Шчасце настаўнiцы

Новый проект Ларисы ЧЕРНОЙ «Сельчанки»

Марыя Вiктараўна КРАЎЧАНКА, настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Глiнiцкага дзiцячага саду – базавай школы, перад тым, як пайсцi на работу, па звычцы на некалькi хвiлiн затрымалася ля люстэрка: сёння асаблiвы дзень, i хочацца выглядаць адпаведна. Яна строгiм, крытычным позiркам агледзела сваю постаць i засталася задаволеная: дзелавы сучасны касцюм, акуратна ўложаныя папялiстыя валасы, спакойны засяроджаны твар, ледзь прыкметная ўсмешка…

Марыя Краўчанка

– Машына пададзена, калi ласка, паспяшайцеся, класны кiраўнiк, вас чакаюць вялiкiя справы, – усмiхнуўся муж, Мiхаiл Васiльевiч.

I, не чакаючы ў адказ жончынага слова, дадаў: «Нiколькi не сумняваюся, што твае пяцiкласнiкi здзiвяць сур’ёз-нымi i грунтоўнымi ведамi i цябе, сваю настаўнiцу, i гасцей…»

О, як яна на гэта спадзявалася! Толькi падумаць: столькi ўрокаў дадзена, столькi тэм пройдзена, столькi выхаванцаў благаславiла яна ў шчаслiвы i яркi лёс, такi аўтарытэт трывалы i вялiкi мае,  а ўсёроўна хваляванне ахоплiвае такое, нiбыта толькi-толькi пераступiла школьны парог… З iншага боку, як жа тут утрымаешся ад эмоцый трывогi, калi размова iдзе аб акрэдытацыi школы, а, значыць, неабходна прадэманстраваць добрае веданне падлеткамi прадмета, яе прадмета – беларускай мовы i лiтаратуры… Марыя Вiктараўна так i сказала вучням: «Дзецi, да нас прыедуць паважаныя людзi з усяго раёну, iм трэба паказаць, чаму вы навучылiся. Справiцеся з гэтай адказнай задачай?»

– Не сумнявайцеся, Марыя Вiктараўна, мы вас парадуем! Мы ж так вас любiм!

Ад гэтых простых i шчырых слоў палагоднела душа: значыць, не дарэмнымi былi ўсе яе намаганнi, iмкненне прывiць павагу да роднай мовы, жаданне размаўляць на ёй… Як жа верна падмецiў Уладзiмiр Караткевiч: «Той, хто забыў сваiх продкаў, той згубiў сябе, а хто забыў мову, той згубiў усё…» Вось чаму iмкнецца вясковая настаўнiца з Глiнiцы спаўна i дастойна выканаць такую складаную мiсiю – навучыць паважаць родную мову, а што можа быць высакародней гэтага? I вось яно, дзiва дзiўнае: забылi пяцiкласнiкi i пра футбол, i пра гульнi, а ўсур’ёз узялiся за правiлы… Усе заданнi Марыi Вiктараўны старанна выконвалi, iмкнулiся як мага болей чытаць… Здзiвiлiся паважаныя госцi: якiя малайцы дзецi! Парадавалi трывалымi ведамi ўсiх – вось табе i глыбiнка! Шчаслiва адчувала сябе i класны кiраўнiк пятага класу – не сорамна было ёй за сваiх выхаванцаў!

А ўвогуле, калi аглянуцца назад, то за ўсе 24 гады працы ў вясковай школе, здаецца, i не было ў жыццi Марыi Вiктараўны Краўчанкi анiводнага дня, якi б прынёс ёй педагагiчнае расчараванне: не атрымалася нешта! Наадварот, заўсёды ўсё было так, як яна i жадала: у дзяцей добрыя веды па яе прадмету, i, можа, таму, што яна сама была для iх добрым прыкладам для пераймання ва ўсiм?

Закончылiся заняткi, апусцелi школьныя калiдоры, толькi Марыя Вiктараўна не спяшалася дамоў. Мiхаiл Васiльевiч, дзецi ведалi: турбаваць яе не трэба, калi затрымлiваецца ў школе, значыць, ёсць на тое падстава. Заўтра – чацвер, у Марыi Вiктараўны пяць урокаў. А гэта сур’ёзна, бо яе прынцып заўсёды адзiн i той жа – semper idem – дасягнуць пастаўленай на ўроку задачы. Калi яна рэалiзавана, значыць, ён атрымаўся. I гэта радуе Марыю Вiктараўну больш за ўсё. Заўтра яна адкрые для шасцiкласнiкаў новую тэму – займеннiк. Як заўсёды, настаўнiца праявiць для гэтага ўвесь свой педагагiчны талент i мудрасць, каб дзецi ведалi пра яго лiтаральна ўсё… Яе настаўнiцкi сакрэт просты: iсцi да дзяцей з адкрытай душой, нават тады, калi так не спакойна на сэрцы, толькi вялiкая i шчырая любоў да сваiх выхаванцаў – галоўны ўладар i розуму, i эмоцый у гэты час. Вох, як жа бывае складана часам зацiкавiць дзяцей тэмай – думай, Марыя Вiктараўна, як гэта зрабiць, распрацоўвай новыя падыходы, формы, але задачу сваю выканай – дай дзецям добрыя веды! Тут i iнтэлектуальныя гульнi спатрэбяцца, i гутаркi, i «круглыя сталы»… А што датычыць заўтрашняга ўроку, то настаўнiца была ўпэўнена: займеннiк адкрыецца вучням ва ўсiм сваiм харастве i прыцягальнасцi! А сказ для гэтага Марыя Вiктараўна прапануе такi: «Я люблю свой родны край». Тут ёсць i асабовы займеннiк, i прыналежны… На адным гэтым прыкладзе можна i патрыятызм выхоўваць, i тэму глыбока асвоiць. Так што ўсё заўтра атрымаецца, абавязкова атрымаецца! А дню сённяшняму Марыя Вiктараўна, як звычайна, скажа: «Дзякуй!» За тое дзякуй, што быў. За тое дзякуй, што плённым атрымаўся. За тое дзякуй, што дзецi зрабiлi яшчэ адзiн крок да цудоўнага свету пазнання роднай мовы. I няхай не ўсе будуць размаўляць на ёй, хiба ж ў гэтым справа? Галоўнае тое, што выхаванцы Марыi Вiктараўны Краўчанкi ведаюць i выконваюць завя-шчанне Францішка Багушэвiча: «Беражыце нашу мову, каб не ўмерлi!»

У яе нiколi не было сумненняў наконт прафесii: вядома, стаць настаўнiцай, выкладаць беларускую мову i лiтаратуру! Як жа ёй хацелася ў дзяцiнстве ведаць яе так, як ведалi яе любiмыя педагогi Валянцiна Аляксееўна Арцюшэнка i Нiна Мiхайлаўна Дробыш, – дасканала! Яна была проста апантана гэтай марай, а калi так, то, вядома, на шляху да яе адступаюць усе перашкоды! Вучыцца ў Мазырскiм педагагiчным iнстытуце iмя Н.Крупскай было вельмi цiкава. Учарашняя выпускнiца Глiнiцкай сярэдняй школы Марыя Краўчанка была чалавекам сур’ёзным i адказным, яе вабiлi свет ведаў, прыгажосць, лагоднасць, багацце, меладычнасць, трапнасць, глыбiня роднага слова, i паступова яна заўважала, што ўжо i думае на ёй, i размаўляе… Бог мой, як жа Марыя Вiктараўна гэтага моманту чакала, як iмкнулася да яго! Усё ў жыццi гэтай мэтанакiраванай, удумлiвай, працавiтай сельскай дзяўчыны з аддаленай вёскi раёна складвалася найлепшым чынам. Яна вярнулася на сваю маленькую радзiму, дзе з’явiлася на свет Божы, дзе прайшло яе юнацтва, дзе былi яе вытокi, дзе жыла мацi… Аб тым, каб выкладаць беларускую мову i лiтаратуру ў горадзе, i гамонкi не было! Марыя Вiктараўна аднойчы i назаўсёды звязала свой лёс з вёскай i нiколi ў гэтым не расчаравалася: як добра працуецца, як лёгка дыхаецца там, дзе твае каранi! I таму яна адчувае сябе шчаслiвай: дзякуй табе, лёс, што ўсё менавiта так i атрымалася!

Свой першы ўрок маладая настаўнiца правяла ў Асавецкай сярэдняй школе, куды трапiла па накiраванню. Як раз тады шырока адзначаўся юбiлей Францыска Скарыны, i на педагагiчным савеце вырашылi, што яго правядзе ў старэйшых классах малады спецыялiст, мовазнаўца Марыя Вiктараўна Краўчанка. Як жа яна хвалявалася! Цуда было ў тым, што памiж 16-гадовымi падлеткамi i 22-гадовай настаўнiцай адразу ўстанавiлiся адносiны павагi i даверу, i гэта быў той самы залаты ключык, якi адкрываў вялiкае таiнства роднай мовы, а значыцца, i цiкавасць да прадмету, якi яна выкладала. Марыя Вiктараўна гэта адчула адразу, з першых хвілін: дзецi яе прынялi! Яе слова да iх дайшло, яны пакiнулi яго ў сваiм сэрцы, i шчасце настаўнiцы было вiдавочным… I тады, калi выхаванцы Марыi Вiктараўны радавалi глыбокiмi, трывалымi ведамi, i тады, калi яны гучна заяўлялi аб сабе на раённых i абласных алiмпiядах… Якая гэта была радасць! Сапраўдная, бязмежная: значыць, змагла яна ўзяць пастаўленую мэту! Змагла!

Зараз Марыя Вiктараўна Краўчанка выкладае беларускую мову  i лiтаратуру ў Глiнiцкiм дзiцячым садзе – базавай школе, у той самай, у якой калiсьцi вучылася сама. Каб мы не былi нацыяй мёртвай, а былi сапраўднай беларускай нацыяй, вясковая настаўнiца iмкнецца, i гэта ў яе добра атрымлiваецца, данесцi вучням цiкавасць да роднай мовы. А таму i зараз, нягле-дзячы на тое, што педагагiчны стаж Марыi Вiктараўны салiдны – 24 гады, яна па-ранейшаму на падрыхтоўку кожнага ўроку затрачвае да пяцi гадзiн: як шмат усяго ёй хочацца адкрыць вучням за 45 хвiлiн! Ад прасцейшых форм выкладання да складаных – так раскрывае настаўнiца прыгажосць i прывабнасць слова, на якiм размаўлялi нашы продкi. Усе трое дзяцей Марыi Вiктараўны – Юля, Вольга i Васiль – добра ведаюць i размаўляюць на беларускай мове. Не толькi ў школе, але i дома. Летась, калi старэйшая дачка Юля стала студэнткай Гомельскага ўнiверсiтэта iмя Францыска Скарыны, неяк прыехаўшы дамоў на канiкулы, яна сказала з горыччу мацi:

– Навошта твая беларуская мова?! У нас ўсе прадметы выкладаюць на рускай, мяне не разумеюць многiя, нават смяюцца, бо я адна ў групе на ёй размаўляю…

Марыi Вiктараўне стала балюча чуць, крыўдна стала: чаму так адносiцца моладзь да святога? А сёлета яе сэрца ўзрадвалася.

– Ведаеш, мама, у нас ужо палова студэнтаў за родную мову, многiя з жаданнем размаўляюць i думаюць на ёй. Значыць, патрэбная яна!

А Марыi Вiктараўне ўспом-нiлася, як аднойчы, калi яшчэ была студэнткай, яна пайшла ў гарадскi парк са сваёй любiмай школьнай настаўнiцай Валянцiнай Аляксееўнай Арцюшэнка, i тая, не саромяючыся, размаўляла на беларускай мове – так прыгожа, так узнёсла, так мелагучна, i тады яна зразумела: гэта ж повад ганарыцца! Неяк Марыя Вiктараўна з уласнымi дзецьмi – Вольгай i Васiлём, патрэба была такая, зайшла ў Асавецкую вясковую бальнiцу. Атрымаўшы неабходную дапамогу, яны было ўжо накiравалiся да машыны, як Марыю Вiктараўну супынiлi работнiкi ўстановы:

– Адразу вiдаць, што вы выкладаеце беларускую мову, – так прыгожа на ёй размаўляеце!

Марыя Вiктараўна ведае: вяскоўцы лiчаць яе добрай настаўнiцай, паважаюць, шануюць. Настаўнiк павiнен заўсёды iм заставацца. У клубе. У магазiне. На вулiцы, калi вядзеш гутарку з землякамi. Тут жа ўсё на вiду, усё бачна – i твае паводзiны, i паводзiны тваёй сям’i – як на далонi! Вось таму многiм яе выхаванцам, дарослым жыхарам Глiнiцы, хочацца браць прыклад са сваёй паважанай суседкi Марыi Вiктараўны Краўчанкi, з яе сям’i. У вёсцы настаўнiк – чалавек асобы, ён займае верхнюю прыступку сацыяльнай лесвiцы, i яна гэта не забывае. А таму, дзе б нi знаходзiлася Марыя Вiктараўна – на ўроку ў класе, сярод людзей, яна дастойна трымае сваю высокую i пачэсную марку вясковай настаўнiцы, i гэтым усё сказана. Калi б у яе спыталi, на чым трымаецца яе такi вялiкi аўтарытэт сярод землякоў, яна б, пэўна, адказала так: на трох кiтах: добрай, шчаслiвай сям’i, любiмай рабоце, здароўi.

Часам Марыя Вiктараўна затрымлiваецца ў школе дапазна, але яна ведае: муж, Мiхаiл Васiльевiч, дзецi з усiмi дамашнiмi клопатамi справяцца самастойна – не прывыкаць! Трэба адзначыць, што гаспадарка ў сям’i нямалая. Трымаюць дбайныя гаспадары i кароўку, i свiней, i курэй, iндакачак, пчол, а яшчэ – добры агарод, аж 40 сотак! Працаваць усiм прыходзiцца шмат, але да работы ўсе – з душой: не сорамна перад землякамi! А яшчэ Марыi Вiктараўне трэба дагледзець хворую свякруху, Марыю Цiмафееўну, якая жыве на адным падвор’i: накармiць, напаiць, памыць, зрабiць укол… «Бывае, ад усяго стамляешся, цяжка несцi гэты груз адказнасцi за ўсiх, не заўсёды на душы ярка i пазiтыўна, прыйдзеш часам з работы i ўтомлены, i без настрою, а тут трэба бегчы да бабулi, укол даваць, i тады прыходзяць у сэрца iншыя думкi: яна ж мяне чакае, чакаюць дома i муж, i дачушка з сынам… I тады ўсе адмоўныя эмоцыi – у кулак, каб было ўсё добра… Я заўсёды сябе стараюся трымаць у тонусе – i ў школе, i па-за яе сценамi: планку настаўнiцкую апускаць нельга! Нiдзе i нi ў чым!» – гаворыць Марыя Вiктараўна.
Паважаюць гэтую прыкметную вясковую жанчыну землякi за тое, што да людзей яна з адкрытай душой ставiцца, за тое, што сэрца ў яе светлае i вялiкае, што iдзе ад яго толькi дабрыня, што нiколi нiкога не пакрыўдзiла яна нi горкiм словам, нi ўчынкам…

Была поўнач, а Марыя Вiктараўна не спяшалася iсцi адпачываць, нягледзячы на тое, што на досвiтку трэба ўставаць: яна затрымалася за камп’ютарам, рыхтавала да чарговага ўроку карткi-заданнi, iншы раздатачны матэрыял… Заўтра, а дакладней, ужо сёння, праз некалькi гадзiн, у яе пройдзе пяць урокаў – у дзявятым, шостым i пятым класах… Успомнiўся ўчарашнi дзень, кантрольная работа ў выпускным класе: пераказ тэксту. А ўсё ж якiя малайцы яе дзецi! Справiлiся з няпростым заданнем, не расчаравалi настаўнiцу, i хiба можа быць большае задавальненне, чым гэтае, – твая праца не прападае дарэмна; твае намаганнi прыносяць такi добры плён! Трэба вельмi моцна любiць свой прадмет, каб жыць такой высакароднай марай: можа, дасць Бог, пасталеўшыя тыя, каго яна навучыла цанiць i берагчы родную мову, перададуць гэта i сваiм дзецям… I тады не будзе шчаслiвейшага чалавека ва ўсiм свеце, чым яна, Марыя Вiктараўна Краўчанка, бо яго формула ў разуменнi вясковага педагога вельмi простая: калi яны, яе вучнi, пойдуць па жыццi, не адступаючыся,  не падаючы, калi яна, iх настаўнiца, пачуе iх моцныя i ўпэўненыя крокi, адчуе павагу i любоў да галоўнага, што аб’ядноўвае нацыю, – роднай мовы, культуры, традыцый…

…А дзявятай гадзiне Марыя Вiктараўна прывычна зазiрнула ў люстэрка: як выглядае? Яе галоўнае ўпрыгожванне – добры настрой, а ён нiколi яе не пакiдае. Мiнута ў мiнуту настаўнiца зайшла ў клас i прывiтала дзяцей.
– Пачынаем работу. Я дапамагу вам сёння пазнаёмiцца з новай цiкавай тэмай – назоўнiкам…
Яшчэ адзiн крок да ведаў, яшчэ адзiн крок да вялiкай мэты – адкрыцця хараства i прыгажосцi роднага слова!

Лариса ЧЕРНАЯ

Шчасце настаўнiцы: 4 комментария

  • 01.05.2014 в 19:02
    Permalink

    Великий русский язык будет свободно развиваться в Беларуси, так же, как и наша «матчына родная беларуская мова». Если мы потеряем русский язык — мы лишимся ума!
    Если мы разучимся говорить на белорусской мове — мы перестанем быть нацией.А.Г.Лукашенко (послания Президента белорусскому народу).
    Разницу чувствуете?! Не нужно искажать президента.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 01.05.2014 в 17:07
    Permalink

    Наконт памылкі ў назве, то гэта хутчэй за ўсё памылка не Ларысы Чорнай, а адміна сайта, які, як я бачу, ставіцца да нашай мовы вельмі негатыўна і абыякава. Нават усе ўступныя словы да такога матэрыялу, напісанага на нашай мове, ён набраў па-расійску. Здзекваецца папросту!

    Вельмі прыкра, што сёння нават пра жыццё вяскоўцаў-сейбітаў распавядаецца на расійскай мове. Пэўна, супрацоўнік, што вядзе сельгастэматыку не беларус, альбо моцна асіміляваны, таму яму цяжка пісаць па-нашаму.

    Але я схільны верыць, што беларуская мова будзе ў «Жыцці Палесся» пашырацца, што гэты артыкул Ларысы Чорнай і пара замалёвак Наталіі Канопліч — гэта толькі першыя ластаўкі.

    Шкада, што на 23 годзе назалежнасці Беларусі ад галоўнай газеты сталіцы ўсходнягя Палесся даводзіцца з гэткаю прагаю чакаць ды лавіць гэтых ластавак на беларускай мове…
    Але ж, нездарма Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка сказаў у апошнім сваім пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь: «Калі мы развучымся размаўляць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй». Мазыр, нажаль, ужо амаль на мяжы гэтага. Трэба тэрмінова ратаваць сітуацыю. І на «Жыццё Палесся» тут самы вялікі разлік!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 30.04.2014 в 12:02
    Permalink

    Алесь, а вы не заўважылі, што ўжо ў назве ёсць памылка? («Шчасце настаўницы»)
    Але ў астатнім хочацца сказаць шчырыя словы падзякі за гэты матэрыял. Вельмі прыемна было чытаць пра Марыю Віктараўну.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 30.04.2014 в 11:14
    Permalink

    Вялікі дзякуй спадарыне Ларысе за цудоўны аповед пра настаўніцу. І асаблівая падзяка за тое, што па-беларуску. Спадзяюся, што і ўвесь праект будзе беларускамоўным. Няхай хаця б з нашых прыгожых, сціплых і працавітых вясковачак не выкараняецца наша мова!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *