Георгiй Мiкалаевiч Бачароў — ён паклау на алтар навукi свае шчырае сэрца

У такiя светлыя, сонечныя днi адзначаў свой юбiлей чалавек з такой жа светлай душой, глыбокапаважаны наш калега, кiраўнiк Георгiй Мiкалаевiч БАЧАРОЎ

БочаровГеоргiй Мiкалаевiч — педагог Мазырскага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта, «Выдатнік асветы БССР», якi добрасумленна, самааддана, з душэўнай шчодрасцю паклаў на алтар педагагiчнай навукi свае веды, сваё шчырае сэрца.

Лёсам было наканавана, каб мы, малодшыя яго калегi, далучылiся да педагагiчнага вопыту гэтай неардынарнай асобы. Больш за 10 гадоў Георгiй Мiкалаевіч працаваў загадчыкам падрыхтоўчага аддзялення. Усе мы — выкладчыкi-прадметнiкi (Ванда Герасімаўна Качалка — фiлолаг, Алена Міхайлаўна Савiцкая — фiзiк, Антон Юзэфавіч Васько — гiсторык, Валянціна Васільеўна Блахiна — фiлолаг, Любоў Уладзіміраўна Козенка — фiлолаг, а таксама аўтары гэтых радкоў, філолагі Галіна Мікалаеўна Дашкевiч і Таццяна Міхайлаўна Казачэнка, i iншыя) адносiлiся да розных кафедраў. Але Георгiй Мiкалаевiч змог так нас згуртаваць, натхнiць, што мы адчулi сябе калектывам аднадумцаў, аб’яднаных адзiнай мэтай: за прызначаны тэрмiн навучання падрыхтаваць будучых студэнтаў так, каб яны лiдзіравалi на выбраных факультэтах.

I сапраўды, выпускнiкi падрыхтоўчага аддзялення былi прызначаны старастамi груп, прафоргамi, а пасля заканчэння ўнiверсiтэта сталi таленавiтымi настаўнiкамi, кiраўнiкамi школ (Міхаіл Міхайлавіч Ранчынскi, дырэктар гiмназii імя Я.Купалы), выкладчыкамi нашага ўнiверсiтэта (Мікалай Іванавіч Семяненка, Федар Адамавіч Гаруля, Пётр Іванавіч Савянок, Валянцін Аляксеевіч Васюта, Уладзімір Дзмітрыевіч Кнiга). Ёсць супрацоўнiкi Мiнiстэрства адукацыi (Марына Таслагян).

У Георгiя Мiкалаевiча быў свой метад: фармiраваць у калег неабходныя прафесiйныя якасцi, спрыяць педагагiчнаму працэсу з пачуццём высокай культуры і павагi да чалавека, даць магчымасць кожнаму выкладчыку праявiць свой талент, сваю творчую iнiцыятыву. Неаднаразова ён камандзiраваў нас у сталiчныя вузы дзеля пераймання вопыту ў працы са слухачамi падрыхтоўчага аддзялення. Таму невыпадкова, што на базе нашага аддзялення быў праведзены першы рэспублiканскi семiнар кiраўнiкоў падрыхтоўчых аддзяленняў усiх вузаў  краiны. Было адзначана, што праца калектыва заслугоўвае высокай адзнакi.

Так атрымалася, што амаль усе мы, выкладчыкi падрыхтоўчага ад-дзялення, прыйшлi ў Мазырскi педагагiчны iнстытут пасля працы ў школе. Магчыма, таму Георгiй Мiкалаевiч давяраў нам, адчуваў выпрацаваную — настаўнiцкую самадысцыплiну, адказнасць за сваю справу. Падчас свайго адпачынку, стажыровак (а яны доўжылiся да чатырох месяцаў) выконваючым абавязкi Георгiй Мiкалаевiч прызначаў калегу Таццяну Міхайлаўну Казачэнка. Ёй потым давялося i самой кiраваць падрыхтоўчым аддзяленнем. Так паводзiць сябе сапраўдны iнтэлiгент, вопытны кiраўнiк, якi нiколi не iгнараваў у сваiх калег права на пошук, iмправiзацыю, самааналiз у спасцiжэннi iсцiны.

З натхненнем, зацiкаўленасцю мы праводзiлi са слухачамi экскурсii, лiтаратурна-музычныя вечары, вiктарыны, абмеркаваннi твораў мастацкай лiтаратуры. Самых таленавiтых слухачоў уключалi ў правядзенне святочных мерапрыемстваў iнстытута i горада. I яны ўжо адчувалi сябе не звычайнымi слухачамi, а паўнапраўнымi стваральнiкамi культурнага жыцця iнстытута, горада.

Дарэчы прыпомнiць неардынарны выпадак з жыцця падрыхтоўчага аддзялення. Пасля лекцыйных заняткаў па лiтаратуры да нас, вы-кладчыкаў-фiлолагаў, звярнулася дзяўчына, актыўная ўдзельнiца мастацкай самадзейнасцi (Святлана Паўлаўна Цiмашэнка). Са слязамi на вачах яна прасiла перавесцi яе ў групу фiлфака, бо вельмi любiць лiтаратуру i шкадуе, што падала заяву ў групу агульнатэхнiчных дысцыплiн i фiзiкi. Найперш гэтае пытанне мы абмеркавалi з нашым кiраўнiком, Георгiем Мiкалаевiчам. Праз некаторы час Святлана Цiмашэнка (цяпер Дзербянёва) была пераведзена ў группу фiлфака. Яна вядучы фiлолаг сярэдняй школы №11 г. Мазыра. Яе лёс быў вы-значаны. Ён прысвечаны любiмай справе. Так мог вырашыць пытанне толькi мудры кiраўнiк!

З лёгкай рукi нашага настаўнiка i калегi мы, акрыленыя яго увагай i даверам, сваю выкладчыцкую працу спалучалi з навуковай дзейнасцю. Многiя з нас паступiлi ў аспiрантуру, сталi кандыдатамi навук. Гэта Антон Юзэфавіч Васько, Валянціна Васільеўна Блахiна, Кацярына Гаўрылаўна Клiменка, Галіна Мікалаеўна Дашкевiч, Любоў Уладзіміраўна Козенка, Таццяна Міхайлаўна Казачэнка.

Па iнiцыятыве Георгiя Мiкалаевiча першыя метадычныя дапаможнiкi мы рыхтавалi для слухачоў падрыхтоўчага аддзялення, якiя потым з поспехам выкарыстоўвалiся на практычных занятках.

Варта адзначыць, з якой увагай i павагай адносяцца да Георгiя Мiкалаевiча яго былыя выпускнiкi, калегi, лiку якiм ён і сам не ведае. Гэта такiм настаўнiкам прысвячае свае радкi Васiль Вiтка: «Самы даўгавечны чалавек на зямлi — настаўнiк, бо нараджаецца ён не толькi пры сваiм нараджэннi, не толькi пры нараджэннi сваiх дзяцей, унукаў i праўнукаў, ён нара-джаецца з кожным новым пакаленнем сваiх вучняў. Наш любiмы настаўнiк жыве ў кожным з нас».

Мы, калегі, часта згадваем Вас у думках, як добра нам працавалася з Вамі.

Дзякуй Богу, ёсць на нашай зямлi рыцары Асветы!

Доўгага веку, шчаслівай долі Вам, Вашым родным, дарагі наш Настаўнік, Кіраўнік Георгій Мікалаевіч!

Няхай жывецца Вам светла і прыгожа!

Галіна ДАШКЕВІЧ, Таццяна КАЗАЧЭНКА,

калегі-выкладчыкі падрыхтоўчага аддзялення МДПУ імя І.П.Шамякіна.