Мая радзiма, адна-адзiная…

26 красавіка – 28-я гадавіна трагедыі  на Чарнобыльскай АЭС

Бяду не клічуць і не чакаюць… Яна прыходзіць сама. Знянацку.

Такім днём у маёй памяці засталося 26-е красавіка 1986 года, калі адбылася трагедыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Па накіраванню Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта я працавала дырэктарам школы ў сваёй роднай вёсцы Мокіш, што ў Хойніцкім раёне. Розум адказваўся верыць у тое, што здарылася, а калі паступіў загад аб абмежаваным тэрміне эвакуацыі дзяцей і школьнікаў, то зразумела, што трагедыя стала набываць бязмежны маштаб. Па шашы з Прыпяцкай зоны бясконцым ланцугом пацягнулася тэхніка: вывозілі дзяцей, жывёлу, каштоўныя матэрыялы… Людзей абмя-жоўвалі з багажом: можна было ўзяць з сабою толькі дакументы і самыя неабходныя асабістыя рэчы. Жыхары плакалі, пакідаючы свае абладжаныя «гнёзды». Думалася, часова, а, як высветліцца пазней, назаўсёды.

Ад маёй вёскі Чарнобыль знаходзіўся ў 30-кіламетровым радыусе…

Дарога дадому: цяпер тут валадараць зубры.

Дарога дадому: цяпер тут валадараць зубры.

IMG_7019

IMG_7041

Красавік 1986-га выдаўся асабліва цёплым і сонечным. Самы час сялянам было завіхацца на зямлі, якая зачакалася плуга і насення. Але ж, назіраючы за небам, якое адзін за адным у накірунку Прыпяці распаласоў- валі верталёты, рукі апускаліся. Вось так жах і трывога імгненна разбурылі жыццё ва ўсім наваколлі. Вёска Бабчын трапіла ў першы этап планавага адсялення і была выселена восенню 1986-га, а ў Мокішы людзі жылі і працавалі яшчэ да 1989 года. Ніхто не стрымліваў тых, хто хацеў пакінуць яе па свабоднаму адсяленню. Спяшаліся вы-ехаць з забруджанай зоны сем’і з дзецьмі. Працаздольнае насельніцтва даглядала жывёлу, апрацоўвала зямлю і змагалася з нябачным ворагам пад назваю радыяцыя. У першыя дні, нават тыдні і месяцы ніхто не ўяўляў са-праўднага памеру катастрофы: бадзёрыя дыктары Цэнт-ральнага тэлебачання паведамлялі, што ўсё, маўляў, пад кантролем. Але ж кіламетровыя караваны аўтобусаў і грузавікоў на дарогах смуткам і болем перапаўнялі сэрцы і душы людзей. Горкія навіны пазбавілі сну…

На самой жа справе адбылося тое, што за першыя два тыдні пасля выбуху і пажару з пашко-джанага чацвёртага энерга-блока ЧАЭС у атмасферу была выкінута вялізарная частка радыёактыўных рэчываў. Пад уздзеяннем атмасферных працэсаў воблакі з радыёнуклідамі дасягнулі Канады, ЗША, Японіі, Кітая, Індыі, Кувейта. У СССР больш за ўсіх ад радыяцыі пацярпела Беларусь. На яе тэрыторыі асела каля 70% радыёнуклідаў, якія стварылі шэраг доўгатэрміновых экалагічных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых і сацыяльных праблем. У Хойніцкім раёне абязлюдзелі дзясяткі вёсак і населеных пунктаў. Маю вёску пасля высялення жыхароў спасціг лёс разграблення, марадзёрства, а два гады таму – і поўнае захараненне. Вечным успамінам на падвор’ях сядзіб засталіся квітнеючыя па вясне кусты бэзу, жасміну, здзічэлыя дрэвы яблынь, вішань і груш. Безумоўна, не зарасце ніколі дарога да могілак, дзе свой вечны прытулак знайшлі мае продкі, мае працавітыя і руп-лівыя землякі, якія нібы працягваюць сваё жыццё тут, на кладах. Тыя ж, каму патрэбна было развітацца з радзімай назаўсёды, атрымалі горкі ярлык «перасяленец».

Дзякуючы намаганням карэнных жыхароў калгас «Кастрычнік» у свае часы трымаў высокую планку на розных узроўнях. Асабліва пладатворным быў перыяд, калі яго ўзначальваў стрыечны брат вядомага беларускага класіка І.П.Мележа – Анікандр Дзмітрыевіч Мележ.

На ўсю рэспубліку сваёй ударнай працай у 60-70-х гадах праславілі калгас хлебаробы-механізатары – Героі Сацыялістычнай працы Л.В.Сакоўскі, У.П.Кот, Р.М.Курленка, М.В.Дрончанка. У цяперашні ж час на тэрыторыі адселенай вёскі Бабчын – галоўнай сядзібы калгаса – знаходзіцца вытворча-эксперыментальная база Палескага дзяржаўнага экалагічна-радыяцыйнага запаведніка, агульная плошча якога складае больш чым 200 тысяч гектараў лесу і зямель, абнесеных калючым дротам. На падворках, зарослых бур’яном і кустоўем, у Бабчыне гаспадараць і здымаюць па восені ў садах шчодры ўраджай даўно ўжо іншыя жыхары і госці. У іх ліку лісы, куніцы, вавёркі. Да самай зімы вострымі клыкамі рыхляць апалае лісце вепры. Да бліжэйшых да лесу хат смела наведваюцца ваўкі, ласі і зубры. Апошнія былі завезены сюды вучонымі з мэтай стварэння новай вольнажывучай мікрапапуляцыі. Амаль за два дзясяткі гадоў жывёла ўжо распладзілася, і не дзіва, што на дарозе да сельскіх могілак у Мокішы можна сустрэцца з зубрам. Для гэтага, аказваецца, зусім не трэба ўжо ехаць у Белавежскую пушчу. Штогод, калі еду на Радаўніцу наведаць магілы блізкіх, абапал дарогі заўважаю слупы: «Асцярожна, зубры!»

Бусел – сімвал жыцця і надзеі. І характэрна, што ў першыя пасля аварыі на ЧАЭС гады яны амаль не ляцелі на Палессе. Насцярожвала думка, што зямля, як і жыццё на ёй, вымра і застанецца без будучыні… Але ж, каб зразумець гэтую разумную птушку і чалавека, трэба ўявіць сябе на яго месцы, уявіць сабе той час, напоўнены роспаччу і выпрабаваннямі. Мне давялося гэта адчуць на сабе, па прычыне радыяцыі рана страціць амаль усіх сваіх блізкіх і наогул сваю малую радзіму, якая да скону дзён будзе жыць у маім сэрцы. Мне давялося быць сярод маіх землякоў да верасня 1986 года, пакуль не атрымала дакументы на адсяленне. Я адчувала боль маіх землякоў і без тлумачэння разумела безнадзейныя погляды. Можа, таму ў мяне засталося перакананне, што па ўласнай волі ніхто з палешукоў нікуды б не паехаў. Яны вельмі гаспадарлівыя і моцна ўлюбёныя ў свой край людзі. Тут жа з пакалення ў пакаленне перадаваліся ад бацькоў да сыноў лепшыя чалавечыя якасці. Калгас добрасумленнай працай праслаўлялі дынастыі даярак, механізатараў. Адна з іх – сям’я Дрончанка. Галава сямейства Мікалай Васільевіч заўсёды быў у ліку лепшых хлебаробаў калгаса «Кастрычнік». Больш як 20 год тут працавала трактарысткай і яго жонка Наталля Мікалаеўна. Яшчэ ў 30-гадовым узросце Мікалай Дрончанка за працоўныя дасягненні атрымаў высокую ўрадавую ўзнагароду – ордэн Леніна. Крыху пазней на лацкан яго пінжака дадаліся яшчэ ордэны Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. А з Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у капілку ўзнагарод прыйшлі да механізатара залаты, сярэбраны і тры бронзавых медалі. Праз доўгія гады ён пранёс шчырую вернасць роднай ніве і такую ж любоў да справы перадаў сваім сынам. Калі здарылася трагедыя на ЧАЭС, то не пажадаў шукаць сабе больш спакойнага месца пасля распаду калгаса «Кастрычнік» (родная яго вёска – Чахі), а працягваў працаваць у складзе калектыву эксбазы «Стралічава». Цесных сувязяў з тэхнікай не парываў аж да 72-гадовага ўзросту(!).

Справа хлебароба ў надзейных руках.  На здымку Аляксандр Мікалаевіч Дрончанка.

Справа хлебароба ў надзейных руках.
На здымку Аляксандр Мікалаевіч Дрончанка.

Бацькоўскую справу ў эксбазе «Стралічава» зараз працягваюць два сыны М.В.Дрончанкі – Аляксандр і Юрый, для якіх Хойнікшчына займае ў сэрцы пачэснае месца, а глыток радзімы наталяе смагу, як прагу да жыцця… Старэйшы сын Аляксандр, хоць і атрымаў статус перасяленца і афіцыяльна ўжо лічыцца жыхаром Мазыра, вырашыў, што да пенсіі (засталося зусім мала) будзе апрацоў-ваць тую зямлю, да якой пры-кіпеў душою. Мне асабліва прыемна гаварыць пра Аляксандра, таму што ён – мой аднакласнік, і пра яго лепшыя чалавечыя якасці я ведаю з дзяцінства. Ён з кагорты на-дзейных сяброў, якія не пакінуць у бядзе, якія падзеляць з табою апошні кавалак хлеба, падтрымаюць у цяжкі час… Побач з братам тут працуе і малодшы сын Мікалая Васільевіча – Юрый. Без перабольшвання магу сказаць, што сямейная дынастыя Дрончанка – гонар эксбазы «Стралічава»: браты амаль штогод – удзельнікі рэспубліканскага і абласнога святаў «Дажынкі». Здаецца мне, што нешта асаблівае захоўвае ў сабе мая Хойнікшчына, калі яе так любяць і шануюць тыя, хто нарадзіўся ў гэтым краі.

Нават Чарнобыль не здолеў заглушыць і адабраць гэту любоў, наадварот, узмацніў яе яшчэ больш…

Не страчваю сувязяў са сваёй малой радзімай і я. Назіраю за ўсім, ана-лізую, шчыра радуюсь поспехам маіх землякоў і зменам, якія адбываюцца на маёй роднай зямлі. Думаю, што нездарма ў маі 2012 года ў вёсцы Губарэвічы на зрэзе векавога вяза праступіў лік Багародзіцы. Па словах настаяцеля храма ў імя святых пакутнікаў Барыса і Глеба, такой з’яве патрэбна радавацца. Гэта значыць, што не адвярнулася Багародзіца ад мнагастрадальнай зямлі, калі тут жывуць людзі, апрацоўваюць зямлю, сеюць хлеб, гадуюць дзяцей. Значыць, будзе на гэтай зямлі жыцця працяг. Гэта пацвярджаюць і чароды буслоў, якія штогод спяшаюцца сюды з далёкага выраю.

Той самы векавы вяз, на якiм праявiўся лік Багародзіцы.

Той самы векавы вяз, на якiм праявiўся лік Багародзіцы.

…Гляньце, блякла дрыжыць
Над хацінамі неба палоска.
Быць хацела і жыць
На планеце і гэтая вёска.
Сёння жудасцю страт
Вочы кожнаму горычна коле.
Вашых лёсаў і хат
Не кранецца хай гэткая доля…

Наталля КАНОПЛІЧ,
фотаздымкі аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *