Перадвыбарчая праграма кандыдата ў дэпутаты па Палескай выбарчай акрузе №43 ЧЭЧКІ Мікалая Мікалаевіча «Беларусь патрабуе перамен. Альтэрнатыва ёсць»

Перадвыбарчая праграма
кандыдата ў дэпутаты па
Палескай выбарчай акрузе №43
ЧЭЧКІ Мікалая Мікалаевіча

«Беларусь патрабуе перамен. Альтэрнатыва ёсць»

Дарагія суайчыннікі!
11 верасня нам трэба абраць будучыню нашай краіны на бліжэйшыя чатыры гады. Ад гэтага рашэння залежыць будучыня нашых дзяцей і ўнукаў, будучыня незалежнай Беларусі.
Чыноўнікі ўсё больш залазяць у кішэні беларусаў: уводзяць новыя падаткі, павышаюць камунальныя тарыфы, змяншаюць заробкі і павялічваюць пенсійны ўзрост. Некалькі год улады не могуць вывесці эканоміку з крызісу. Чыноўнікі ад-біраюць у нашых дзяцей будучыню – бяруць крэдыты за мяжой для захавання сваіх пасадаў і правядзення наменклатурных з’ездаў. Аддаваць гэтыя крэдыты яны будуць з нашых сямейных бюджэтаў. Беларусі патрэбны перамены і рэформы, каб вярнуць нашым дзецям надзею на будучыню!
Хто такі Мікалай Чэчка?
Я беларус. Праваслаўны хрысціянін. Па поглядах – хрысціянскі дэмакрат. Пражываю ў Лельчыцах. Маю двух дарослых сыноў.
Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Матэматыка». Прайшоў тэрміновую службу ва Узброеных Сілах СССР на Балтыйскім флоце.
Працаваў ва ўніверсітэце лабарантам, інжынерам, навуковым супрацоўнікам навукова-даследчага сектара. Працаваў настаўнікам у сярэдняй школе Лельчыцаў.
Чаму балатуюся па вашай выбарчай акрузе?
Разам з іншымі хрысціянскімі дэмакратамі мы шмат зрабілі для таго, каб у нашым горадзе было зручна жыць кожнай беларускай сям’і. Зараз мы змагаемся за добрыя дарогі, абмежаванне продажу алкаголю, новыя працоўныя месцы з годнымі заробкамі і пенсіямі.
Як вывесці эканоміку з крызіса?
Беларускія хрысціянскія дэмакраты сумесна з экспертамі распрацавалі праект сістэмных рэформаў у эканоміцы, ахове здароўя, ЖКГ, пенсіях і іншых сферах. Мы ўпэўнены, што ўсю сістэму трэба мяняць ужо зараз.
НОВАЯ ЭКАНОМІКА: інвестыцыі і працоўныя месцы з годнымі заробкамі
-Прыцягненне сродкаў эмігрантаў і замежных інвестараў у новыя сектары эканомікі (ІТ- індустрыя). Продаж стратных прадпрыемстваў інвестарам для мадэрнізацыі вытворчасцяў.
-Развіццё малога і сярэдняга бізнесу (адмена сертыфікатаў, існуючых штрафаў і праверак; гадавыя патэнты, найм работнікаў без абмежаванняў).
— Мінімальная падатковая нагрузка на бізнес і адмена датацый дзяржсектару, развіццё фермерскіх гаспадарак за кошт увядзення прыватнай уласнасці на зямлю для грамадзян Беларусі.
ЖКГ: якасныя паслугі з прымальнымі тарыфамі
-Магчымасць выбару паміж прыватнай або дзяржаўнай арганізацыяй, якая абслугоўвае дом. Канкурэнцыя знізіць кошт і павысіць якасць абслугоўвання.
-Скарачэнне чыноўнікаў у аддзелах ЖКГ і ў міністэрстве.
-Скарачэнне бюджэтных датацый на ЖКГ. Прыватызацыя стратных лазняў, цырульняў, гасцініц і хімчыстак.
АХОВА ЗДАРОЎЯ: новае абсталяванне і якаснае лячэнне
-Адмена платных паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя. Развіццё прыватных медыцынскіх цэнтраў.
-Страхавая медыцына: дзяржава і прадпрыемствы размяшчаюць на рахунак кожнага грама-дзяніна страхавую суму, а чалавек самастойна абірае доктара і аплачвае яго паслугі са свайго рахунку.
-Павелічэнне выдаткаў на медыцыну за кошт адлічэнняў у фонд абавязковага медыцынскага страхавання сродкаў ад абароту спіртных напояў, тытунёвых вырабаў, ігральнага бізнесу, штрафаў за экалагічныя парушэнні.
ПЕНСІІ: годнае жыццё, павага і клопат
-Увядзенне абавязковых накапляльных пенсій. Кожны ўласнік сродкаў у накапляльным фондзе самастойна распараджаецца сваімі накапленнямі.
-Перадача ў назапашвальны пенсійны фонд 25% сродкаў ад прыватызацыі. Інвеставанне сродкаў у паспяховыя вытворчасці, што забяспечыць выплаты сённяшнім пенсіянерам. Старэйшае пакаленне мае права на сваю долю ў створаным іх рукамі нацыянальным багацці краіны.
-Аднолькавы ўзрост выхаду і пенсійных выплат для чыноўнікаў, настаўнікаў, рабочых, сіла-вікоў.
Для таго каб дабіцца перамен, новых працоўных месцаў з годнымі заробкамі і пенсіямі, трэба ваша дапамога. Не дайце сфальсіфікаваць выбары – удзельнічайце ў незалежным назіранні! Кантактны тэл. 8-029-167-34-35, bchd.info@gmail.com, http://bchd.info