Прыйшлi Пакровы, пытаюць, цi да зiмы гатовы?

Паводле праваслаўнага календара свята Пакроў Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі мае пастаянную дату святкавання – 14 кастрычніка.

покрова

Хрысціянскае свята ўстаноўлена ў памяць славутай падзеі, якая адбылася ва Улахернскім храме ў Канстанцінопале ў 910 годзе. У час малення вернікаў у храме аб выратаванні горада ад нашэсця сарацынаў святы Андрэй убачыў Божую Маці, якая пакрывала сваім амафорам хрысціян, якія маліліся, абараняючы іх ад бачных і нябачных ворагаў. На наступны дзень горад быў выратаваны.

Паводле назіранняў, гэты дзень лічыцца пераломным момантам у жыцці прыроды: першы надыход маразоў, холаду, снегу, прымаразкаў – своеасаблiвая мяжа памiж восенню i зiмой. Пасля Пакроваў у сялянскім жыцці пачынаўся новы цыкл работ – нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне і г. д. У гэты дзень у залежнасці ад прыродных умоў жывёле скармлівалі пажынальны сноп («на Пакровы дай сена карове»). У народзе лічылася, што на Пакровы зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. Пасля Пакроваў нельга было кранаць зямлю («Не чапай зямлю да Радаўнiцы i пасля Пакроваў, смерць будзе ў тваiм родзе»). Асаблiва гэта тычылася закладкi фундаменту, будаўнiцтва агароджы, тыноў, усталявання помнiкаў на могiлках. Пасля Пакроваў пачыналася пара восеньскіх вяселляў. Пакрытая галава здавён была прыкметай замужняй жанчыны: дзяўчаты хадзiлi з непакрытай галавой, а замужнiя жанчыны павiнны былi мець галаўны ўбор. Дзяўчаты, якiя верылi ў сiлу свята Пакроваў, iх здольнасць пасадзейнiчаць шлюбу, напярэдадні варажылі на замужжа. Набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу – куды вецер панясе, туды і замуж ісці. Таксама пяклі салёныя блінцы і перад сном іх з’ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): «Пакравы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць».

На Пакровы абавязкова пяклi блiны і для ўсёй сям’і. Лiчылася, што дзякуючы гэтаму сям’я ўдала перазiмуе. Гэты абрад так i называлi – «запякаць вуглы», што азначала зберагчы, захаваць сям’ю, хату, гаспадарку. Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор’я. Вось некаторыя з прыкмет:

*Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу.

*Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны.

*Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні.

*Калі ад Пакроў да свята Усіх Святых краты зямлю точаць, то зіма будзе снежная і марозлівая.

*Якiя Пакровы, такая i зiма.

*На Пакровы да абеду – восень, па абедзе – зiма.

*Калi снег да Пакроваў пойдзе – зiма будзе не хутка.

*Калi жоравы адляцяць да Пакравоў – зiма будзе ранняя i халодная.

*Калi лiсце з дуба i бярозы на Пакровы ападзе чыста – да лёгкага года, а не ападзе – да суровай зiмы.

*Ад першага снегу да саннага шляху шэсць тыдняў.

*Якая пагода на Пакровы, такая i на Раство.

Са святам вас, шаноўныя землякі!

Наталля КАНОПЛІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *