Алёшава груша

Милун2Наканаваў мне лёс з’явіцца на свет ў чорную часіну ўсяго нашага беларускага народа. 22 чэрвеня 1941 г. у поўдзень прыскакаў у вёску конік (тэлефонаў раней не было) і прынёс страшэнную вестку: пачалася вайна. А ўжо а 16-й гадзіне ў гэты ж дзень бацька і бабуля прынімалі роды ў маці. Прыйшлі ў хату адначасова і радасць (папоўніла сям’ю дачурка), і горкая навіна, якая ўскалыхнула сэрцы людзей, прынесла трывогу за будучае дзяцей, людзей, усяго чалавецтва.

Так  я, сёмая ў сям’і, нарадзілася ў маленькай вёсачцы Ламачы, якая размяшчалася на левым высокім беразе ракі Прыпяць. Тут прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. Бацька радаваўся, што нарадзілася пяць сыноў, а дзве дачкі сталі памочніцамі маці. Пяць мужчын у доме – гонар бацьку. Навучыў за плугам хадзіць, з сякерай, касой упраўляцца, стагі кідаць, чаравікі і боты шыць з ялавічнай скуры, якую самі выраблялі, дугі гнуць. Хлопцы і да гаспадарчай справы былі здатныя, і да навукі. Чацвёра закончылі Мазырскае педвучы-лішча да вайны (гэта была асноўная кузня адукаваных людзей у Палескай вобласці). Паспяхова вучыліся ў ВНУ. Сталі настаўнікамі. Старэйшы Сяргей першы пралажыў педагагічную сцяжынку, пасля БДУ стаў выкладчыкам рускай і нямецкай моў, Заслужаным настаўнікам БССР, Віктар – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, Міхаіл – выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, Аляксей – у пачатковай школе. Сям’я жыла дружна, хоць і бедна.

Але бяда заўсёды прыходзіць неспадзявана. У 1938 г. Аляксей быў назначаны загадчыкам Маклішчанскай пачатковай школы (Хойніцкі раён). У 1940 г. прызвалі яго ў армію разам са стрыечным братам Л.Кузьменкам. Службу брат праходзіў у Даўгаўпілсе. Хутка стаў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Бацькам у Ламачы прыйшла грамата за выдатную службу сына (яны яе захоўвалі ўсё сваё жыццё, памясцілі ў рамачку і павесілі на сцяну).

Часта Аляксей пісаў пісьмы дадому, марыў: «Калі атрымаю 10-дзённы водпуск, пабываю на родных берагах Прыпяці. Хутчэй рабіце човен і спускайце яго на ваду…» (пісьмы захоўваюцца ў родзічаў). У краса-віку 1941 г. Аляксей пісаў: «Усё было б добра, але з боку Германіі нешта не ладна. Кажуць, што самалёты часта парушаюць нашу граніцу… Да пабачэння. Але не ведаю, калі пабачыцца давядзецца».

Не давялося. Пачалася вайна. Яго часть трапіла ў акружэнне. Аляксей Мілун пападае на Міёршчыну, уступае ў падпольную арганізацыю, а потым ў партызанскую брыгаду «Кастрычнік». Аб далейшым яго лёсе мы, родныя, даведаліся з кнігі «Усенародная партызанская вайна ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», напісанай па свежых слядах баявых дзеянняў. У 1943 г. атрад брыгады «Кастрычнік» павінен быў не прапусціць падмацаванне немцам, гарнізон якіх размяшчаўся ў Міёрах. Гітлераўцы разлічвалі, што рашучымі дзеяннямі яны прымусяць партызан адысці. Але байцы другога ўзвода на чале з камандзірамі ад-дзяленняў Мілуном і Кручковым імклівым кідком адбілі шашу, што аддзяляла іх ад праціўніка, і, закідаўшы ворага гранатамі, гераічнай атакай адагналі яго. Дзве гадзіны гітлераўцы не спынялі спроб прарвацца да Міёр, але вялікія страты прымусілі іх адмовіцца ад свайго намеру, і яны, праследуемыя партызанамі, пакінулі вёску Ліпаўка. У ходзе бою праціўнік страціў некалькі дзясяткаў салдат і афіцэраў, адзін гітлеравец быў захоплены ў палон. У гэтым баі загінулі смерцю храбрых А.А.Мілун і партызан Кавалёнак.

Другая кніга «Людзі Нарачанскага краю» пад рэдакцыяй І.Ф.Клімава, якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у 1975 г., таксама паведамляе пра гераічнае жыццё і барацьбу Аляксея Мілуна ў падполлі, у партызанскай брыгадзе «Кастрычнік». Кнігу гэтую падарылі брату Сяргею ў школе. Так лёс распарадзіўся, каб родныя прачыталі пра сына і брата, што ён па-геройску загінуў, што быў прыкладам для іншых. Наш брат Аляксей — гэта вечны боль, наша незагойная рана, наш гонар. Маці ўсё жыццё аплаквала сына, жыццё якога абарвалася на 22 годзе. Ён пахаваны ў брацкай магіле, што знаходзіцца ў маленькай вёсачцы Пацеенкі на Міёршчыне. Вучні суседняй школы праводзяць урокі мужнасці каля брацкай магілы, даглядаюць яе, змагаюцца піянерскія атрады за пры-
сваенне імя А.Мілуна, пера-пісваюцца са мной, сабралі багаты матэрыял пра А.Мілуна для школьнага музея.
Цікавы адзін факт. Калі ішоў Аляксей у армію, пасадзіў грушу-дзічку пад акном у двары роднага дома. А браты малодшыя Міхаіл і Віктар прымацавалі шыльдачку: «Алёшава груша». Думалі, вернецца, убачыць, парадуецца. Не вярнуўся.

Нашу веску Ламачы з першых дзён аварыі на ЧАЭС высялілі. Два гады назад чыясьці рука чыркнула запалкай і падпаліла скалечаную вёсачку. Палавіна яе згарэла. Агонь спыніўся перад грушай, якую пасадзіў Алеша. Яна ужо вымахала высокая, кучаравая, пладаносная. Яна як жывая душа, як помнік нашаму дому, як напамінак: тут жыла шматдзетная, дружная, працавітая сям’я, тут пахаваны нашы бацькі, наш самы малодшы брацік Іванка, які загінуў ва ўласным двары ў час бамбёжкі ў 1943 г.

Калі прыязджаем на Радуніцу, заўсёды ідзем на месца, дзе была наша хата, падыходзім да грушы ў двары і нібы чуем жаласлівы голас маці-нябожчыцы: «Лёшава груша. Лёша пасадзіў».

Загінуў Аляксей 28 чэрвеня 1943 г. Так і не даведаўся, што я, яго сястра, нарадзілася ў першы дзень вайны, што нарадзіўся ў яго сын, якога назвалі таксама Аляксей, ужо пасля гібелі бацькі-салдата, не даведаўся і пра смерць Іванкі.

Милун1

З сямі дзяцей я засталася адна. Прачытаўшы мой успамін, магчыма, хто захоча прачытаць кнігу «Людзі Нарачанскага краю», той можа знайсці ў ёй цікавыя звесткі пра сваіх родзічаў, блізкіх і проста знаёмых. Яна можа стаць настольнай кнігай па выхаванню вернасці Радзіме, патрыятызму, у ёй багаты матэрыял аб П.М.Машэраве.
Адступае з гадамі гора. Раны вайны залячылі. А раны духоўныя? Думаю, доўга яшчэ яны будуць у нашай памяці. Не зажываюць, не гояцца тыя раны, што пакінула ў сэрцах людзей вайна. Як піша Б.Мароз, мы павінны помніць.

Навокал ціха і спакойна,
Здаецца, гора ўсё мінула.
Але ўдовінай слязой
Вайна мне ў сэрца зноў кальнула.
Не, не забыць суровых дат,
Не можна ў памяці іх сцерці,
І гераічных тых салдат,
Што ратавалі нас ад смерці.

Раіса МІЛУН,
ветэран-педагог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *