Дзень беларускай пісьменнасці ў Рагачове

Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве i ў сне, душу мне затрэсла пагудкаю новай, ты песень наўчыла мяне!

Ты нашых думак уток і аснова, матчын дарунак да самай калыскі, — ты самацветаў яскравая нізка…

З легендаў і казак былых пакаленняў, з калосся цяжкога жытоў і пшаніц, з сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, з грымучага ззяння бурлівых крыніц, з птушынага шчэбету, шуму дубровы, і з гора, і з радасці, і з усяго таго, што лягло назаўсёды ў аснову святыні народа, бяссмерця яго, — ты вы-ткана, дзіўная родная мова.

Максім ТАНК.

Якое вялікае, значнае і мудрае свята ёсць у маёй Беларусі! Спытайце ў мяне, чаму мая душа так ім ганарыцца, вітае яго ўсім сваім чароўным святлом, радуецца — шчыра, адкрыта, прамяніста, і я, як перад алтаром, адкажу: «Дзень беларускай пісьменнасці — гэта наш незгасальны выток. Выток гісторыі і культуры, бо гэтыя паняцці — адно цэлае. Магія слова — друкаванага слова — о, гэта як анёла крыло! Пад  яго ўплывам фарміруецца ўчынак чалавека. Ні больш, ні менш — учынак! Вось так!» І як добра, што кожны год у першую нядзелю верасня мы — усенародна, усёй нацыяй! — ад-значаем гэтую ўнікальную падзею, з якой шмат вякоў назад пачыналася наша беларуская пісьменнасць. Самі па сабе ўсплываюць у памяці неўміручыя радкі Янкі Купалы: «Бяссмертнае слова, ты, роднае слова! Ты крыўды, няпраўды змагло; хоць гналі цябе, накладалі аковы, дый дарма: жывеш, як жыло!»

Многім беларускім гарадам выпадаў такі высокі гонар – быць галоўным месцам правядзення вялікага ўсенароднага свята. Сёлета шаноўных гасцей не толькі з Беларусі, але і замежных прымаў старажытны горад-прыгажун Рагачоў. Мне даводзілася раней шмат разоў бываць у гэтым цудоўным краі. І вось – новая сустрэча з горадам, які раскінуўся на двух рэках – Дняпры і Друці. Як жа ён пахарашэў за гэты час, якія відавочныя змены тут адбыліся! Адным словам, прымаў шматлікіх гасцей вялікага свята старажытны Рагачоў так, як і належыць дбайнаму гаспадару: з хлебам-соллю, сардэчна, з вялікай радасцю.

IMG_8781Дзень беларускай пісьменнасці – гэта магчымасць дзяржавы сказаць вялікі дзякуй пісьменнікам, вучоным, літаратарам – усім, хто мае дачыненне да гэтага значнага працэсу, – захавання роднага слова. Гэта падкрэсліла ў сваім выступленні міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч. Па яе словах, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якое адбылося пасля ўрачыстага адкрыцця Дня беларускай пісьменнасці, – гэта вышэйшая ўзнагарода беларускім аўтарам, падзяка дзяржавы за клопаты аб родным слове.

Міністр інфармацыі напомніла, што ўсюды, дзе праходзіла гэтае свята, заставаліся знакавыя аб’екты. «Гэта тое свята, якое пакідае пасля сябе не толькі духоўны след, але і матэрыяльныя каштоўнасці. Але галоўнае, каб кожны, хто тут пабываў, задумаўся над тым, як важна пераемнасць пакаленняў, калі вопыт і мудрасць, назапашаныя продкамі, перадаюцца патомкам», – сказала Лілія Станіславаўна Ананіч. Яна адзначыла, што існуе своеасаблівае першынство за тое, каб гэтае свята – Дзень беларускай пісьменнасці – праходзіла менавіта ў тым ці іншым горадзе. Аднак прынцып адбору нязменны: гэта павінен быць адзін з тых гарадоў, які ўнёс значны ўклад у гісторыю і культуру Беларусі. «Рагачоўшчына ўзрасціла не аднаго таленавітага майстра слова. Гэта дастойнае месца, і свята атрымалася дастойнае, і праходзіць яно на самым высокім узроўні», – падкрэсліла міністр інфармацыі.

Віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава адзначыла, што правядзенне Дня беларускай пісьменнасці ў Рагачове – падарунак мясцовым жыхарам, які застанецца з імі на доўгія гады. Яна прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці свята. Наталля Іванаўна, у прыватнасці, зазначыла, што за час падрыхтоўкі да яго раённы цэнтр змяніўся да непазнавальнасці. Тут абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб’екты. Віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь падкрэсліла, што дзякуючы ініцыятыве старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Андрэевіча Дворніка, а таксама старанням кіраўніцтва Рагачоўскага раённага выканаўчага камітэта, мясцовых жыхароў выкананы вялізны аб’ём работ. Наталля Іванаўна Качанава, старшыня арганізацыйнага камітэта па правядзенню свята, згодна з’явіўшайся сёлета добрай традыцыі перадала ў дар Рагочову кнігу аб Полацку – сваім родным горадзе, дзе ў наступным годзе пройдзе День беларускай пісьменнасці.

У вялікім свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і дальняга замежжа, пісьменнікі, літаратары з Беларусі і іншых краін. Дарэчы, святочная праграма налічвала каля 100 мерапрыемстваў. У горадзе дзейнічалі тэматычныя павільёны і вы-стаўкі, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Нацыянальная бібліятэка Беларусі пазнаёміла гасцей з экспазіцыяй «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», у цэнтры якой – унікальныя прыклады беларускага кнігадрукавання XVII-XX стагоддзяў. Ярка і запамінальна прайшоў фестываль кнігі і прэсы.

З гонарам зазначу, што на ім запамінальна, прыгожа і па-свойму ўнікальна прайшла прэзентацыя газеты «Жыццё Палесся». У выдання на фестывалі была такая місія: праз друкаваныя матэрыялы адлюстраваць на яго старонках найбольш значныя падзеі, якія адбываліся на Мазыршчыне ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Дарэчы, у той час газета называлася «Бальшавік», а крыху пазней – «Зара». Мы бліскуча – без перабольшвання! – справіліся з гэтай адказнай задачай. Мае калегі па працы – рэдактары аддзелаў пісьмаў і прамысловасці Наталля Канопліч і Вольга Ардашава – былі само ўвасабленне прадстаўнікоў інтэлігенцыі таго часу – і абліччам сваім, і праінфармаванасцю жыцця тых дзён далёкіх, звязаных з родным краем.

IMG_5181Значную музычную падтрымку, трэба падкрэсліць, нам аказаў наш славуты гурт – народны калектыў народнай музыкі «Радуніца», які ўзначальвае Мікалай Васільевіч Туравец. Гэты таленавіты калектыў, сказаць папраўдзе, усіх наведвальнікаў фестывалю прэсы ў прамым сэнсе слова запальваў: усе затрымліваліся з радасным настроем, са шчырай усмешкай каля стэнда рэдакцыі газеты «Жыццё Палесся». І падпявалі нашым славутым землякам, і з ахвотай прытанцоў-валі… Так што мы з поўнай падставай гаворым: «Віват, «Радуніца»!»

Вядома, усе мы вельмі хвалява-ліся: як ацэняць нашу прэзентацыю газеты высокія госці – віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Качанава, міністр інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч, міністр культуры Барыс Уладзiмiравiч Святлоў, старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Андрэевіч Дворнік?

Нашы хваляванні былі дарэмныя. Атрымалася ўсё цудоўна. Наталля Канопліч шчыра і ўзнёсла вітала высокіх гасцей. Вольга Ардашава ўручыла віцэ-прэм’еру Рэспублікі Беларусь прыгожы хлебны каравай на беларускім вышытым абрусе, а народны ансамбль народнай музыкі «Радуніца» пад вельмі сардэчную песню – на шчасце, на добрую долю, на мір і лад у нашым агульным доме – яшчэ больш узняў усім настрой. І таму пакідалі нас высокія госці задаволеныя ўсім, што ўбачылі і пачулі на прэзентацыі мазырскай раённай газеты. І гэта галоўнае.

На высокім узроўні, што таксама вельмі нас парадавала, была ацэнена імі і выстаўка прадукцыі камунальнага палiграфiчнага ўнітарнага прадпрыемства «Калор», якое ўзначальвае Пётр Сямёнавіч Зыкун. Ганарымся вамі, паліграфісты! Як і вялікім талентам майстрыц з Мазырскага цэнтра рамёслаў, якія прымалі ўдзел у гістарычным мерапрыемстве.

Адным словам, мазыране дастойна прадставілі свой славуты край на значным усебеларускім свяце, якое ўсім будзе помніцца доўга – ёсць падстава! А што датычыць роднага слова, без якога няма ні культуры, ні гісторыі народа, то мы пра яго ўзнёсла скажам словамі вялікага беларускага паэта Максіма Танка: «Няма на зямлі таго шчасця і гора, якога б ты нам перадаць не магла. Няма такіх нетраў, глыбокага мора і гор, праз якія б ты не правяла мяне на радзіму. Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім праз цемру і годы змаганняў суровых. І нівы васкросшыя закаласяцца, – і зноў прашуміш ты вясновым дажджом, і зноў зазвініш ты ў кожнай у хаце, цымбалам дасі іх сярэбраны гром і вусны расквеціш усмешкай дзіцяці…»

IMG_8545 IMG_8550 IMG_8555 IMG_8557 IMG_8573 IMG_8574 IMG_8580 IMG_8584 IMG_8596 IMG_8601 IMG_8607 IMG_8624 IMG_8627 IMG_8640 IMG_8643 IMG_8647 IMG_8663 IMG_8669 IMG_8676 IMG_8689 IMG_8706 IMG_8707 IMG_8711 IMG_8746 IMG_8754 IMG_8759 IMG_8779  IMG_8784 IMG_8788 IMG_8789 IMG_8795 IMG_8803 IMG_8804

Ларыса ЛАРЫНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *