29 красавіка адбудзецца юбілейны канцэрт народнага ансамбля «Стрэчанне»

СЭРЦУ ДАРАГIЯ, НIВЫ ЗАЛАТЫЯ…

29 красавіка ў 19.00 на сцэне Палаца культуры ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» адбудзецца юбілейны канцэрт народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Стрэчанне»

Усім, хто цікавіцца музычнай культурай, прапануем паглядзець і паслухаць цудоўны калектыў, каб зразумець ды адчуць прыгажосць і чысціню сапраўднай спрадвечнай беларускай музыкі. Запрашаем сяброў і прыхільнікаў народнай песні адзначыць 25-годдзе гурта разам з намі.

 Стрэчанне1

Вялікі ўклад у станаўленне і развіццё калектыву ўнесла таленавіты кіраўнік Ніна Антонаўна Капусціна. Больш за 20 гадоў пад яе кіраўніцтвам ансамбль збіраў вялікі скарб узнагарод розных конкурсаў і фестываляў, канцэртная дзейнасць раскрыла вялікія магчымасці для шырокай папулярызацыі беларускіх народных песень у Расіі, Украіне, Малдове, Польшчы, Германіі. Шмат цікавых і арыгінальных апрацовак песень стварыў для калектыву ў той час музычны кіраўнік Аляксандр Васільевіч Сарокін. Яскравасць яго таленту як аранжыроўшчыка дапамагла набыць каларыт гучання, незвычайна тонкую трактоўку здавалася б здаўна знаёмых песень «Пры даліне, пры лужку», «Ой, ты хмелю…» і шмат іншых.

Кіраўнікамі калектыву на сённяшні момант з’яўляюцца вучні Н.А.Капусцінай — сямейна-творчы дуэт Святлана і Дзмітрый Ціхіня, таленавітыя, безумоўна закаханыя ў беларускую культуру нашых продкаў, якія працягваюць справу свайго настаўніка.

У склад калектыву ўвахо-дзяць сапраўдныя энтузіясты, аматары народнай музыкі і песні. На канцэртах «Стрэчання» гледачы дакранаюцца да самабытнасці беларускай культуры, адчуваюць шчырасць і ўсю глыбіню народнай творчасці. У выступленнях прысутнічае добрая падрыхтоўка, высокая культура выканання, жывы гук! Народныя галасы спевакоў Н.Гуд, В.Шчэрбін, Л.Трафімавай, Т.Шэлястун, Н.Нягрэй, Г.Кашэвіча, А.Ранчынскага, Е.Акерман, М.Яфімовіча ў суправаджэнні народных інструментаў Л.Статуты (цымбалы), А.Палына (кантрабас), Т.Круталевіч (баян), В.Каржэўскай (скрыпка), Ю.Клачан (флейта), А.Апета (барабаны) гучаць каларытна і непаўторна. Нераз-дзельнай часткай выканальніцкага майстэрства калектыву з’яўляецца харэаграфія. Дзякуючы ёй спевы сплятаюцца з танцавальным рухам.

Хацелася б пажадаць калектыву народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Стрэчанне» творчых поспехаў, натхнення, новых ідэй, моцнага здароўя і шчасця. Хай і далей яны нясуць любоў да спадчыны і народнай песні, дораць гледачам цеплыню свайго сэрца і добры настрой.

Святлана ПАЛЫН,
загадчык аддзела народнай творчасці Палаца культуры
ААТ «Мазырскі НПЗ».

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *