Допінг, які не шкодзіць здароўю

Мы пра гумар. А вы пра што?

Без жартаў, анекдотаў з перчыкам мы не абыходзімся аніколі. Згадзіцеся: дасціпнае слова ой як падтрымлівае настрой і ўвогуле станоўча ўплывае на наш аптымізм і, канешне, здароўе  — пра гэта гавораць і лекары, і непасрэдна смяш-лівыя людзі! А апошніх ў Калінкавіцкім раёне надоечы сабралося зашмат  — сёлетні фестываль народнага гумару «Аўцюкі» зноў згуртаваў лепшых гумарыстаў з усёй Беларусі. Трэба сказаць, прымерылі на сябе аўцюкоўскую сярмяжку і расійскія, і ўкраінскія, і нават малдоўскія гумарысты  — ад нашых не адрозніць, разам рабілі фестываль зычным!

Падзеі распачаліся на раздарожжы Малых і Вялікіх Аўцюкоў, там мясцовыя мужы збудавалі лаву прымірэння  — такая ёсць і ў Мазыры. Каля яе і помнік Каласку і Калінцы ўстанавілі. Кажуць, каласкоў і калінак выдумаў (ці недзе пачуў пра іх?) наш калега, журналіст, а яшчэ пісьменнік спадар Ліпскі, зараз ён ініцыятар і душа фестывалю. «Колькі гадоў назад хадзіў па вёсцы, ад хаты да хаты, распытваў, як людзі жывуць, як адпачываюць, і мне гэтулькі ўсяго нарасказвалі, наспявалі, што я пасля нават склаў кніжку, якую назваў «Пра каласкоў і калінак, якія гаруюць і жартуюць»  — адтуль і павялося. Тое раскрыжаванне  — месца даволі сімвалічнае. Менавіта тут, на паляне, атуленай дубамі, паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі, у 1995 годзе разгарнуліся першыя гумарыстычныя спаборніцтвы паміж дэлегацыямі з навакольных вёсак і абласцей на лепшы анекдот, жарт, cцэнку ды прыпеўку  — хто на што быў здольны. Было і хатняе заданне  — паказаць сваю гаспадарку. Гэта самае смачнае з усёй фестывальнай праграмы: кожная гаспадыня выстаўляла ля варот свае пачастункі. У гэтым вызначыць пераможцу было амаль што немагчыма, растлумачу: пройдзеш міма, не паспрабуеш  — па-крыўдзіш, дойдзеш да канца  — добра, калі будзеш цвёрда стаяць на нагах. Вось чаму на «Аўцюкі» прыязджалі і прыяз-джаюць самыя моцныя і адборныя. Так швэнданне па дварах і хатах стала традыцыяй, добрай ці не  — можна яшчэ паспрачацца, але доўгачаканай  — дакладна. Пра першы дзень фестывалю крыху дабаўлю: скончыўся ён не інакш як па-аўцюкоўску. Вогнены дождж, феерверк, залілі з пажарнага брандспойту  — гэта, дарэчы, яшчэ адна «аўцюкоўская» звычка. Пасля майстры вострага слова (а народны гумар такі і ёсць  — колкі і неабчасаны) паказвалі сваё майстэрства ў вёсках Калінкавіцкага раёна.

На другі дзень фестывалілі на цэнтральнай плошчы райцэнтра, тут і конкурсы сярод гумарыстаў, і «Міс Аўцюкі», і «Альпійскія гульні», а таксама ў гарадскім парку, дзе адбыліся футбольны матч і фінал рэгіянальнага сельскагаспадарчага праекту «Уладар сяла», у якім мазыране, да слова, прынялі самы актыўны ўдзел. Скажу вам шчыра: адцягвала ўвагу ад самай што ні ёcць культурнай, народнай часткі свята не менш народнае і самае смачнае — швэнданне па падворках, праходжанне «мытні», чарні-льны штамп якой не зводзіцца і сёння. Так-так, падворкі ў гэтым годзе перанеслі ў Калінкавічы, у гэтым ёсць пэўны сэнс:  тут «больш цывілізавана», «больш людзей далучаецца да свята». Праўда, самі аўцюкоўцы з гэтым не надта пагадзіліся. Але…

Пасля назначэння тытулаў самым смешным  — гала-канцэрты, святочны салют і… прыемны прысмак ад пачутай беларускай гаворкі, дасціпных жартаў і, канешне ж, страў па-аўцюкоўску. Пра гастранамію можна казаць асобна: нашым суседзям гасцін-насці, гаспадарлівасці не займаць. Дзякуй за свята!

Швэндала па фестывальных падворках Вольга АРДАШАВА
Фота аўтара

Як гэта было – у нашым фотарэпартажы

Усміхніцеся разам з Уладзімірам ЛІПСКІМ

Міліцыянер-аўцюк  — шафёру:

— Ты, каласок, далей ехаць не зможаш.

— Чаму?

— У цябе вельмі мала крыві ў алкаголі.

* * *

Едзе камісія ў Аўцюкі. Бачаць: аўцюк яму капае. Цікавяцца:

— Навошта табе яма летам?

— Дык трэба, каласок, зняцца на картку.

— А яма навошта?

— Дык сказалі ж зняцца па пояс.

Пабыла камісія ў вёсцы. Едуць назад. Той аўцюк другую яму капае.

— Навошта табе дзве ямы?

— Дык сказалі ж  — дзве фоткі трэба.

* * *

Служыў аўцюк у арміі. Далёка недзе. Вярнуўся дахаты. У яго распытваюць:

 — Як там?

 — А-а, дурдом.

— Як гэта?

— Заўтра пакажу.

Раніцай  — трывожны звон на ўсю вёску. Падвесіў салдат рэйку і гасіць по ёй жалезным прутам.

Збегліся аўцюкоўцы да яго хаты. Думалі  — пажар. Хто вядро прыхапіў, хто рыдлёўку, хто сякеру.

Былы салдат:

— Мы з бацькам едам па дровы. Астатнім  — разысціся!

* * *

Аўцюковец вешаўся. Прывезлі да псіхіятра. Лячылі два месяцы. Са-бралася камісія: ці здаровы?

Пасля праверак і роспытаў старшыня камісіі цікавіцца:

— Што будзеш рабіць, як вернешся дадому?

— Жонку, каласок, пацалую.

— А тады што?

— Сена карове дам.

— А тады?

— Дроў накалю.

— Ну, а далей?

— Пасля, каласок, як баба не налье, пайду і павешуся.

* * *

Рэйсавы самалёт Мінск—Кіеў ляціць над Аўцюкамі. Сцюардэса падбягае да лётчыка:

— Адчыніце люк, двое аўцюкоўцаў хочуць выйсці.

— Э-э, учора аднаго тут выпусцілі, а трое ўскочылі…

* * *

 — Бацька самагонку гоніць?

— Не-а…

— А дзе хавае?

— Пад печчу…

* * *

Пісалі сачыненне, як хто правёў лета. І трэба было зрабіць вывад. Малы аўцюк накрэмзаў: «Летам пасвіў кароў. Каб тыя каровы падохлі».

* * *

Спазніўся аўцюк на апошні аўтобус. Што рабіць? Як заехаць дамоў?

Пайшоў у міліцыю, заяўляе:

— У нашых Вялікіх Аўцюках ёсць чалавек з аўтаматам. Але ён вам яго не аддасць…

— Як?! Адбярэм!..  — заяўляе дзяжурны.

Павезлі аўцюка ў Аўцюкі. Падводзіць аўцюк міліцыянераў да помніка  воіну-вызваліцелю і паўтарае:

— У яго ёсць аўтамат, але ж я казаў, што ён вам яго не аддасць…

* * *

Аўцюковец даклэпаў да раённага доктара. Той пытае:

— Што баліць?

— Усё, каласок!

— О, гэта вельмі небяпечная хвароба.

— Доктар, скажыце пра маю хваробу па-простаму, каб я ўцяміў.

— Лянота.

— А цяпер, доктар, скажыце, як будзе «лянота» па-вучонаму.

— Для чаго вам гэта?

— Каб мая баба не зразумела.

* * *

Сядзяць дзед і баба, абедаюць. Баба хрась дзеду лыжкай па лбе.

— За што, калінка?!

— За тое, што некалі пазбавіў мяне дзявоцкасці.

Сядзяць, ядуць.

Раптам дзед б’е бабе лыжкай па галаве.

— За што, каласок?!

— Каб дурныя думкі ў мазгі не лезлі…