Мазырскi велаквэст «Подых даўнiны»

Пад такой назваю адбыўся велаквэст з удзелам нафтаперапрацоўшчыкаў.

«Чаму такая назва?»  — спытаеце вы. Растлумачу. Як вядома, без мінулага няма ні сучаснасці, ні будучыні. Дык вось, дзеля таго, каб маладыя людзі (дарэчы, малодшаму з удзельнікаў не споўнілася і 9 гадоў) лепей пазнавалі гісторыю роднага горада, знаёміліся з яго ўтульнымі куткамі, славутасцямі, і быў задуманы гэты квэст (квэст  — гульня, якая патрабуе ад удзельнікаў вырашэння нейкіх практыкаванняў, каб ісці далей).

Такім чынам, 17 каманд  — па 3 удзельнікі ў кожнай  — прыехалі на роварах на плошчу Леніна, каб прыняць удзел у не зусім звычайным мерапрыемстве. Спрыяльнае надвор’е, бадзёры настрой, пачуццё яднання сталі закладам цікава праведзенага выхаднога дня.

Вело

Але аба ўсім па парадку. У 10.00 прагучала каманда: «Старт»,  — і ўдзельнікі адправіліся ў вандроўку. Трэба было праехаць на роварах 23 кіламетры як па горадзе, так і за яго межамі і выканаць прапанаваныя заданні. Прыязджаючы ў патрэбны пункт, удзельнікі здымалі сябе на тэлефон і пасрэднасцю праграмы «Viber» на смартфоне ад-праўлялі фотаздымак у су-дзейскую брыгаду. Адкуль, таксама праз «Viber», атрымлівалі наступнае заданне. Такім чынам, маладыя людзі даведаліся аб тым, што ў горадзе існуе адзіны ў Беларусі дзейнічаючы падземны храм, створаны ў будынку былога манастыра бернардынцаў, заснаваным у 1645 годзе; пабывалі каля першай браварні, якая вырабляе сваю прадукцыю з 1885 года; трапілі да мужчынскага і жаночага манастыроў цыстэрцыянцаў, што ў Даліне Анёлаў, якія існавалі ў нашым горадзе з 1647 і 1743 гадоў адпаведна; падняліся на вяршыню той самай Коршакавай гары, пра якую амаль усе чулі, але не ўсе ведаюць, што яна знаходзіцца ў Даліне Смерці; даведаліся пра тое, што вышэйшая кропка беларускага Палесся знаходзіцца ў нашым горадзе, і што вышыня яе складае 220,7 м. Акрамя таго, быў і першы ў Мазыры астрог (ён жа дом з прывідамі), які існуе з 1810 году і, па вялікаму рахунку, дзейнічае па сваім прамым прызначэнні. Як і першая ў горадзе гімназія, адкрытая ў 1856 годзе, і сёння адносіцца да Міністэрства адукацыі. Квэст закрануў таксама і старонкі не такой далёкай гісторыі  — гады мінулай вайны. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся і аб тым, што на вуліцы 17 Верасня знаходзіцца сумнае месца, на якім фашысцкія карнікі знiшчылі болей за 600 мірных жыхароў нашага горада. Асабліва хацелася б вызначыць яшчэ два месцы, гледзячы на якія, таксама робіцца сумна, але па другой прычыне. Гаворка ідзе аб будынку былой панскай ся-дзібы, ў якой некалі размяшчаўся дзіцячы шпіталь. Становіцца неяк няёмка, калі, узіраючыся ў прыгожы фасад, бачыш на шыльдзе: «Гістарычная коштоўнасць…» Нешта падобнае знаходзіцца і па вуліцы Ленінскай каля галоўпаштампта. Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтыя будынкі ўсё ж некалі атрымаюць статус «гістарычная каштоўнасць», і пасля рэстаўрацыі іх можна будзе з гонарам паказваць нашчадкам і гасцям…

Між тым, 23 кіламетры цікавейшай вандроўкі засталiся неўзабаве за коламі ровараў. Усе ўдзельнікі дайшлі да фінішу і атрымалі ў якасці ўзнагароды памятныя падарункі. Была вызначана і каманда-пераможца ў складзе Кацярыны Сітнік (цэх №16), Вячаслава Харашавіна (цэх №5) і Уладзіміра Бяляя (цэх №22), узнагароджаная адразу двума прызамі: памятным знакам «Залатое кола Мазыршчыны», падрыхтаваным нашым славутым фатографам Аляксандрам Зазулем, і вялізным тортам «Подых даўніны», вырабленым рэстаранам «Славянскі». І калі «Кола» засталося ў пераможцаў, дык тортам з задавальненнем пачаставаліся ўсе. Але, на самой справе, пераможцамі сталі ўсе ўдзельнікі квэста. Таму што прайшлі гэты нялёгкі маршрут, пазналі для сябе шмат цікавага і незвычайнага, набылі новых сяброў. І першае пытанне, якое гучала па заканчэнні: «Калі і дзе збіраемся наступны раз?» А наступны раз бу-дзе абавязкова! Мы ж яшчэ не ведаем пра стогадовы мост альбо пра тое, што ў Мазыры існавала фельд’егерскае вучылішча, і пра тое, што…

Аляксандр ЗАСІНЕЦ.

Р.S. На прыканцы хачу па-дзякаваць тых людзей, якія прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні квэста, працавалі ў судзейскай брыга-дзе, накіроўвалі і дапамагалі ўдзельнікам на Коршакавай горцы. І асабліва хачу выказать словы падзякі Ганне Васільеўне Булаш  — чалавеку, які самазабыўна любіць наш горад, якая падзялілася шэрагам матэрыялаў пры падрыхтоўцы квэста.

IMG_3813 IMG_3854 IMG_3858 IMG_3866 IMG_3868 IMG_3871 IMG_3877 IMG_3888 IMG_3928 IMG_3973 IMG_3998 IMG_4012 IMG_4031 IMG_4039 IMG_4063 IMG_4103

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *