«На цябе, наша моладзь, надзея»

Пад такою назвай на базе ДУА «Гімназія імя Я.Купалы» пры падтрымцы метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама ў чарговы раз адбыўся конкурс «Купалаўскія чытанні-2015».

Удзельнікамі конкурсу мелі магчымасць стаць вучні 5-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мазырскага раёна, гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці. Трэба адзначыць, што на гэты раз свае творчыя магчымасці вырашылі па-спрабаваць навучэнцы Мазыршчыны, Калінкавіцкай, Ельскай, Нараўлянскай, Лельчыцкай гімназій, а таксама Мазырскага абласнога ліцэя.

Увогуле, больш 200 канкурсантаў на працягу амаль цэлага дня дэманстравалi свае здольнасці ў адной з 5 секцый («Культурная спадчына», «Мой творчы радок» (проза) і «Мой творчы радок» (паэзія), «Святыня народа», «Пейзажы ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выяўленчае мастацтва), а таксама паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальных гульнях.

Вельмi складана было даць правільную адзнаку ўсім творчым праектам, выявіць лепшых і мацнейшых і кампетэнтнаму журы, у склад якога ўваходзілі доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, прафесар В.В.Шур; кандыдат філалагічных навук, паэт А.К.Малюк; член Саюза пісьменнікаў РБ Н.М.Канопліч; метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Н.І.Скрабейка, настаўнікі, бібліятэкары і выхавацелі ўстаноў адукацыі горада і раёна.

IMG_3767

У цырымоніях адкрыцця конкурсу і ўзнагароджвання прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Л.С.Клепчукова і загадчыца сектара вучэбна-выхаваўчай работы Л.А.Папкова. Любоў Клепчукова адзначыла моцны прафесійны патэнцыял педагогаў рэгіёну, намаганні і жаданне вучняў авалодаць роднай мовай, павіншавала ўсіх удзельнікаў і ўручыла дыпломы пераможцам, а Ларыса Папкова, у сваю чаргу, уручыла прадстаўнікам усіх устаноў адукацыі зборнікі творчых работ пераможцаў конкурсу мінулага года.

IMG_3764

Нельга не адзначыць стараннасць і гасціннасць педагагічнага калектыву гімназіі (дырэктар – М.М.Ранчынскі), якому заўсёды адводзіцца вя-лікая роля як арганізатару конкурсу, і тое, што купалаўцы спраўляюцца з пастаўленымі задачамі на высокім узроўні. Менавіта гэта адчуваюць і вучні, таму да рэгіянальнага конкурсу «Купалаў-скія чытанні» рыхтуюцца заўсёды з вялікай адказнасцю. Аб тым, што свята ўдалося, сведчыла творчая і камфортная атмасфера, шквал апладысментаў у адрас каля 50 дыпламантаў у абраных секцыях. Гэта дае ўпэўненасць, што на змену старэйшаму ідзе пакаленне інтэлектуальных, творчых і думаючых людзей. Яны – будучае нашай краіны, пра якое некалі марыў і беларускі песняр Янка Купала:

IMG_3748

Новы век азарыў небасхіл.

«Чый ён будзе?» – прарокі гамоняць.

Будзе наш – калі выстарчыць сіл

У цябе, беларуская моладзь!

Значыць трэба па долю ісці

З цвёрдай верай, што вёрсты не змораць.

Дык не страць, не ўступі, не ўпусці

Гэты шанц, беларуская моладзь!

Наталля ГАНЧАРОВА
Фотаздымак аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *