ЛЕПШЫ РАЙ — МОЙ КРАЙ!

Праект №1

Шаноўныя чытачы! На старонках сённяшняга нумара бярэ старт новы праект газеты. Спадзяемся, вы пагодзіцеся з тым, што Мазыршчына — ёсць сапраўдны рай для старажылаў, а таксама новых пакаленняў, якія шчыра працуюць тут на роднай зямлі і працягваюць лепшыя традыцыі продкаў. Дзякуючы такім намаганням, у нашым чароўным краі адраджаюцца святы пазаабрадавага календара хлебаробаў, гліна ў руках майстроў ператвараецца ў дзівосныя вырабы, дубчыкі лазы згінаюцца ў мудрагелістыя карункі, а салома — зіхаціць нібыта сонца, саграваючы ўрадлівую глебу не толькі дзеля таго, каб на ёй вырасталі добрыя ўраджаі зерневых, а і менавіта тут, на роднай зямлі распраўлялі свае кволыя крылы будучыя таленты, сярод якіх народныя спевакі і танцоры, музыканты і кампазітары, мастакі і спарцмены, пісьменнікі і паэты, вучоныя і даследчыкі..


Усё пералічанае стане той нівай, дзе можна будзе знайсці зерне. А што тычыцца сённяшняга праекта, то мы маем намер паказаць захаванне абрада «Зажынкі» праз прызму здабыткаў фальклорнага гурта «Распевы» Слабадскога цэнтра культуры і вольнага часу, падзеі якога адлюстроўваюцца на палявым стане СВК «Слабадское імя Леніна», дзе цудоўна пераплятаюцца мінуўшчына і сённяшні час. Няхай жа гэты першы праект стане і нашымі творчымі зажынкамі, дзеля таго, каб далей весці шчыры аповед з чытачом пра наш цудоўны край, пра тыя мясціны, дзе плятуць кошыкі, ткуць кросны, вышываюць крыжыкам, выпякаюць смачны хлеб, гатуюць бабулін кулеш, дранікі альбо верашчаку. Падказвайце, калі ласка, нам вёскі і хутары, дзе яшчэ жывуць лепшыя традыцыі, альбо дрэмлюць ў бабуліных куфрах ручнікі-абярэгі, а самі бабулі з дабрынёй, мудрасцю і моцнай любоўю да роднага краю ў вачах расказваюць унукам ці ўжо праўнукам казкі, напоўненыя таямніцамі і жыццёвым сэнсам, спяваюць калыханкі і замаўляюць іх ад усялякай бяды і сурокаў…

Ад прадзедау спакон вякоу…

IMG_20160804_141158
Як кажуць, трэба прыслухоўвацца да старэйшых. Таму свой аповед пра «Зажынкі» мы пачнём з успамінаў старэйшай удзельніцы фальклорнага гурту «Распевы» Слабадcкога цэнт-ра культуры и вольнага часу Марыі Мікалаеўны Рухло (1934 г.н.), якая расказала, як рыхтаваліся да такога свята калісьці яе продкі: «Абрад зажынак пачынаўся ў суботу ці ня-дзелю. Паснедаўшы, дзядуля ішоў у гумно і рыхтаваў ток «пад новае жыта». У гумне, як і ў хаце, вісеў на вуглу абраз святога. Ету іконку ад пылу абціралі, набожнік чысты вешалі. А жанчыны (мая маці і бабуля) пачыналі ўборку ў хаце, рыхтавалі рытуальны абед. На стол засці-лаўся белы абрус, на цэнтр стала ставілі каравай, а вакол яго — сыр, боршч, кіслае малако, кашу. Пасля абеду галоўная жняя (бабуля) апраналася ў святочнае адзенне, брала з сабою кавалак караваю са стала, соль, сыр, грамнічную свечку і ішла ў поле зажынаць збажыну.

Зажынаючы першую жменю, прыгаворвала: «Дай жа, Божа, каб лёгка жалася! Сярэдзіна не балела, ручанькі не млелі, ножанькі не дзервянелі, галава не гарэла!» Тады клала гэту жменю каласоў на край нівы, а наверх хлеб, сыр і ўсё, што прынесла з дому. Падыйшоўшыя жанчыны (маці, сестры, суседкі) першыя зжатыя каласы звязвалі вакол паясніцы чырвонай вяровачкай, альбо стужкай, каб сярэдзіна (жывот) не балела. Нажаўшы першы сноп, галоўная жанчына садзілася на яго, а астатнія ўпрыгожвалі сноп вянком з кветак. Потым неслі снапок дамоў, ставілі на кут да Іспаса. На свята абціралі яго і неслі зерне ў царкву свяціць. Етым свечаным зернем потым засявалі азімае. Жніво пачыналася з раніцы наступнага дня. На поле спачатку прыходзіла ўдава, ці здаровая маладая дзеўка, нажынала столькі снапоў, каб «паставіць ў бабкі». Там можна было схавацца ад спякоты. Жніўная праца жанчын суправаджалась галоснымі песнямі, каб адпугнуць з поля злых духаў. Што сцвярджаюць і наступныя радкі:
«… Сіротачка жыта жала,
Да сырой зямлi прылягала.
З сырой зямлёй гаварыла:
— Ты, сырая мацi-зямелька,
Узяла бацьку майго й маці,
Вазьмі ж і мяне сіраціну.
— Ня буду я цябе браць,
Хачу табе долю даць…»
Зараз няма надзелаў у людзей, не трэба жаць жыта ўручную зубленым сталёвым сярпом… Зараз усё па-другому. Добра мы жывём, што казаць…»

Блаславi, Божа, жыта зжацi…

Пачынаючы гэтую частку, так і хочацца згадаць радкі Янкі Купалы, які параўноўваў жняю з царыцаю: «Як сама царыца ў залатой кароне йдзе яна ў вяночку паміж спелых гоняў…» Відавочна, славілі хлеб у розныя часы і працу тых, хто яго вырошчваў і прыбіраў, укладваючы асабісты сэнс у пачатак жніва. Прасілі ў Бога блаславення і добрага надвор,я…
Працяг народных традыцый, на тэрыторыі Слабадскога сельскага Савета адбываецца дзякуючы калектыву Цэнтра культуры і вольнага часу пры падтрымцы мясцовай улады. Дарэчы сённяшняя яго загадчыца Га-ліна Астапенка працягвае абагачаць скарбонку народнай спадчыны, распачатай яе папярэдніцай — Людмілай Казловай, якая стаяла у вытокаў стварэння фальклорнага гурту «Распевы» і з,яўляецца зараз яго нязменным кіраўніком. Кожны з удзельнікаў гурту па словах Галіны Іванаўны — цікавая асоба, дапаўняючая тэматычныя праекты асабістай харызмай, каларытам, майстэрствам. Усе ўдзельніцы — гэта жанчыны, дзяцінства якіх прыйшлося на ваенны час альбо на першыя гады пасля яго. Менавіта яны, як ніхто іншы, ведаюць цану хлебу, цяжкай працы, якая паступова мацавала дабрабыт чалавека, надзейнасць на заўтрашні дзень. У гэтым ліку: Марыя Мікалаеўна Рухло, Валянціна іванаўна салавей, Ева Іванаўна Рубан, Марыя Іванаўна Кліменка, Надзея Іванаўна Жукевіч.

1 100_0710 100_0723 100_0726 100_0727 100_0728
100_0735
100_0746 100_0748 100_0751 100_0753 100_0754 Милиция

Свята «Зажынкі» ў Слабадзе справілі адразу пасля Пятра, у сярэ-дзіне ліпеня. Як кажуць, навошта было чакаць, калі цяжкае калоссе, налітае пазалотай, гнулася амаль да зямлі. Жытнёвае поле, пакутуючы ад 30-35- градуснай жары, запрасіла людзей на жатву. Свята распачалося з урачыстага вітання камбайнераў, шафёраў, якія пад,ехалі к полю на камбайнах, упрыгожаных стужкамі, кветкамі. Хлебаробаў, выйшаўшых з машын, віталі вядучыя святочнага мерапрыемства: «Сабраліся ўсе мы сёння сюды, дзе шуміць збажына. І просіць нас голасам спелым: «Прыходзьце хутчэй зажынаць». Далей самадзейныя артысты фальклорнага гурта «Распевы» праспявалі: «Радзі, сонца, ярыну капамі; радзі, сонца, жыта і пшаніцу поўна поле стагамі.Радзі, сонца, жыта і пшаніцу поўны клеці карабамі. Радзі, сонца, жыта і пшані-цу поўны печы пірагамі». Другая вядучая вынесла хлеб на ручніку і сказала хвалебныя словы пра хлеб: «Наш шчыры хлеб, надзённы хлеб. Ва ўсе вякі ты быў няпросты. Спрадвеку ззяе свежы бохан вялікім шчасцем на стале. З надзеяй зажынаць іду і нізка кланяюся полю, такому роднаму да болю, што знала гора і бяду».

Потым жанчыны з фальклорнага гурту падышлі з сярпамі к полю і адна з іх сказала наступныя словы: «Сам Гасподзь жыта жаў і нам наказаў. Вялікія снапы вязаў і нам наказаў. Частыя копы стаўляў і нам наказаў. Што горачка, то й копачка, што лужочак, то й стажочак».
Яе сваімі словамі падтрымала другая жанчына: «Добры дзень табе, ніўка, ядронае жыта. Мы сёння к табе прыйшлі, сярпы ўзялі. А нажнем мы толькі адзін, першы зажыначны сноп, на сто коп, на тысячу мерак. А потым нізка паклонімся камбайнерам, падзякуем кіраўніцтва гаспадаркі за тое, што сярпы з нашых рук забралі. Нашы спіны і рукі ўжо не баляць, жыта жнучы, у снапы вяжучы, на ток цягаючы, цапамі махаючы. Каб і надалей так было, каб жыта расло, добра ніва радзіла, каб усе здаровенька пажывалі і гатовы хлеб паядалі».
Пасля гэтых слоў жанчыны спяваюць і зажынаюць першы сноп. Звязваюць яго прыгожымі стужкамі. Адна з вядучых свята падносіць хлеб на ручніку, а самая старэйшая з гурту жанчына ставіць сноп і гаворыць: «Стаўлю сноп на сто коп, на тысячу мерак». Адламлівае кусок хлеба, кла-дзе яго на ржышча пад сноп. Вядучая накрывае сноп ручніком і гаворыць: «Пакрыла ніўку на добрую спажыўку. Памажы, Божа, увабраць збожжа». «Крыта, крыта — поўна жыта», — гавораць усе.
Далей жанчына з гурту бярэ хлеб і падыходзіць да камбайнераў, надламлівае кожнаму па лусце і гаворыць: «Пачастуйцеся, сыночкі, мя-кішам-скарыначкай, набярыцеся моцы, каб дужыя былі і хлеб новы здабывалі. Дзякуй Богу і вам, што былі мы з хлебам да новага ўраджаю. Спрадвеку зямля карміла людзей, жывіла. Разам з намі бедавала, разам з намі спявала. Любіце зямлю, беражыце, і яна вам аддзячыць…»
Следам за гэтымі словамі гурт спявае песню «Пасылала мяне маці яравое жыта жаці…». Далей вядучая святочнай праграмы гаворыць: «Досыць ядронаму жыту ў полі стаяці, пара па ядронаму жыту камбайнам гуляці. Пара ядронае жыта ў засек засыпаці».
На пярэдні план пляцоўкі запрашаецца экіпаж — пераможца на жніве мінулага года. Камбайнеры дзякуюць за такую пашану і запрашаюць кіраўніка гаспадаркі на свой камбайн, каб разам прайсці першы круг. Яны ідуць да машыны. Ім даецца права першым зайсці ў загон на жніве-2016 года. За імі ў шарэнгу становяцца астатнія камбайны. Тым часам жанчыны зажынаюць яшчэ некалькі снапоў, дзяўчаты плятуць вянкі з каласоў, валошак, рамонку і ўпрыгожваюць іх стужкамі. Жанчыны спяваюць народную песню «Зялёнае жыта». Камбайны хутка вяртаюцца, спыняюцца. Вядучыя нясуць намесніку дырэктара СВК «Слабадское імя Леніна» Міхасю Гнедзька сноп, прыгаворваючы: «Паздароў, Божа, гаспадару! Прынеслі вам вянок з шырокага поля, з ядронага жыта. Гаспадар сваёй гаспадаркі не страціць, нам за вянок заплоціць…» Жанчыны спяваюць жартоўную песню. Тым часам камбайнер гаворыць: «А, ну, давайце, хлопцы, дырэктара качаць! Няхай не скупіцца і дзяўчат за зажынкі прывячае…» Кіраўнік адказвае на жарт жартам. Жанчыны спяваюць песню пра хлеб, а потым вітаюць і надзяляюць святочным вянком галоўнага агранома гаспадаркі.
Завяршаецца святкаванне абрада цудоўнымі радкамі: «Блакіт нябёс і белы бусел, і кветкі ў полі , як абрус… Мой край завецца Беларуссю, хай будзе з хлебам Беларусь!»
Што мы не ахапілі словамі, няхай дапоўняць нашу думку шматлікія фотаздымкі, на якіх адлюстраваны добры настрой, радасць і, безумоўна, надзея. А яшчэ — упэўненасць у заўт-рашнім дні, таму што на палетках Мазыршчыны хлебаробы вырасцiлi добры ўраджай. Будзем з хлебам!

Наталля КАНОПЛІЧ,
фотаздымкі Галіны АСТАПЕНКА.