Што пасееш, тое i пажнеш

Якім быў ваш любімы настаўнік? Добрым, шчырым, хто любіць дзяцей, справядлівым, але ў той жа час строгім,
які выклікае павагу, – напэўна ж?..

Аб выдатных педагогах Каменскай сярэдняй школы Анатолію Міхайлавічу Рудзько і Алене Іванаўне Акунец калегі і вучні таксама гатовыя паведаміць шмат добрага. Размова з гэтымі настаўнікамі парадавала і мяне. Дабрыня, абаянне, інтэлігентнасць – такім мне заўсёды ўяўляецца вобраз вясковага настаўніка: чалавека, пра якога заўсёды ўспамінаюць з цеплынёй.

Каменская сярэдняя школа – невялікая, але ўтульная, можна нават сказаць, «камерная». Зрэшты, шум як у звычайнай гарадской школе: у дзяцей перапынак. Невялікая група дзетак у холе гуляе ў настольны тэніс. Пакуль яшчэ ёсць час да наступнага ўрока, адпраўляюся ў настаўніцкую. Там мяне ўжо чакае Анатолій Міхайлавіч Рудзько, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Анатолій Міхайлавіч Рудзько

 Анатолій Міхайлавіч у адукацыі ўжо 33 гады. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы з прыгожай назвай Астражанка, што ў Лельчыцкім раёне. Школу закончыў у 1976 годзе, паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай (цяпер МДПУ імя І.П.Шамякіна) на філалагічны факультэт. Праўда, будучы яшчэ школьнікам, доўга думаў, якую прафесію яму выбраць: урача або настаўніка. Выбар другога варыянту Анатолій Міхайлавіч тлумачыць проста: педінстытут апынуўся бліжэй да дому. Але хутка, з усмешкай кажа настаўнік, у іх сям’і лекар усё ж з’явіцца: малодшая дачка вучыцца ў медыцынскім універсітэце.

У сваю ўласную школьную бытнасць Анатолій быў руп-лівым, здольным вучнем, але перавагу аддаваў прадметам гуманітарнага цыклу: мовам, літаратуры, гісторыі.

– Вельмі добра ведаю нямецкую мову, – гаворыць  Анатолій Міхайлавіч, – ды і зараз магу свабодна размаўляць. Калі быў у Германіі, моўны бар’ер з немцамі ў мяне не ўзнікаў. Усё ж такі гуманітарныя прадметы мне бліжэй. Выбар факультэта па гэтай прычыне апынуўся перадвызначаным: філалагічны. Перавагу Анатолій Міхайлавіч аддаў роднай беларускай мове.

– Чаму менавіта беларускую мову я выбраў? У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але беларуская мова павінна заставацца нашай роднай, – адказвае на маё пытанне Анатолій Міхайлавіч. – Няхай большасць беларусаў гаворыць на рускай мове, але сёння, я лічу, адукаваны чалавек павінен ведаць і валодаць роднай мовай. Выпускнікам нашай школы я заўсёды раю здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове. І, ведаеце, у пераважнай большасці школьнікі вы-біраюць менавіта беларускую мову. За апошнія гады, магу ўзгадаць, толькі адна выпускніца здавала тэсціраванне па рускай мове. Радуе, што дзеці любяць і паважаюць сваю родную мову. Паказчыкі цэнтра-лізаванага тэсціравання па беларускай мове ў нас высокія: сярод 25 устаноў адукацыі Мазыршчыны Каменская сярэдняя школа заняла трэцяе месца.

Сам  Анатолій Міхайлавіч стаў прыкладам для некаторых сваіх вучняў – яны таксама цяпер працуюць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры.

– Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Махнавіцкай школы Ала Сачук, настаўнік Зімовіцкай школы Таццяна Басак, настаўнікі Мялешкавіцкай школы Алена Цандзер і Надзея Грамовіч, – успамінае Анатолій Рудзько. – Мае выпускнікі працуюць і ў горадзе: напрыклад, Валянціна Кузьменка выкладае беларускую мову і літаратуру ў Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі.

Дарэчы, пра літаратуру. Якім творам беларускай літаратуры аддае перавагу  Анатолій Міхайлавіч, якія кнігі чытае ён з вучнямі на ўроках?

– Вядома, вялікую ўвагу ўдзяляем вывучэнню пісьменнікаў і паэтаў беларускага Палесся. Адна з маіх вучаніц пісала навуковую працу па палескіх празаіках і паэтах, атрымала дыплом І ступені. Ведаюць і чытаюць дзеці прызнаных класікаў: Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Івана Шамякіна. Падабаюцца школьнікам Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, вельмі любяць Васіля Быкава, творы якога на ваенную тэматыку займаюць асаблівае месца ў школьнай праграме па беларускай літаратуры. Са старшакласнікамі надаем вялікую ўвагу вывучэнню творчасці сучасных беларускіх аўтараў. Вельмі цікавыя, на мой погляд, Анатолій Вярцінскі, Янка Сіпакоў, Віктар Карамазаў, Іван Пташнікаў, Віктар Казько, – кажа педагог.

Сёння прафесія настаўніка – усё больш жаночая…

– Гэта так, – згаджаецца Анатолій Міхайлавіч. – І гэта праблема, калі ў школе працуюць толькі адзінкі мужчын. Лічу, што ў школе павінна быць аднолькавая колькасць настаўнікаў-мужчын і настаўнікаў-жанчын, а дзецям не хапае мужчынскага пераканаўчага слова.

Адпрацаваўшы столькі гадоў настаўнікам, Анатолій Рудзько ні разу не пашкадаваў аб выбары прафесіі. Аб сваім педагагічным крэда кажа так:

– Па-першае, кожны дзень настаўнік павінен ісці на працу радасна. І гэтую радасць дарыць дзецям. Гэта залог поспеху ў педагагічнай прафесіі. Па-другое, павінна быць такая якасць, як рэўнасць. Твой прадмет абавязкова павінен быць самым любімым у вучняў, а паказчыкі працы – лепшымі ў школе. Гэта значыць, быць дбайным ў адносінах да свайго прадмета. Па-трэцяе, быць справядлівым і праўдзівым ў адносінах да вучняў. Дзяцей жа не падманеш, яны адчуваюць няшчырасць лепш, чым дарослыя. Самае галоўнае – быць добрым і вучыць школьнікаў быць добрымі. Бо, як гаворыцца, што пасееш, тое і пажнеш.

____________________

Алена Іванаўна АкунецНа ўроку Алены Іванаўны Акунец падыходзіць да канца практычная работа: школьнікі з удумлівым выглядам абводзяць на контурных картах межы дзяржаў. Геаграфія – вельмі цікавая навука: нешта накшталт завочнага падарожжа па планеце. У самой Алены Акунец ў школе геаграфія была любімым прадметам, да таго ж школьныя настаўнікі раілі ісці ў педагогіку – усё гэта і паўплывала на выбар прафесіі.

– Я родам з вёскі Козенкі, – кажа Алена Іванаўна. – Пасля школы паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны на геолага-геаграфічны факультэт. Геаграфія – вельмі даўняя навука. Яна пашырае светапогляд, развівае інтэлект.

Пасля заканчэння універсітэта ў 1995 годзе Алену Іванаўну размеркавалі ў Каменскую сельскую школу настаўнікам геаграфіі і гісторыі. Там яна працуе і сёння. Ці не хацелася маладому педагогу пасля вучобы застацца жыць у горадзе?

– Прызнацца шчыра, такое жаданне ёсць амаль ва ўсіх студэнтаў, якія прыехалі з вёскі, – кажа настаўнік, – усё ж такі Гомель вялікі, прыгожы горад, мне ён вельмі спадабаўся. Але я ведала, што вярнуся і буду працаваць у Мазырскім раёне. Тым больш што, калі эйфарыя ад жыцця ў вялікім горадзе рассеецца, пачынаеш моцна сумаваць па дому…

Для Алены Іванаўны вельмі важна зацікавіць вучняў сваімі прадметамі.

– Стараюся, каб кожны ўрок быў цікавым і пазнавальным: актыўна выкарыстоўваю інфармацыйныя тэхналогіі, каб паказаць гістарычныя працэсы, геаграфічныя з’явы. І самі школьнікі вельмі любяць рыхтаваць дадатковы матэрыял да ўрокаў. Прыемна, калі вучні, якія заканчваюць школу, з упэўненасцю гавораць, што веды, атрыманыя на ўроках гісторыі і геаграфіі, ім да-кладна спатрэбяцца.

Сённяшнія школьнікі, на жаль, не вельмі любяць чытаць: лепш успрымаюць наглядную інфармацыю, канстатуе Алена Іванаўна. Але ўсё ж дзеці застаюцца дзецьмі: яны дапытлівыя і адкрытыя для ўсяго новага.

– Часам падыходзяць на перапынку, каб абмеркаваць сюжэт з навукова-папулярнай тэлеперадачы, падзяліцца ўражаннем ад роліка ў інтэрнэце, спытаць, што я пра гэта думаю, – ус-міхаецца настаўніца. – Гэта важная ўмова паспяховай педагагічнай працы: зацікавіць вучня прадметам і навучыць яго здабываць веды самому, не абапіраючыся на адзін толькі школьны падручнік.

Акрамя работы настаўніка-прадметніка, Алена Іванаўна Акунец таксама з’яўляецца адказнай за ідэалагічную работу.

– Гэта работа, накіраваная на выхаванне патрыятычных пачуццяў, фарміраванне гарманічна развітай асобы, якая павінна ведаць культуру сваёй краіны, законы сваёй дзяржавы. Ідэалагічная работа мае вельмі вялікае значэнне: да заканчэння школы вучань павінен стаць адукаваным, культурным, добра выхаваным і законапаслухмяным чалавекам. У нашай школе, акрамя прадметных тыдняў, праводзяцца тыдні прававых ведаў. Наладжана актыўная работа па прафарыентацыі: арыентуем старшакласнікаў на атрыманне прафесій, у якіх мае патрэбу рынак працы. У тым ліку прафесій, якія звязаны з сельскай гаспадаркай, мы жывем у сельскай мясцовасці, і трэба, каб вёска наша развівалася, і моладзь заставалася ў ёй, – тлумачыць Алена Іванаўна.

На культурнае развіццё навучэнцаў накіраваны экскурсійныя паездкі і ўдзел у розных конкурсах. Сёння маштабна праводзіцца конкурс «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», у якім школа прымае ўдзел. Вучні таксама ўдзельнічаюць у акцыях, якія прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, у мерапрыемствах, прысвечаных памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, школьнікі ўдзельнічаюць з асаблівым энтузіязмам.

– Разам з навучэнцамі мы праводзім даследчую работу, якая накіравана на вывучэнне ваенных дзеянняў у гады ВАВ на тэрыторыі Мазыршчыны. Падтрымліваем сувязь з ветэранамі. У нашай школе вучыўся ўнук ветэрана Уладзіміра Ігнатавіча Мышкаўца Мікалай Калацэй, з працай на падставе ўспамінаў дзядулі ён удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе і быў узнагароджаны дыпломам III ступені, – распавядае Алена Акунец.
Мноства падзей, пастаянныя зносіны з дзецьмі – усё гэта робіць працу настаўніка цікавай і разнастайнай. І зараз Алена Іванаўна аб сваім выбары прафесіі не шкадуе.

– Я люблю сваю працу і люблю дзяцей, з якімі працую, – кажа яна. – Лічу, што кожнае дзіця таленавітае. Убачыць у ім талент і дапамагчы развіць – вось задача настаўніка.

Алена МЕЛЬЧАНКА
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *