Мазыразнаўства: невядомыя i цiкавыя старонкi гiсторыi нашага краю

Шаноўныя чытачы! З нагоды 860-годдзя нашага слыннага горада мы распачалі новую рубрыку.  Яе вядучы  — Васіль Васільевіч ШУР, прафесар, доктар філалагічных навук   Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

шур1

Працягваючы рубрыку «Невядомыя і цікавыя старонкі гісторыі нашага краю» (выпуск №1 гл. «Жыццё Палесся» ад 11.06.2015 г.), якія з’яўляюцца часткай курса «Радзімазнаўства: Мазыршчына», падрыхтаванага для школ Мазыршчыны і суседніх раёнаў, адзначым наступныя факты з біяграфій людзей, якімі можа ганарыцца Мазыршчына.

Так, у кнізе «Памяць. Мазыр. Мазырскі раён» ёсць лаканічная інфармацыя пад назвай «Дастойны звання Героя…», у якой паведамляецца наступнае: Град Сяргей Іванавіч з першых дзён вайны на фронце  — намеснік палітрука, камісар, камандзір батальёна. Удзельнік бітвы на Арлоўска-Курскай дузе, быў паранены. Узнагароджаны двума ордэнамі Аляксандра Неўскага. Лічыўся без вестак прапаўшым. У выніку пошукаў следапытаў стала вядома, што капітан С.І.Град загінуў 25 ліпеня 1944 года каля в. Ямніца Івана-Франкоўскай вобласці. Пры стварэнні кнігі «Памяць. Мазыр» намі былі дакладна вывучаны архіўныя дакументы, якія раскрылі невядомыя да нашых дзён старонкі гераічнай біяграфіі мужнага мазыраніна, які двойчы быў прадстаўлены для ўзнагароджання званнем Героя Савецкага Саюза. У Мазыр прыязджала сястра капітана С.І.Града, якая паведаміла, што пасля ранення ён на некалькі дзён прыязджаў у  вызвалены Мазыр, а потым вярнуўся ў свай батальён і праз некалькі месяцаў прапаў без вестак, пра што доўга было невядома. Паспрабуем прасачыць пошукавыя вынікі.

Вось вытрымкі з яго награднога ліста, атрыманыя ў архіве г. Падольска:

«Капитан Град Сергей Иванович  — командир 3-го стрелкового батальона 256-го полка 30-й стрелковой дивизии 1-й гвардейской армии 1-го Украинского фронта, 1915 г. рождения, г. Мозырь представляется к званию Героя Советского Союза.

Служба: Южный фронт  — март  – июль 1942 г.;Северо-Кавказский фронт — июль 1943  г.  — по настоящее время. В армии с 1939 г.Капитан Град Сергей Иванович с первых дней формирования полка показал высокие организаторские способности. Принимал участие в боевых действиях в составе полка. Личный состав роты показал образцы стойкости, выносливости и мужества, смело вступал с противником в рукопашные схватки. С.И.Град бесстрашный боевой командир, всегда находился в боевых порядках. Командуя ротой ПТР, капитан С.И.Град неоднократно выполнял ответственные задания по организации управления, когда нарушалась связь. При форсировании р. Псел был ранен, по возвращении из госпиталя назначен на должность командира стрелкового батальона…

Тов. Град С.И. принял ответственный участок обороны  — высоту 223,8, ее северо-западную часть, что севернее с. Студенец Каневского района.

Он сумел быстро и правильно организовать прочный узел обороны, которым противник в течение нескольких суток пытался овладеть. 17.10.1943 г. противник в составе двух стрелковых рот, поддерживаемый 8 тяжелыми танками типа «Тигр», предпринимал яростные атаки на высоту. Благодаря стойкой и прочной обороне, умелой и правильной расстановке огневых средств, личному управлению боем, атаки противника отбиты с большими потерями. Было подбито и сожжено 3 танка.За проявленный героизм, стойкость, отвагу, правильную организацию управления боем т. Град Сергей Иванович удостоен высшей правительственной награды  — присвоения ему звания Герой Советского Союза.

Документ подписали:

20.10.43 г. Командир полка подполковник Евтушенко.

27.10.43 г. Командир 30-й стрелковой дивизии полковник Янковский.

30.11.43 г. Командир 23-го стрелкового корпуса генерал-майор Чуваков.

30.6.44 г. «Наградить орденом Александра Невского». Командующий 47-й Армии».

* * *

Пасля фарсіравання Дняпра 6 лістапада 1943 г. і авалодання Чырвонай Арміяй сталіцай Украіны, ды-візія, у якой ваяваў капітан С.І.Град, атрымала ганаровую назву «Кіеўская». Праз некаторы час дывізія вя-дзе баі за Жытомір і становіцца Кіеўска-Жытомірскай. За два дні баёў за гэты горад воіны батальёна капітана С.І.Града адбілі дзевяць танкавых атак, падбілі 12 танкаў і тры бронемашыны, знішчылі дзве роты нямецкай пяхоты. Потым былі баі ў Карпатах, фарсіраванне ракі Днестр, выхад дывізіі да горада Станіслава (зараз Івана-Франкоўска). Гітлераўцы атакавалі савецкія войскі. Батальён С.І.Града апынуўся на вастрыні іх контратак і вымушаны быў адступіць. Баі ішлі ноччу. Байцы не заўважылі, як загінуў іх камандзір. Да 1990 г. капітан С.І.Град лічыўся прапаўшым без вестак. І толькі дзякуючы намаганням чырвоных следапытаў г. Івана-Франкоўска і старшыні савета народнага музея баявой славы СШ №14 г. Івана-Франкоўска С. Грыгор’ева ўдалося ўстанавіць час і месца гібелі С.І.Града  — гэта здарылася 25 ліпеня 1944 г. Ён пахаваны ў брацкай магіле каля в. Ямніца Івана-Франкоўскага раёна. Можна з упэўненнасцю сцвярджаць, што і другі Указ аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза капітану С.І.Граду быў не зацверджаны Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР толькі таму, што лёс С.І.Града быў у 1944 г. невядомы. У той перыяд такія дакументы не зацвярджалі па некалькіх прычынах, калі, напрыклад, прадстаўленая да ўзнагароды асоба трапляла ў палон, або, яшчэ горш, прымусова ці па сваёй волі пераходзіла ў стан ворага, альбо — ў рады РВА (Рускай вызваленчай арміі), якой кіраваў сумна вядомы генерал Уласаў). На жаль, падобныя выпадкі мелі месца. Сярод такіх, як сведчаць публікацыі, былі нават некалькі генералаў. Між іншым, вядома, што генерал-лейтэнант Уласаў быў узнагароджаны ў 1941 г.ордэнам Лені-на за баі па абароне Масквы. Будзе справядліва, калі ў будучым адну з вуліц Мазыра  — радзімы С.І.Града — удзячныя мазыране назавуць яго імем.

Харужая Вера Захараўна (н. 14 (27).09.1903 г. — 1943 г.) у 1919 г. скончыла Мазырскую адзіную працоўную школу 2-й ступені, настаўнічала на Палессі. Дом яе бацькоў быў у раёне сучаснага Мазырскага піўзавода, каля яго ўваходу ёсць мемарыяльная дошка. У лістападзе 1920 г. у складзе камуністычнага батальёна яна змагалася супраць фарміраванняў С. Булата-Балаховіча. Пасля грамадзянскай вайны працавала ў Мазырскім павятовым камітэце камсамола загадчыкам палітаддзела. Тут, на Мазыршчыне, В.3.Харужая прайшла першую школу грамадзянскай загартоўкі, якая вызначыла яе далейшы гераічны лёс палымянай патрыёткі і рэвалюцыянеркі. 3 лютага 1924 года яна  — адзін з кіраўнікоў падпольнага руху ў Заходняй Беларусі, за што была асуджана польскімі ўладамі да 8 гадоў турмы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР В.3.Харужая – на партыйнай рабоце на Палессі. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны яна  — партызанка першага на Беларусі атрада В.3.Каржа, што быў створаны на Піншчыне.

З вясны 1942 г. Вера Захараўна працуе ў апараце ЦК КП(б)Б у Маскве. У верасні 1942 г., пакінуўшы дзяцей на выхаванне сястры, на чале групы накіравана ў варожы тыл. Стварае групу ў Віцебскім падполлі, перадае камандаванню Чырвонай Арміі і партызанам каштоўныя звесткі. 13.11.1942 г. арыштавана і закатавана фашыстамі. В.З.Харужай прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Яе імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Мазыры, Бабруйску і іншых гарадах Беларусі. У Мазыры, Пінску і Віцебску В.З.Харужай устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі. Дарэчы тут адзначыць, што В.З.Харужая ў ліку першых была ўзнагаро-джана самай першай і самай высокай у БССР рэспубліканскай узнагародай  — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга  БССР. Уручэнне гэтага ордэна працягвалася з 1925-1933 гады  — пакуль не была ўведзена адзіная агульнасаюзная сістэма ўзнагарод. Усяго было па розных звестках узнагароджана 30 працоўных і воінскіх калектываў і каля 140 чалавек ад простага рабочага да камандуючага войскамі. Дарэчы, на Мазыршчыне гэтым ордэнам была ўзнагароджана і вёска Мялешкавічы за масавы гераізм у грамадзянскай вайне і завод «Чырвоны Кастрычнік» у горадзе Мазыры… («Звязда», 25.07.2014 г.).

Барысаў Міхаіл Уладзіміравіч (н. 16.04.1923 г. у в. Нараўшчызна)  — Герой Савецкага Саюза (1945). Скончыў Гомельскі аэраклуб, ваенна-марское авіяцыйнае вучылішча. З жніўня 1944 г. лейтэнант Барысаў ваяваў на Балтыйскім флоце, быў камандзірам звяна, намеснікам камандзіра эскадрыллі 8-й мінна-тарпеднай авіядывізіі. За 10 месяцаў 1944-1945 гг. М.У. Барысаў зрабіў 47 баявых вылетаў, патапіў 9 і пашкодзіў 2 транспарты праціўніка водазмяшчэннем 80 тыс. тон. Умелай атакай патапіў фашысцкі лінкор «Шлезвіг-Гальштэйн», залпы якога 1 верасня 1939 года паклалі пачатак Другой сусветнай вайны. Да 1960 г. падпалкоўнік М.У. Барысаў служыў у Савецкай Арміі. Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамi Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.

Апрача гэтых вядомых ураджэнцаў Мазыршчыны, неабходна назваць яшчэ некалькі праслаўленых асоб, якія ўвекавечылі сябе гераічнымі ўчынкамі. У гэтым ліку Герой Савецкага Саюза Якаў Раманавіч Маскаленка (н. 2.03.1922 г. у в. Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна) пасля заканчэння ў 1940 г. Мазырскага педвучылішча працаваў настаўнікам у вёсцы Дудзічы, напярэдадні вайны прызваны ў Чырвоную Армію. З першых дзён Айчыннай вайны на фронце, пасля выхаду з акружэння  — партызан 2-й Калінкавіцкай брыгады. У пачатку 1944 г. зноў прызваны ў армію. Радавы Маскаленка праявiў сябе 13 ліпеня ў час дэсантнай аперацыі пры вызваленні Пінска. З групай байцоў ён высадзіўся на беразе Піны, у цэнтры горада, заняў абарону і на працягу двух сутак адбіваў контратакі ворага. Памёр 18 сакавіка 1966 года.

Больш падрабязна пра гэтыя i iншыя факты з гiсторыi Мазыршчыны гл. часопiс «Маладосць«, 2015 г., №№8-9.

Падрыхтавала Наталля КАНОПЛІЧ
Фотаздымак Аляксандра САЛАДКОВА