Беларускiя традыцыi: успомнiць i перадаць

Ад прашчураў нам засталася ў спадчыну багатая самабытнымі звычаямі, яскравым фальклорам культура. Колькі ў беларусаў абрадаў, святаў, пра якія мы  нічога не ведаем ці ведаем, але вельмі мала. І каму, як не прадстаўнікам старэйшага пакалення —   людзям  залатога ўзросту,  тым, хто прайшоў вялікі жыццёвы і працоўны шлях, далучаць да гэтага культурнага багацця моладзь?

У Брагінскім раёне нядаўна адбыўся рэгіянальны фестываль «У асяроддзі сяброў», які сабраў больш за дзясятак калектываў з розных раёнаў Гомельшчыны, сярод іх і актывісты аддзялення для пажылых людзей  Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Мазырскага раёна. Акцэнт быў зроблены на нацыянальны каларыт  і фальклорную самабытнасць.  Нішто так яскрава не характарызуе народ, як святы, традыцыя, якія ён шануе і адзначае, —  гэта тое, што адрознівае беларусаў ад іншых народаў.  Са сцэны тэатралізавана, з песнямі, танцамі расказвалі пра цуды купальскай ночы, папараць-кветку ды варажбу з вянкамі, пра абрад «Завіванне вёлец»: перад вяселлем у доме нявесты збіраліся жанчыны і ўпрыгожвалі галінку дрэва, а пасля —  застолле, падчас якога жанчыны давалі нявесце парады, як патрэбна сябе паводзіць у шлюбе.

А ці ведаеце, што раней дзяцей шасцігадовага ўзросту прысвячалі да новай вопраткі? Аб гэтым прысутным расказалі мазыране. Да гэтага ўзросту і хлопчыкаў, і дзяўчынак апраналі аднолькава  —  у доўгую сарочку, пашытую з матчынай.  І не только таму, што яна многа разоў мытая і таму мяккая (не натрэ скуру дзіцяці),  а таму, што яна ўвабрала ў сябе матчыну энергію і сілу — так дзiця  засцерагалі ад ліхіх вачэй, псуты і няшчасцяў. І толькі калі дзіцяці спаўнялася шэсць гадоў, праводзілі спецыяльны абрад: дзяўчынка атрымлівала ў падарунак ад хроснай спаднічку з кофтай, а хлопчык —  штаны з кашуляй. З гэтага часу малых ужо далучалі да хатніх спраў: дачка дапамагала маці, а сын —  бацьку.

Дарэчы, мазырскі калектыў атрымаў у гэтым конкурсе ганаровае II месца. Віншуем! А наперадзе —   зноў віруе творчае жыццё, чакае ад нашых актывістаў новых народных напеваў, танцаў, вершаў…

WP_20160628_11_30_56_ProИзображение 022

Вольга АРДАШАВА