Зямля бацькоў – мая любоў i боль…

Да напісання гэтых радкоў падштурхнуў леташні выпадак…

Дзякуючы аднаму з рэпартажаў у газеце ў мінулым годзе знайшоўся дваюрадны брат маці Васіль Міхайлавіч Гарашчанка, якому выпала цяжкая сірочая доля. Нарадзіўся ён на Хойнікшчыне (вёска Чырвонае Возера), бацька загінуў на фронце, маці памерла, нейкая частка біяграфіі прыйшлася на выхаванне ў цёткі, а потым – у мазырскім дзіцячым доме. Гора цераз край сербануў. Але ж калі мы з Васілём Міхайлавічам знайшліся (зараз жыве ў Рэчыцы), то ён захацеў праехаць па тых мясцінах, дзе, як кажуць, дзесьці пад яблыняй захаронена яго пупавіна, дзе пакояцца на кладах родныя і блізкія, дзе даўно захаронены родныя хаты і нават цэлыя вёскі. Але ж гэта ўсё яна – наша малая радзіма…

Помнік  адселеным  вёскам.

Помнік адселеным вёскам.

У маёй памяці дзякуючы гэтаму падарожжу таксама наноў усплыло ўсё да дробязяў… Там на пачатку 1960-х я з’явілася на свет, там прайшло маё маленства, нібы птушкі, праляцелі школьныя гады і студэнцтва. У 1984-м выпала вярнуцца па накіраванню Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў родную вёску. Тут у пачатковай школе на пасадзе дырэктара пачыналася мая педагагічная дзейнасць. Тут у сталым узросце ўдалося зазірнуць у глыбіню душ палешукоў, улюбёных у сваю зямлю, працавітых людзей…

У тую вясну 1986-га наш дабротны дом у вёсцы Мокіш, акружаны маладой зелянінай, здавалася, радаваўся таму, што нарэшце прыйшла вясна і аздобіла яго навокал, нібы той помнік, рознымі кветкамі. Куды ні зірні, абнаўленне наступала «па ўсіх франтах»: тут цвіла чаромха, там гронкі бэзу нібы прама прасіліся ў хату праз бліскучую шыбіну, а каля вуліцы, нібы тыя салдаты на варце, горда ўздымалі да сонца сваё голле таполі. Насамрэч, сад у тым векапомным годзе цвіў найпрыгажэй, чым іншыя вёсны. Яблыні, грушы, вішні, слівы быццам хтосьці шчодра абліў малаком. Усе галінкі пладовых дрэў да апошняга пруціка былi ўсыпаны бела-ружовымі кветкамі. У гэтым пахкім кіпені раскашоўваліся пчолы. Гледзячы на такое хараство, здавалася, што такой прыгажосці не будзе ні зводу, ні пераводу…

А між тым гэтай карціне, намаляванай мастачкай, імя якой – Прырода, надыходзiла апошняя часiна. Як і хаце, якую абрамляла ўся гэткая дзівосная прыгажосць… Ці ж толькі ёй адной?.. Бяда набліжалася і на зямлю. Яна несла нябачную пагрозу для жыцця і людзям, і ўсяму жывому.

Вясна 1986 года стала бадай што адной з самых горкіх і нешчаслівых у гісторыі беларускага народа пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сонечна-квітнеючая пара звычайна лагодзіць сэрца, душу, прыносіць надзею, радасць, а тут – неабсяжная бяда! Ядзерны выбух на атамнай станцыі стаў страшнай пагрозай жыццю радыяцыйным апраменьваннем, людскімі пакутамі, адсяленнем, анкалагічнымі хваробамі. Апусцелыя дамы з выбітымі аканіцамі – гэта працяг вайны з нябачным ворагам у свядомасці маіх землякоў, усяго беларускага народа. Ды што там апусцелыя дамы – пахаванымі пазней стануць цэлыя вёскі! Спачатку на трыццаць кіламетраў, а потым і на больш павялічыцца ў радыусе мёрт-вая зона. Дата 26 красавіка 1986 года ўвойдзе ў сусветную гісторыю як адна з самых трагічных у XX стагоддзі. Пазней аварыя на ЧАЭС будзе прызнана першай у свеце тэхнагеннай катастрофай з сёмым узроўнем небяспекі па міжнароднай шкале ядзерных здарэнняў. У барацьбе з наступствамі выбуху гераічна гублялі свае жыцці пажарныя, а таксама шмат лю-дзей, якім выпала змагацца  з гэтай бядой на працягу шматлікіх дзён і нават гадоў пасля трагедыі. Сёння можна сказаць, што Чарнобыль – гэта народны подзвіг. Кожны дзень на барацьбу з нябачным ворагам заступалі на вахту людзі, якія эвакуіравалі з небяспечнай зоны насельніцтва, дзяржаўную маёмасць школ, гаспадарак, захоўвалі парадак, ачышчалі ад ізатопаў забруджаныя палі, сады, жыллё, прымалі ў сябе перасяленцаў…

У сямейным архіве беражліва захоўваюцца шматлікія ўзнагароды маёй маці Ніны Юстынаўны Піляк, сярод якіх ёсць і два медалі: «Ветэран працы» за шматгадовую добрасумленную працу ў народнай гаспадарцы і «Удзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС». Што датычыцца першай узнагароды, то не было года, калі пры падвядзенні вынікаў яна не падымалася на сцэну Дома культуры для атрымання ўзнагароды за лепшыя паказчыкі па надоях малака. Што тычыцца другой, то Чарнобыль зрабіў сваю справу: 25 красавіка 2016 года споўнілася 17 гадоў, як яе не стала… Яна, як і ўсе мае землякі, нават не магла прадбачыць, што будзе прылічана да разраду ліквідатараў. Сем’і з малымі дзецьмі пакінулі тэрыторыю калгаса, а астатнія проста працавалі, рабілі сваю справу, не думаючы ні пра якую радыяцыю. Брыгада №2 (вёска Мокіш) калгаса «Кастрычнік», якім кіраваў тады стрыечны брат пісьменніка І.П.Мележа Анікандр Дзмітрыевіч Мележ, у першыя дні адсялення прымала на некаторы час жывёлу з 10-кіламетровай зоны адсялення. Кароў патрэбна было даіць, цялят даглядаць. Маці аказалася ў ліку тых калгас-нікаў, каму павышаны ўзровень радыяцыі раптоўна скараціў жыццё. Ну чаму так? Ім жа, дзецям вайны (яна нарадзілася ў 1932 годзе), калі ўспомніць, то і так хапіла вы-прабаванняў. Але ж, як паказала жыццё, цяжкасці толькі загартоўвалі волю, характар…

Чарнобыль, нібыта той вораг, напаў на беларусаў знянацку. Мірны атам нябачнымі ізатопамі гатоў быў зруйнаваць усё жывое на сваім шляху. Радыяцыю нельга ўбачыць і адчуць на смак, аднак яна мае ўласцівасці накаплівацца ў арганізме да крытычнага моманту. Беларусь і мая малая радзіма адчулі гэты суровы подых чарнобыльскага ветру: нават зямля атрымала смяротную дозу, небяспечную для жыцця. Лес, вада, лугі, палі сталі носьбітамі смерці. Але ж, нягледзячы ні на што, мая родная вёска Мокіш працягвала існаваць да 1989 года. Апошнія жыхары яе пакінулі толькі восенню.

Сваіх землякоў, хоць разам, хоць паасобку, памятаю, як добрых гаспадароў, увішных і руплівых камбайнёраў, даярак, паляводаў і земляробаў. Характэрная рыса для вяскоўцаў – добрасуседства, радзіннасць. Калі провады, вяселле альбо радзіны, то гасцей – паўнюткая хата. Будавацца, садзіць агарод па вясне – то талакой. Можа, і не вельмі багата жылі людзі, але адметнымі былі сваёй дабразычлівасцю, шчырасцю, дабрынёй. Дзяцей у кожнай хаце па трое-пяцёра. Выхоўвалі вяскоўцы сваіх сыноў і дачок на лепшых прыкладах працавітых і добрасумленных землякоў. Сярод іх было шмат таленавітых, вядомых асоб, якімі можна ганарыцца і зараз. Былі таленавітыя танцоры і артысты, вучоныя і ваенныя, перадавыя даяркі і камбайнёры, медыкі і мастакі. Што характэрна, песня суправаджала вяскоўцаў на працягу ўсяго жыцця. Калектыў мастацкай самадзейнасці брыгады №2 славіўся ў межах раёна і нават вобласці. Як кажуць, працавалі да сёмага поту і спявалі ў ахвоту.

Мае землякі: з песняй па жыцці.

Мае землякі: з песняй па жыцці.

Але ж гора-бяда прымусіла маіх землякоў пакінуць родныя мясціны і раз’ехацца па свету. Мая вёска, як і шмат іншых, стала ўяўляць сабой вялізнае раскіданае гняздо. Цяжка было ўявіць, што бу-дзе з маім краем праз 30 гадоў. Мне здаецца, калі б не моцная любоў да роднага краю, працавітасць і трывучасць людзей, то, канешне, ён бы задзірванеў, загінуў, ператварыўся ў здзічэлы пласт. Але вельмі радуе, што гэта не так. Хоць на яго зямлі, якая зараз уваходзіць у Палескі радыяцыйны запаведнік, няма такога бурлівага жыцця, як да аварыі, але ж край жыве. Ён адраджаецца наноў.

На землях, не прыгодных для аграрнай гаспадаркі, высаджваюцца лясныя культуры, а на астатніх, прызнаных вучонымі прыгоднымі, высейваюцца зернавыя культуры, буракі, бульба, рапс. Эксбаза «Стралічава» на гэтых землях атрымлівае неблагія ўраджаі. Новыя рэкорды на ўборцы зерневых ставяць тут дзеці былых механізатараў. Тут зараджаюцца новыя працоўныя дынастыі. Адным словам, жыве край!

IMG_4938

Старонкі гісторыі – яго моцны падмурак, у які кожны з маіх землякоў паклаў сваю цагліну і замацаваў растворам, замешаным на любові і трывучасці. Гледзячы на будынак маёй школы ў Бабчыне – адзін з маёнткаў князёў Ваньковічаў, які выстаяў рэвалюцыю, перажыў Вялікую Айчынную вайну, душа поў-ніцца спадзяваннем, што ніякае гора не здольна загасіць прагу жыцця майго народа, маіх землякоў. Калі на Радаўніцу ў вёскі разам са сваімі пажылымі бацькамі едуць маладыя, то міжволі задумваешся над сэнсам жыцця. Быць чалавекам – гэта адчуваць, што, кладучы сваю цагліну, ты дапамагаеш будаваць свет. І гэта трэба памятаць, як і тое, што твае цагліны не падыме больш ніхто. І, значыцца, ні табе, ні мне, нікому на зямлі нельга кінуць сваю справу, нельга пазабыцца адказнасці за яе. Відавочна, што гора-бяда загартоўвае, робіць народ мацнейшым, перадаючы з пакалення ў пакаленне любоў да роднага краю, яго традыцый, а яшчэ – спадзяванне на будучыню. Веру ў будучыню, веру ў заўтрашнi дзень.

Міжволі пачынаеш паважаць нават незнаёмага табе чалавека. Таму што кожны чалавек – гэта таксама свет. На жаль, Чарнобыль – гэта не быль сівых вякоў, не мінуўшчына, гэта сучаснае. Чарнобыль – горыч усяго беларускага народа. Гэта вайна, якую нельга спыніць. Чарнобыль – адвечны боль за зямлю, Бацькаўшчыну. Але ж дзякуючы моцнай любові, якая прарастае ў нашых сэрцах новымі парасткамі, мая зямля будзе жыць вечна. На ёй абавязкова так, як і калісьцi, будуць цвісці сады.

На прыканцы нашай шчымлівай вандроўкі Васіль Міхайлавіч Гарашчанка шчыра прызнаўся, што ён шчаслівы чалавек, таму што Гасподзь усё ж паслаў яму магчымасць пабываць на Радзіме, ускласці кветкі на магілы родных, пакланіцца мясцінам, дзе амаль 80 год таму з’явіўся на свет. Менавіта ён адзін з тых, хто горда нясе па жыцці сваю прыналежнасць да нацыянальнасці беларус. Вось, аказваецца, чаму падмурак Беларусі такі моцны…

Пагоднага вам неба, землякі. Хай колас спелы ляжа ўмалотна вам на далоні – шорсткі і цяжкі, і ранак новы зоймецца турботна. Вы аддалі мазольнае цяпло зямлі, якая ўскаласіла жыта, няхай шчыруе кожнае сяло, духмяны хлеб вітаючы адкрыта!

КПП

Праходзім радыяцыйны кантроль.

Праходзім радыяцыйны кантроль.

IMG_7019

IMG_7043IMG_7038улица

Мая школа

Мая школа

Наталля КАНОПЛІЧ,

фотаздымкі з архіва

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *