Ці размаўляеце вы па-беларуску?

«Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, роднай мовы сваёй не цурайся; як не зрокся яе пад прымусам, так і вольны цяпер не зракайся»,  —  заклікаў паэт Алесь Гарун суайчыннікаў. На жаль, не так часта можна пачуць родную мову на вуліцах нашых гарадоў. Дакладней  —  амаль ніколі. Ці будзе квітнець беларуская мова? Карэспандэнт «Жыцця Палесся» вырашыла запытацца аб гэтым ў маладых жыхароў нашага горада.

*Барыс Барысенка, вучань 11 класа (фізіка-математычны профіль) і Анастасія Чумак, вучаніца 10 класа (філалагічны профіль) Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.

 Барыс і Анастасія

Барыс: «Мова з’яўляецца вельмі важнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Яна  —  сродак зносін паміж людзьмі. На жаль, я не кожны дзень карыстаюся беларускай мовай. Мае аднакласнікі размаўляюць на рускай мове, настаўнікі выкладаюць прадметы на ёй жа. Але я лічу, што кожны грамадзянін павінен ведаць беларускую мову. Вельмі балюча гля-дзець на аднагодкаў, якія не разумеюць яе. Такім чынам яны выказваюць сваю непавагу да продкаў. Давайце ўсе разам будзем крыху больш размаўляць на роднай мове ў паўсядзённым жыцці! Бо, як казаў Францішак Багушэвіч, не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі».
Анастасія: «У наш час беларуская мова не вельмі папулярная, няшмат людзей карыстаецца ёю ў паўсядзённасці. Мае сябры і я таксама размаўляем па-руску. Але я лічу, што родную мову трэба ведаць. Што можна зрабіць, як папулярызаваць яе? Па-першае, пачаць весці ўсё справаводства ў краіне на беларускай мове. Па-другое, зацікавіць моладзь: розныя беларускамоўныя сходкі, чытанні, моўныя курсы. Ёсць дастаткова паспяховыя прыклады такіх курсаў у Мінску. Трэба памятаць, што мы не будзем беларусамі, калі не будзем ведаць мову нашага народа».

*Ангеліна Гладышава, Вераніка Кулажэнка, Кірыл Рублеўскі, вучні 5 класа СШ №7, прызналіся, што з задавальненнем чытаюць кнігі на беларускай мове.

Ангеліна Вераніка Кірыл

—  Каб адчуваць сябе са-праўдным беларусам, трэба ведаць беларускую мову. І не толькі ведаць, але і карыстацца ёю. Гэтаму нас вучаць творы знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. На ўроках беларускай літаратуры мы вывучаем іх творчасць. Больш за ўсё падабаюцца Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк. Любім таксама беларускія народныя казкі.

Вера ЛітвінаваВера Літвінава, супрацоўнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю МДПУ імя І.П.Шамякіна:

—  Цяжка выказаць словамі, што значыць для мяне родная мова… Бо гэта не толькі эмоцыі, а ў пэўнай ступені і настальгія… Настальгія па юнацтву, таму што дасканала вывучыць і актыўна карыстацца мовай продкаў мне давялося падчас вучобы ў Рэчыцкім педагагічным каледжы. Там мы не толькі размаўлялі на роднай мове  —  амаль ўсе вучэбныя дысцыпліны выкладаліся на ёй. І гэта мне вельмі падабалася. Мабыць, таму пасля філалагічнай адукацыі свой лёс я вырашыла звязаць з далейшым вывучэннем роднай мовы ў магістратуры і аспірантуры і спробай пра-аналізаваць яе з навуковага пункту гледжання. Аднак, у першую чаргу, для мяне мова  —  гэта не факты, гэта мілагучная гаворка, якая прыносіць мне задавальненне. Мне падабаецца чуць беларускую мову, яшчэ больш  —  размаўляць на беларускай мове… На жаль, такія моманты ў маім жыцці адбываюца ўсё радзей…

«Барадаты» анекдот у тэму
Меня зовут Башкет, я работаю на строительстве кирпичного завода в Подмосковье, живу в общежитии. В одной комнате со мной живет хороший парень Пантелей из Беларуси. Как-то раз я угостил его пахлавой от мамы, а он протянул мне тарелку золотистых лепешек и сказал, что это драники. Я отломил кусочек, положил его в рот, і тут нібыта цуд нейкі наогул здзейсніўся, адразу ўсё стала прыемным ды зразумелым, як дзьмухавенне ветрыку звечару ўлетку, нібыта птушкі лятаюць блізенька-блізенька, і так духмяна пахнуць кветкі, што адначасова жадаеш плакаць і смяяцца.

Алена МЕЛЬЧАНКА

Ці размаўляеце вы па-беларуску?: 1 комментарий

  • 21.02.2015 в 16:51
    Permalink

    «па выхаваўчай рабоце с моладдзю» — па выхаваўчай рабоце з моладдзю.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *