Вёска Ліхаўня, як і многія іншыя, пахавана пад тоўстым пластом зямлі летам 1988 года. Эдуард Збароўскі наведвае кожны год свае родныя мясціны і сум сваёй душы перадае ў творчых нататках: «Плён працы многіх пакаленняў нашых продкаў прынесены ў ахвяру амбіцый тых, хто аказаўся вялікім хлусам ад навукі». Яго новая кніга – сыноўняя споведзь перад бацькамі, аднавяскоўцамі, беларусамі. Яна вядзе чытача па чарнобыльскiм лёсе, паказвае выйсце, вучыць бараніць сябе і нашчадкаў ад бяды, а не згаджацца толькі на выжыванне сваёй біяла-гічнай сутнасці.

Пад уплывам трагічных чарнобыльскіх падзей у 1986 го-дзе нарадзіўся зборнік вершаў «Шлях чалавечы» у М.Мятліцкага. У мёртвай зоне, што ў Хойніцкім раёне, засталася яго родная вёска Бабчын. Таму горкай праўдай пранізаны яго вершы і паэмы. Так, у раздзеле «Горкі вырай» паэт успамінае сваю маці, вёску, блізкіх людзей. Ён у роспачы звяртаецца да птушак, якія ляцяць з выраю: «Птушкі, абмініце бяду! Абмініце кут родны! Гляньце з неба: яно пустое, жытло. Скіне заўтра пяро на сяло журавель, і ніхто не падхопіць яго…» Сыноўні плач па сваёй маленькай ра-дзіме гучыць набатна і ў яго вершы «1986 г.»: «Ты мне ахвяраваў з радзімай развітанне: шаптанне мёртвых траў, крыніц атрутных ззянне…»
Не магу не ўспомніць і творы Барыса Сачанкі, які таксама пакінуў нам свае творчыя радкі на чарнобыльскую тэматыку. Ад радыяцыі пастрадала і яго родная вёска Вялікі Бор. Свае перажыванні ён выказаў у вершах «Родны кут», «Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону» і іншых.

Успамінаючы перажытае 27 гадоў таму, відавочна, што зло ад чарнобыльскай навалы маштабнае. Толькі ў Беларусі перасталі існаваць 470 населеных пунктаў, каля 350 тысяч чалавек пакінулі родныя мясціны. Невымяральная шкода ад чарнобыльскай бяды адчуваецца балюча сярод маіх родных, блізкіх, добра знаёмых людзей. Хвароба заўчасна забрала маю родную сястру, яе мужа, стрыечнага брата, яго жонку і сына, без пары пакінулі гэты свет мае добрыя сябры М.Бабак, В.Майсеенка, Р.Будкоўскі, Л.Герасіменка і іншыя.

Час ідзе, і, як кажуць, ён лечыць раны. Жыццё працягваецца. Вось і вясна зноў прыйшла на Палессе. З выраю вяртаюцца птушкі. Узнімаюцца над зямлёю буслы – вестуны раніцы года. У народзе лічацца, што бусел – сімвал бессмяротнасці зямлі. І гэта менавіта так. Пакуль нараджаюцца дзеці, пакуль свеціць сонца, пакуль родзiць зямля, пакуль азёры поўняцца чысцюткай вадой, жыццё не скончыцца. Але ж, як сцвярджае мой зямляк Эдуард Збароўскi, чалавецтву патрэбна спрыяць новаму жыццю, памятаць перажытае, рабiць з яго пэўныя вывады: «Хай помняць Чарнобыль, пра веру хай дбаюць, будуюць жытло, а не разбураюць. Шануюць, што зроблена продкаў рукамi, з той вераю, што сцерагла нас вякамi».

Раiса БРЭВУС,
ветэран педагагiчнай працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *