Да апошняга патрона, цi «Я памiраю, але не здаюся»…

75 лет с начала ВОВ-1«Як заўжды на вайне, галоўная плата —кроў, і плаціць той, хто найменш вінаваты»

Васіль БЫКАЎ.

Першапачатковы перыяд Вялікай Айчыннай і сёння, у ХХІ стагоддзі, выклікае шматлікія спрэчкі і дыскусіі, асабліва сярод тых псеўдагісторыкаў, хто хоча ачарніць гісторыю, а праўду падмяняе хлуснёю. І вельмі горка і балюча, што многія з сучаснікаў абыякава ставяцца да падзей самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва.

Чэрвень, лета 1941 года назаўсёды стануць для сінявокай Беларусі, бадай, адным з самых трагічных перыядаў.  З першых жа дзён вайна ператворыцца ў сапраўды Айчынную для кожнага беларуса, для кожнага рэгіёна Бацькаўшчыны, дзе ўзняліся на барацьбу і маладыя, і старыя — уся Айчына.

На тэрыторыю Беларусі наступала самая моцная з трох фашысцкіх груповак вермахта — група армій «Цэнтр», меўшая сваёй канчатковай мэтай захоп Масквы. У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя  нанесла ўдары па значных ваенных аб’ектах у заходняй памежнай паласе.

Чырвоная Армія рыхтавалася галоўным чынам да наступальных дзеянняў: многія прытрымліваліся думкі аб магчымай вайне як скарацечнай і на чужой тэрыторыі. Не было поўнасцю праведзена пераўзбраенне войскаў, складанасці былі і з новай тэхнікай, якая толькі пачынала асвойвацца. Нельга забываць, што ўзброеныя сілы былі аслаблены рэпрэсіямі, якія пазбавілі Чырвоную Армію 45 тысяч вопытных камандзіраў. У выніку рэпрэсій на пачатак вайны амаль 75% камандзіраў палкоў і дывізій займалі свае пасады менш года.

Аднак нягледзячы ні на што нашы салдаты і афіцэры аказвалі адчайнае супраціўленне, праяўляючы ўзоры мужнасці. Насмерць, да апошняга патрона, стаялі на мяжы пагранічнікі. За тыдзень першых баёў байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А.Кіжаватава, што знаходзіліся ў Брэсцкай крэпасці, знішчылі каля батальёна гітлераўцаў. Сем атак адбіла застава пагранатрада на чале з лейтэнантам В.Усавым: яго пяць разоў ранілі, але ён працягваў кіраваць боем… Абаронцы крэпасці здолелі пратрымацца каля месяца, хаця па планах фашыстаў на захоп крэпасці адводзілася толькі некалькі гадзін. На сценах цытадэлі былі зроблены надпісы, якія сёння вядомы ў многіх куточках планеты Зямля: «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма».

У самыя першыя гадзіны вайны разгарнуліся паветраныя баі і ў небе Беларусі. Каля Радашковічаў здзейснілі гераічны подзвіг камандзір эскадрыллі, капітан М.Гастэла і члены яго экіпажа, накіраваўшы палаючы самалёт на групу нямецкіх танкаў і аўтамашын.

Больш месяца ішлі баі за Гомель. Толькі 19 жніўня цаной вялікіх страт гітлераўцам удалося захапіць горад. Пры абароне Гомеля здзейсніў свой першы паветраны таран лётчык Б.Коўзан. Дарэчы, гэта адзіны ў свеце лётчык, які зрабіў чатыры паветраныя тараны і застаўся жывы.

Нашым войскам не ўдалося ўтрымаць Мінск, хоць вельмі стойка трымалі абарону 64-я, 100-я, 108-я стралковыя дывізіі. Сілы былі няроўныя, і 28 чэрвеня нямецкія танкі, пераадолеўшы абарону, уварваліся ў сталіцу. У акружэнні ворага апынуліся  11 злучэнняў. Гэта пазбавіла магчымасці стрымліваць націск праціўніка ў цэнтральнай частцы Беларусі.

У абароне Мінска брала ўдзел 100-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра І.Русіянава, байцы якой упершыню ў вайну выкарысталі «шкляную артылерыю»  —  бутэлькі з гаручай сумессю  —  супраць танкаў.

Нягледзячы на тое, што гітлераўцы акружылі савецкую групоўку каля Мінска, спроба «маланкава» фарсіраваць водны рубеж на Бярэзіне і выйсці да Дняпра вермахту не ўдалася. Толькі 1 ліпеня часці 47-га германскага танкавага корпуса змаглі прарвацца на ўсходні бераг Бярэзіны. Мужна абараняліся часці 47-га стралковага корпуса генерал-маёра С.Паветкіна і 4-га паветрана-дэсантнага корпуса генерал-маёра А.Жадава ў раёне Бабруйска. Гэта дазволіла заняць баявыя рубяжы свежым савецкім дывізіям, падцягнутым на лінію Дняпра з цэнтральных раёнаў СССР.

І нават адступаючы на ўсход, часці Чырвонай Арміі працягвалі весці цяжкія абарончыя баі. У пачатку ліпеня арганізуецца лінія абароны па Заходняй Дзвіне і Дняпры. Тры дні ішлі цяжкія абарончыя баі на Бярэзіне.

Вялікія баі вяліся ў раёне Магілёва, стрымліваючы націск танкавай групы Гудэрыяна. Дарэчы, абарона горада працягвалася ажно 23 дні (з 4 па 27 ліпеня). Асабліва вызначыўся  стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка С. Куцепава. Толькі за адзін дзень баёў яго байцы знішчылі 39 фашысцкіх танкаў.

Праціўнік сканцэнтраваў ля Магілёва 4 пяхотныя і 1 танкавую дывізіі, матарызаваны полк СС «Вялікая Германія» і іншыя вайсковыя фарміраванні. Ім супрацьстаялі часці 61-га стралковага корпуса генерал-маёра Ф.Бакуніна і байцы народнага апалчэння. Толькі воінамі 172-й дывізіі генерал-маёра М.Раманава за 10 дзён было знішчана 179 танкаў і бронетранспарцёраў, каля 4 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Асабліва ўпартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі…

14 ліпеня 1941 г. пад Оршай упершыню батарэя мінамётаў пад камандаваннем капітана І.Флёрава выкарыстала рэактыўную артылерыю — «кацюшы». Каля тыдня працягваліся баі за Віцебск.

На жаль, да канца жніўня — пачатку версня была акупіравана ўся тэрыторыя Беларусі. Аднак двухмесячныя абарончыя баі савецкіх войскаў у Беларусі не дазволілі праціўніку рэалізаваць план «маланкавай вайны», далі магчымасць сканцэнтраваць рэзервы і падрыхтавацца да абароны на маскоўскім напрамку.

У шматвяковай гісторыі ніколі не было столькі масавага гераізму, фізічнай і духоўнай стойкасці, якія праявіў наш народ у Вялікую Айчынную. Усё менш застаецца сведкаў той жудаснай пары, але глыбокае асэнсаванне неўміручасці нашага народа, яго прагі да волі і незалежнасці, гераізм змагароў з фашызмам павінны быць актуальнымі для ўсіх нас сёння і для нашых нашчадкаў. Дарогі вайны… Тых страшных 1418 дзён і начэй. З самага пачатку тысячы кіламетраў трэба было пераадолець нашым салдатам, каб здабыць такую доўгачаканую перамогу.

Мне часта ўзгадваецца верш «Спатканне» Петруся Броўкі, які можна назваць салдацкай біяграфіяй. Біяграфіяй тых, хто вайну пачынаў, хто яе прайшоў, выпіўшы гора да самага дна:

Гляньце ў сэрца маё, —
Я прынёс яго з бою.
На агні яго можна
Мячы гартаваць…

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *