Сапраўдны беларускi байкапiсец

2016 год аб’яўлены Годам культуры ў Беларусі. Ён багаты на юбілейныя даты ў нацыянальнай літаратуры, пачэснае месца ў якой па праву належыць Кандрату Крапіве. Вядомаму байкапісцу споўнілася б 120 год з дня нараджэння.

Нягледзячы на тое, што ў аснове літаратурнай творчасці ўсімі любімага пісьменніка ляжыць гумар, Кандрат Кандратавіч прайшоў досыць нялёгкі 95-гадовы шлях жыцця. З дзяцінства ён вельмі шмат працаваў і, будучы яшчэ зусім юным хлопцам, перайшоў жыць на свой хлеб. Кандрат Крапіва жыў з навукі, працаваў словам не толькі ў мірны час, але і ў перыяд не адной перажытай ім вайны. Яркай старонкай у гісторыі беларускай літаратуры з’яўляецца драматургія пісьменніка. Вельмі ўстойлівай перад няўмольным судом часу аказалася драма «Партызаны». У 1937 годзе гэта п’еса была пастаўлена спачатку на сцэне Барысаўскага, а потым Мазырскага калгасна-саўгаснага тэатраў. Дарэчы, у Мазыры драма «Партызаны» карысталася поспехам. Яна была ўключана ў рэпертуар мясцовага народнага тэатра.

З нагоды юбілею Кандрата Крапівы ў цэнтральнай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна ў рамках дэкады беларускай і краязнаўчай кнігі «Мову родную, край свой любіце!» прайшлі літаратурны эцюд «З прывітаннем… Дзед Кандрат!», свята байкі «Зброяй сатыры, зброяй праўды». На працягу дэкады каля кніжнай выставы «Нястомны працаўнік», якая прадэманстравала ўсю жанравую разнастайнасць (вершы, паэмы, «пазазборнікавыя» творы малых паэтычных формаў, эпіграмы, п’есы, апавяданні), праводзіліся агляды літаратуры. На свята байкі былі запрошаны мазырскія аматары паэзіі Валянціна Нікіціна, Вольга Андрусевіч, Аляксандра Бараноўская, якія з натхненнем і выразнасцю дэкламавалі байкі Кандрата Крапівы.

Вучні сярэдняй школы №1 таксама паказалі свае акцёрскія таленты ў інсцэніроўках па байках Кандрата Кандратавіча. Падчас свята ў зале ўсталявалася атмасфера цеплыні і адзінства пакаленняў.

Дзякуючы мерапрыемствам, якія праводзяцца ў бібліятэках у гонар такіх знакамітых аўтараў, як Кандрат Крапіва, іх творы будуць запа-трабаваныя з пакалення ў пакаленне.

Крапива

Ніна РАГОЗЕНКА,

загадчык аддзела абслугоўвання

і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *