Мой дзед ваяваў за Радзiму…

Усё можа родная зямля: накарміць сваім хлебам, напаіць са сваіх крыніц, здзівіць сваёй прыгажосцю. Вось толькі абараніць сябе не можа. Таму абарона роднай зямлі – абавязак тых, хто есь яе хлеб, п’е яе ваду, любуецца яе прыгажосцю. На працягу многіх стагоддзяў гэтая простая жыццёвая ісціна пацвярджалася не раз, асабліва ў лёсе славянскіх народаў, якія вялі ўвесь час барацьбу за свабоду, гонар і незалежнасць Радзімы.

Праўда аб вайне не павінна падвяргацца ні палітычным маніпуляцыям, ні кан’юнктурным скажэнням. Нам, жыхарам Беларусі, вельмі балюча ўсведамляць, што нават у сур’ёзных выданнях сёння з’яўляюцца недакладныя звесткі альбо спрэчныя вывады. Па незразумелых прычынах да цяперашняга часу многія лічбы, факты не ўдакладняюцца, не правяраюцца з аднаго выдання ў другое.

Прайшло 70 гадоў з таго часу, як адгрымела Вялікая Айчынная вайна, але цікавасць да яе не памяншаецца. Адкрываюцца новыя старонкі нашай ваеннай гісторыі, праз пласты гадоў праступаюць постаці людзей, якія зрабілі шмат для Перамогі.

Міхаіл Захаравіч ПАТАПАЎКожная беларуская сям’я можа расказаць пра свайго прадстаўніка, які ўнёс значны ўклад у перамогу над фашыстамі. Такі чалавек, якім мы ўсе ганарымся, ёсць і ў маёй сям’і. Гэта мой дзядуля Міхаіл Захаравіч ПАТАПАЎ. Яго лёс – яскравы прыклад гераізму беларускага народа, яго любові да роднай зямлі.

Міхаіл Захаравіч нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Зімовішчы ў 1912 г. у сям’і селяніна. У 1929 г. пайшоў працаваць рабочым на фабрыку «Чырвоны Кастрычнік», а потым перайшоў на работу ў порт Пхоў. У 1932 г. добраахвотна паступіў на службу ў Чырвоную Армію.

У 1937-1939 гг. вучыўся ў ваенным вучылішчы ў Мінску. З 1939 года служыў у 16 корпусным палку пад Беластокам камандзірам агнявога ўзводу. У 1939 годзе быў прыняты кандыдатам у члены УЛКСМ, а ў члены КПСС быў прыняты ў 1945 г. «У арміі я не мог стаць членам КПСС, таму што пачалася вайна, потым адступленне і барацьба ў фашысцкім тыле, – успамінае М.З.Патапаў. – Баявое хрышчэнне прыняў у ноч на 22 чэрвеня 1941 г. Ноччу 21 чэрвеня я прачнуўся ад разрыву бомб, стогнаў параненых».

Сілы былі няроўныя. Корпус адступаў, панёс цяжкія страты. «Адступаючы, мы падыйшлі да Бабруйска, у маім узводзе засталiся некалькі чалавек. Пераправіліся праз раку Бярэзіну. Потым я з астаткамі ўзводу быў накіраваны ў 124 гаўбічны артполк рэзерву галоўнага камандавання». У горадзе Вязьма М.Патапава вызваў камісар палка, каб пагутарыць, распытаць аб родных мясцінах і сваяках, якія ўжо былі ў глыбокім тыле ворагу. «Пасля працяглай гутаркі камісар спытаў, што я зраблю, калі мне прапануюць накіравацца ў тыл ворагу ў родную Палескую вобласць для арганізацыі партызанскай барацьбы. Я адказаў, што гатоў выканаць любое задание партыі», – расказвае М.З.Патапаў.

У цяжкіх умовах баёў і адступлення камандаванне не мела магчымасці перакінуць кіраўнікоў у тыл ворагу на самалётах. Група атрымала прадукты, лістоўкі і адправілася ў цяжкі шлях. Стаяла суровая зіма 1941-1942 гг., яны ішлі па лясных сцяжынках, каб не трапіць на вочы ворагу. М.Патапаў з сябрамі дабраліся да в. Прудок, дзе пражывала яго сястра. «Мы дамовіліся з сястрой, – успамінае Міхаіл Захаравіч, – што аб маім знахо-джанні тут не павінен ведаць ніхто, бо ў вёсцы гаспадарылі немцы. Людзі жылі ў страху, амаль не ведалі аб станові-шчы на фронце, калгаснае дабро было разграблена, школа не працавала». Сястра расказала аб становішчы ў вёсцы, дапамагла М.Патапаву сустрэцца з братам Мітрафанам, які быў звязаны з камісарам партызанскага атрада М.К.Ільінкоўскім. Адбылася су-стрэча і з камандзірам атрада А.Л.Жыльскім. «Яны прапанавалі мне пасяліцца бліжэй да партызанскай зоны і трымаць з імі сувязь. Мне было даручана падбіраць людзей для партызанскага атрада», – расказвае М.З.Патапаў. Пасяліўся Міхаіл Захаравіч у бацькі ў вёсцы Вялікія Зімовішчы.

Тут ён пражыў усю зіму, наладзіў сувязі з надзейнымі людзьмі вёсак Васькаўка, Зімовішчы, Слабада, Прудок, дастаўляў лістоўкі са звесткамі Савінфармбюро. У пачатку вясны 1943 г. М.З.Патапава вызвалі А.Л.Жыльскі і М.К.Ільінкоўскі, разам з ім прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Іх размясцілі па партызанскіх падраздзяленнях, а Міхаіла Захаравіча назначылі намеснікам камандзіра па разведцы.

З пашырэннем партызанскага руху ў суседніх раёнах стварыліся ўмовы для арганізацыі партызанскіх фарміраванняў і на тэрыторыі Мазырскага раёна, побач з абласным цэнтрам.

Пачаткам гэтаму было рашэнне Палескага падпольнага абкама КП(б)Б і абласнога штаба партызанскага злучэння ад 22 лютага 1943 г. аб арганізацыі Мазырскага партызанскага атрада на базе групы народных мсціўцаў з 12 чалавек, выдзеленых з Ельскага партызанскага атрада. Камандзірам атрада быў прызначаны А.Л.Жыльскі, а камісарам і сакратаром Мазырскага падпольнага райкама КП(б)Б – М.К.Ільінкоўскі. Да груп былі падабраны партызаны, якія добра ведалі Мазырскі раён: Антон Валасевіч, Кузьма Каменскі, Пётр Лузан, Аляксандр Ганчар, Андрэй Дубавец, Мікалай Кірушкін, Аляксандр Пешка, Васіль Пальчэўскі і іншыя, у асноўным жыхары вёсак Казіміраўка, Мялешкавічы і Слабада Мазырскага раёна.

Размясціўшыся ў мялешкавіцкіх лясах, група перш за ўсё наладзіла сувязь з мясцовым насельніцтвам. Пад-біраліся людзі для атрада. Кандыдатаў у атрад правяралі ў баі, а затым залічвалі. Усіх жадаючых уступіць у рады народных мсціўцаў не заўсёды можна было прыняць з-за вострага недахопу зброі. Праз 2-3 тыдні ў атрадзе ўжо было каля 50 чалавек. Толькі з вёскі Іванкаўшчына ў яго рады за адну ноч уступілі 15 чалавек. Атрад быў падзелены на тры ўзводы.

Барацьба з ворагам з кожным днём шырылася. Удары па ворагу нарасталі з павелічэннем сіл атрада, а затым брыгады.

Узаемадапамога ўкраінскіх і палескіх партызан праяўлялася і ў арганізацыі сумесных баявых дзеянняў супраць захопнікаў. Адной з буйнейшых баявых аперацый на тэрыторыі Мазырскага раёна быў разгром моцнага варожага гарнізона ў вёсцы Скрыгалаў аб’яднанымі сіламі мазырскіх, лельчыцкіх і ўкраінскіх партызан са злучэнняў А.Сабурава і А.Фёдарава.

Пасля вызвалення Мазыра баявое ўзаемадзеянне часцей Чырвонай Арміі і мазырскіх партызан не спынялася. Так, 16 студзеня 1944 г. 2-гі атрад сумесна з воінскімі часцямі наступаў на захад да мяжы Петрыкаўскага раёна. У канцы дня 15 студзеня атрад самастойна авалодаў вёскай Перадрэйка Асавецкага сельсавета і ўтрымліваў яе да падыходу савецкіх войск.

Імёнамі вядомых партызан названы вуліцы нашага горада: Языковіча, Малініна. Сярэдняя школа №5 носіць імя Языковіча. У Мазырскай партызанскай брыгадзе імя Аляксандра Неўскага з 500 чалавек каля 400 былі жыхарамі горада і раёна. 250 чалавек ваявалі ў Петрыкаўскай брыгадзе, 100 – у Ельскай, нямала мазыран было партызанамі і ў суседніх раёнах.

Памяць аб іх подзвігу будзе жыць у сэрцах людзей Мазыршчыны. Дзяржава моцная, калі ў ёй умеюць паважаць і памятаць сваіх герояў – тых, каму абавязаны жыццём.

Міхаіл Захаравіч Патапаў пасля вызвалення Мазыра працаваў у Мазырскім РК КПБ, а потым быў накіраваны на вучобу ў г. Мінск у партыйную школу. Пасля заканчэння партыйнай школы у 1946 г. ён вярнуўся на працу ў Мазырскі РК КПБ, дзе працаваў да 1952 г., з 1952 па 1959 г. – намеснікам кiраўнiка паліт-аддзела ў Мазырскай МТС. З 1959 па сакавік 1960 г. Міхаіл Захаравіч працаваў інструктарам Мазырскага гаркама КПБ, з 1960 па 1962 г. – сакратаром парткама саўгаса «Мазырскі», з 1962 па 1970 г. – інспектарам па кадрах у будаўнічым упраўленні №132 трэста «Мазырсельбуд».

Узнагароджаны ордэнам Красной Звезды, медалямі «За отвагу», «Юбилейная», «За доблестный и самоотверженный труд в период Великой Отечественной войны», «За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина», шматлікімі граматамі.

Абаронца Айчыны – гэта той падмурак, на якім будуецца духоўны пачатак грамадзяніна. Трываласць нацыі правяраецца на яе слаўных баявых традыцыях. Падмурак маёй сям’і трывалы, умацаваны сумленнасцю, смеласцю, адказнасцю ва ўсіх учынках нашага дзядулі Міхаіла Захаравіча Патапава.

Максім ПАТАПАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *