Нiхто не заменiць, матуля, цябе!

Мама, мамачка, матуля… – наймілагучнейшыя, найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш свяшчэнным, чым імя маці? Для любога з нас маці – самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі.

Заўсёды лічылася, што маці – стваральнік, носьбіт і захавальнік дабрыні, сумленнасці, чысціні. Яна дорыць жыццё, зберагае цяпло хатняга ўкладу. Кожнае меркаванне, думка аб ёй – гэта, пэўна, адна іскрынка аднаго алмазу – дыяменту пад назвай Маці. Шчаслівы той, хто мае сваю родную маці. Яна гатова на самыя неверагодныя ахвяры для шчасця сваіх дзяцей. Маці не проста любіць сваё дзіця, слабае і дужае, прыгожае і непрыгожае, маці разумее яго ў шчасці і горы, у смутку і радасці. Маміна любоў абсалютна бескарыслівая. Нават калі адвернуцца сябры, асудзяць таварышы, суседзі, і толькі маці заўсёды з намі, любіць і разумее нас. Мілыя матулі абараняюць ад бяды, закрываюць грудзьмі.

Мне пашчаслівіла пазнаёміцца з жанчынай-маці чацвярых дзяцей. Радасці поўная хата. Падрастаюць два сыны і дзве дачкі. Толькі пазай-здросціць такой сям’і, вялікай, зла-джанай, працавітай. У дастатку. Дзеці вучацца. Толькі прыйшла бяда ў гэтую дружную, шчаслівую сям’ю. Заўчасна загінула дачка. Уся сям’я ў роспачы. Такое цяжка апісаць, а перажыць тым больш. Страціць роднае, дарагое – жыццё сваёй дачуркі – немагчыма… Мацярынскі боль незагойны! Смутак, жаль ад такой страты не пакідаюць яе  ні днём, ні ноччу. Час ідзе, а трывога не дае пакою. Хаця ў сям’і ўсе стараюцца маці па-спачуваць, падбадзёрыць.

 gfftt

І выйсце з такой сітуацыі прыйшло выпадкова… Малодшы сын прыйшоў на абед са знаёмым хлапчуком Сярожкам. За сталом у час размовы маці даведалася, што ён з дзяцінства не жыве дома, а яго выхоўваюць у сацыяльна-педагагічным цэнт-ры (прытулку).

Зоі Васільеўне Куцько хлопчык спадабаўся адразу, яна папрасіла, каб ён заходзіў да іх часцей. Прывыкла, пашкадавала яго, пасябравала і рашыла, параіўшыся з сям’ёй, узяць над ім апякунства. Хлапчанё абрадавалася. Так Сярожка набыў сабе сям’ю, вялікую, у якой ужо выхоўвалася сваіх трое дзяцей. Усе разам падавалі прыклад правільных паводзін названаму сыну ў сям’і, на людзях, у школе. Не адразу і не хутка пераймаў усё лепшае. А Зоя Ва-сільеўна хацела, каб было так, як і ў людзей, каб рос Сярожа добрым, спагадлівым, працавітым і дбайным, даражыў дружбай, імкнуўся да вучобы. Спачатку вучыўся слаба, але пад пільным кантролем Зоі Васільеўны і з дапамогай настаўнікаў сярэдняй школы № 14,  сваім стараннем Сярожу ўсе школьныя дысцыпліны паддаліся, асілеў. На радасць усім ён сёння на апошнім курсе юрфака БДУ.

Другога хлапчука, таксама Сярожку, прапанавалі ўзяць з СПЦ. Доўга Зоя Васільеўна не думала, згадзілася, навыкі ёсць, здароўе яшчэ ёсць, чаму не папоўніць сям’ю. Самае галоўнае,  ведала яна, што гэтым дзецям, страціўшым родны куток, патрэбна вялікая любоў, паўсядзённая ўвага, цярплівы мацярынскі клопат, душэўная ласка і пастаянная дапамога ва ўсім. Сярожа адчувае гэта і сам адказвае цяплом, ласкай, дапамагае, чым можа, у сям’і, на дачы. Добра вучыцца ў 9-м класе СШ № 14.

Зоя Васільеўна ганарыцца сваімі выхаванцамі – сынамі, бо і яны дзеляцца з ёй сваімі сакрэтамі, юначымі тайнамі, давяраюць ёй, ведаюць, што не асудзіць, а дапаможа і параіць. Яе любыя падлеткі паведамляюць аб сваіх марах, радасцях. Нават спрэчкі аб першым каханні давяраюць ёй адкрыта. Зоя Васільеўна па-сапраўднаму, па-мацярын-ску клапоціцца пра лёс сваіх родных дзяцей, а яшчэ больш за лёс сыноў, якіх узяла пад сваю апёку. Сёння яна для дзяцей – маці, сябар і першы настаўнік. Я думаю, якая б бяда не здарылася, якая б дапамога не спатрэбілася, яна заўсёды прыйдзе на выручку, будзе побач са сваімі выхаванцамі.  Такое ў Зоі Васільеўны вялікае добрае чалавечае сэрца. Гэта праўда. На днях яна зноў прыгалу-біла ўжо трэцяга сыночка Уладзіка, гарэзлівага, вясёлага, няўрымслівага хлапчука. Шосты клас – гэта ўжо юнак. Дай, Божа, ёй цярпення, ласкі, здароўя падняць на ногі, навучыць жыццю свайго Уладзіка. Сяргей Законнікаў пра такіх, як Зоя Васільеўна, сказаў: «Харошыя людзі, жывіце даўжэй!» Усе абавязкі па выхаванню сваіх дзяцей і прыемных яна дзеліць са сваім мужам Дзмітрыем Уладзіміравічам.

Сваю любоў, цяпло і клопат яна перадае не толькі сваім родным, але  з душой аказвае дапамогу і сусе-дзям. Па вялікай просьбе суседкі Н.В.Дарожкінай, інваліда II групы, перадаю сардэчную падзяку Зоі Васільеўне за падтрымку і дапамогу ў самы цяжкі перыяд – пасля аперацыі. Яна памагала ёй уставаць з каляскі, хадзіць на кастылях, гатавала ежу, насіла ў бальніцу, прыбірала. Такі чалавек павінен жыць вечна і несці людзям прыклад чалавечнасці і бязмерную любоў да жыцця. Вось такія дабразычлівыя людзі жывуць у нашым горадзе.
Я з вялікім замілаваннем, з гонарам адношуся да маці, у якіх такая сіла волі, такое добрае сэрца, такія высокія маральныя якасці, што могуць браць на апякунства, усынаўляць чужых дзяцей і клапаціцца, як пра родных. Ды ў нашай дзяржаве праяўляецца належны клопат пра мацярынства, ствараюцца прававыя законы. Адзін з іх заслугоўвае ўвагі – «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот і дзяцей, што за-сталіся без апекі бацькоў». Адчуваеш адказнасць і дзяржавы, і спагадлівых людзей за лёс і выхаванне дзяцей. Гэта заслугоўвае самай высокай пахвалы.

Раіса БРЭВУС, ветэран-педагог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *