Дакрануцца да вытокаў…

З якой хуткасцю бяжыць час! Мінаюць стагоддзі. Змяняецца і само жыццё, але нязменнай застаецца памяць, якая дае сілы прыняць новае, не страціўшы пры гэтым тое каштоўнае, што назапашана нашымі продкамі. Культура – гэта таксама памяць, і яе ўзбагачэнне – гэта традыцыі і іх развіццё. Нездарма 2016 год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры.

Беларускі літаратуразнавец і публіцыст Адам Мальдзіс пісаў: «Помнікі дойлідства і жывапісу, рукапісы і старадаўнія кнігі, народныя песні і казкі – вось тая «машына часу», якая дазваляе нам адправіцца ў мінулае, каб ведаць, як жылі і што думалі нашы продкі, і, дзякуючы гэтаму, глыбей усвядоміць саміх сябе…»

Дакрануцца да вытокаў культуры беларусаў дапамог этнаграфічны калаж, які прайшоў у бібліятэцы-філіяле №1 і быў падрыхтаваны сумесна з бібліятэкай гімназіі імя Я.Купалы. На некаторы час дзеці перанесліся ў мінулае і па-знаёміліся з тым, як жылі і працавалі нашы продкі, як вялі гаспадарку, чым частавалі гасцей, якіх прытрымліваліся звычаяў і традыцый. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 6 «Б» класа разам з класным кіраўніком Інэсай Валер’еўнай Красікавай, а таксама юныя экскурсаводы з музейнага пакоя «Беларуская хатка» гімназіі імя Я.Купалы. Уладзіслаў Драпеза расказаў пра мужчынскае і жаночае адзенне. Пра ткацтва і тканыя вырабы паведамілі Марыя Крот і Ганна Багдановіч. Аказваецца, дзяўчат з 7 гадоў вучылі прасці, а да 15 гадоў яны ўжо ўмелі ткаць і рыхтавалі сабе пасаг. Вядома, што гаспадар у беларускай сям’і перш за ўсё быў кармільцам і працаўніком. Ён плёў кошыкі, лапці, займаўся ганчарствам. Сваім выступленнем аб гэтым зацікавіў аўдыторыю Мікалай Куксо. Беларускія жанчыны-гаспадыні добра і смачна гатавалі розныя стравы: верашчаку і мачанку, збіцень і ўзвар, клёцкі і дранікі, а таксама пяклі духмяны хлеб на кляновых лістах. Аб гэтым расказала гасцям Віталіна Васільчанка. Гімназісты пазнаёміліся са святамі і абрадамі, народнымі гульнямі, у якія пагулялі з задавальненнем.

DSC06303

Да мерапрыемства бібліятэка падрыхтавала этнагра-фічную выставу «Дакрануцца да вытокаў», на якой былі прадстаўлены драўляныя, саламяныя, вышываныя і тканыя вырабы.

Упрыгожваннем свята сталі вершы «Чароўны край», «Я зямлю беларускую люблю», «Каласок», «Усё ўмелі нашы дзеды», якія прачыталі Вікторыя Красюк, Таццяна Радкевіч і Віталіна Васільчанка, а таксама песня «Купалінка» ў выкананні ўсіх прысутных.

Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзяды і прадзеды, каб быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны. Ёсць цудоўны выраз: «Зямля бацькоў – зямля святая». Гэта сапраўды так.

DSC06273

Таццяна БЕРДНІК,
бібліятэкар філіяла №1,

Алена МАЗУРКЕВІЧ,
кіраўнік музейнага пакоя «Беларуская хатка» гімназіі імя Я.Купалы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *