Люлька iх юнацтва

Праз сорак гадоў прайшла сустрэча выпускнікоў 1976 г. спецыяльнасці  «Беларуская мова і літаратура» філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

Ужо некалькі гадоў гэтае мерапрыемства планавала правесці Валянціна Уладзіміраўна Грыцэнка. Арганізатар тэлефанавала сваім аднагрупнікам, запрашаючы іх з’ехацца з розных куткоў рэспублікі. На сустрэчы быў таксама і куратар іх групы Анатоль Казіміравіч Малюк – член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Для сваіх «дзяцей» ён прынёс у падарунак зборнікі вершаў. Самі выпускнікі таксама дасягнулі нямалых вышынь: тут і намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама, і галоўны рэдактар газеты, і дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, і дырэктары агульнаадукацыйных сярэдніх школ, і, канешне, настаўнікі. У сваёй прафесіі амаль усе маюць вышэйшыя катэгорыі. Аднак што яны могуць успомніць за мінулыя сорак гадоў?

IMG_9710g

Выпускнікі кажуць, што запомніўся звычайны інтэрнат, пражыванне ў ім, дзе было шмат вясёлых спраў і нейкіх учынкаў. Напрыклад, як дзяўчынкі частавалі ежай ці як прыходзілі пад покрывам ночы скрозь акно, мінуючы вахту. Як аднагрупніца па мянушцы «бяззубік» у футбол гуляла з хлопчыкамі, калі збіралі бульбу. З радасцю ў вачах успамінаюць, як бегалі ў сталовую па смачныя свежыя піражкі, як трэнер па фізічнай падрыхтоўцы будзіў у шэсць гадзін раніцы і прымушаў бегаць па велізарнай лесвіцы. Хлопцы ў галаве таксама трымаюць і тое, што іх было ўсяго сем на курсе, калі ўсіх студэнтаў было 75. Двое з выпускнікоў знайшлі сабе жонак ва ўніверсітэце. Кажуць, выбар быў вялікі.

Выпускнікі вырашылі правесці свое-асаблівы конкурс, у якім трэба было адгадаць аднагрупніка. Уладзімір Васільевіч Сакоўскі гаворыць, што адчувае сябе, як на іспыце: трэба было паспрабаваць усіх пазнаць, нікога не пакрыўдзіць і сцяміць, хто як змяніўся. Ён глядзеў уважліва, вышукваў дэталі і знаёмыя дробязі.   Прайшло шмат гадоў, і адгадалі не ўсіх. Іншыя лічаць, што ніхто асабліва і не памяняўся за такі працяглы адрэзак часу. Думаюць, чалавек з узростам толькі прыгажэе і ў залежнасці ад абставін ставіць сябе ў вызначанае месца, займаецца тым, што яму трэба.

Экскурсію па былым інстытуту імя Н.К.Крупскай правяла Ірына Леанідаўна Судзібор, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце, са сваімі студэнткамі-валанцёрамі  Айнай Хамраевай  і Азізай Ібрагімавай . Апынуўшыся ў знаёма-незнаёмай навучальнай установе, жанчыны з мужчынамі паднялі гул, як першакурснікі. Адразу ім у розум прыходзілі тонкія ніткі ўспамінаў, якія грэлі душу на працягу доўгага часу, як быццам таго і не было. Са сталага ўзросту яны хутка вярнуліся ў люльку іх юнацтва. Хай універсітэт ужо зведаў мноства змен, некаторыя абрысы сваёй вучобы былыя студэнты ўсё ж знайшлі. Напрыклад, аўдыторыю, дзе здавалі дзяржаўныя экзамены, ці спіс рэктараў, якіх яны памятаюць пайменна. Самі ж распавядалі, як дапамагалі будаваць трэці паверх тады яшчэ новага корпуса. А пасля ўсё больш захапляліся тэхнічным абсталяваннем і ўтульнай абстаноўкай сваёй альма-матэр.

Многія спрабавалі захаваць гэта імгненне ў памяці: і пазіравалі, і фатаграфаваліся. І толькі адно засмучала настаўнікаў у гэты выдатны дзень – невысокі аўтарытэт прафесіі. У іх час пры паступленні на беларускамоўнае аддзяленне быў конкурс 6,2 чалавека на месца – гэта больш, чым на рускамоўнае. А ў гэтым годзе наш універсітэт па загадзе Міністэрства адукацыі не прымаў заяўкі на спецыяльнасць, звязаную з роднай мовай. Васілю Афанасьевічу Вырэнічу хацелася б, каб тыя аўтарытэт і прэстыж вярнуліся назад: мала чалавек разумеюць сапраўдную каштоўнасць гэтай працы.

Лёс паднёс гэтым людзям самы галоўны падарунак у жыцці – іх унікальную сустрэчу. Самае галоўнае, што сярод гэтага калектыву заста-ліся добрыя цёплыя адносіны. А гэта, я думаю, не забываецца ніколі.

Селіна Чарнова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *