«Любоў да роднага края праз кнiгу»

Такую назву атрымала вітрынная фотавыстава, якая адкрылася ў гарадской дзіцячай бібліятэцы-філіяле №8.

Адкрыццё фотавыставы было прымеркавана да дэкады беларускай і краязнаўчай кнігі «Мову родную, край свой любіце», якая праходзіла ў бібліятэках нашага горада. Мэта выставы – абудзіць у падрастаючага пакалення любоў да роднай мовы і літаратуры.

У бібліятэчным абслугоўванні самым папулярным і базавым сродкам давядзення інфармацыі да карыстальнікаў з’яўляецца кніжная выстава, якая раскрывае фонды бібліятэкі. Ужо далёка ў мінулым засталіся шэрыя, блёклыя кніжныя выставы. У наш час ёсць шмат магчымасцей паказаць кнігу ў найлепшым выглядзе. Выстава – гэта заўсёды творчасць, дзякуючы якой магчыма аб’яднаць у адно цэлае бібліятэкара, кнігу і карыстальніка.

Сённяшні дзень патрабуе ад бібліятэк мэтанакіраванай работы па папулярызацыі кнігі, здольнай прышчапіць юнаму чытачу павагу да Айчыны, малой радзімы, гісторыі і культуры свайго народа. Роднае слова нездарма называюць люстэркам культуры, яе захавальнікам. Таму вельмі радуе, калі нашы маленькія чытачы выбіраюць кнігі на роднай мове і чытаюць іх з задавальненнем.

Вітрынная фотавыстава «Любоў да роднага края праз кнігу» працягвае сваю працу, таму ўсіх жадаючых наведаць яе альбо прыняць удзел запрашаем у гарадскую дзіцячую бібліятэку-філіял №8.

Надзея ШУМСКАЯ, загадчык бібліятэкі-філіяла №8.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *