Мазыразнауства: цiкавыя старонкi

Шаноўныя чытачы!

У гэтай рубрыцы разам з доктарам філалагічных навук Васілём Васільевічам ШУРАМ  – прафесарам Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, мы будзем працягваць адкрываць малавядомыя старонкі гісторыі нашага краю. Сёння расказ пойдзе пра ўраджэнцаў Мазыршчыны – вядомых вучоных і дзеячаў культуры.

Мозырь

З Мазыром  і раёнам звязаны творчыя лёсы многіх выдатных асоб, якія ўнеслі вялікі ўклад у сусветную навуку, культуру, асвету, абарону радзімы.  У гэтым спісе лёс Эдуарда Пякарскага, які вучыўся ў мазырскай гімназіі, рэвалюцыянера, пачынальніка якуцкага пісьменства, даследчыка Поўначы, акадэміка дарэвалюцыйнай Расійскай акадэміі навук;  акадэмікаў  Міхаіла Мацапуры і Пятра Ракіцкага  – сусветна вядомага вучонага, аўтара першага ў свеце падручніка па інжынернай генетыцы;  Мітрафана Доўнара-Запольскага – сусветна вядомага вучонага – «бацькі беларускай гістарычнай навукі», этнографа, археолага, фальк-ларыста (вучыўся ў мазырскай гімназіі) – яго імя ў адным радзе з такімі выдатнымі постацямі, як Ул. Ігнатоўскі, Я.Карскі, Ул.Пічэта. Навуковыя набыткі прафесара М.Доўнара-Запольскага ў галіне даследавання сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі і Літвы, дзяржаўнасці ВКЛ, этнаграфіі і фальклору яшчэ пры жыцці вучонага далі падставы назваць яго першым беларускім гісторыкам. Ён стаяў ля вытокаў беларускай вышэйшай школы, быў ініцыятарам адкрыцця ўніверсітэта, дарэчы, не ў Мінску, а ў Мазыры яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы яго кандыдатура як рэктара першай ВНУ Беларусі савецкага перыяду была ў ліку вучоных, якія маглі ўзначаліць БДУ ў першыя гады савецкай улады. М.Доўнар-Запольскі ўслед за З.Даленга-Хадакоўскім і Я.Карскім заклаў падмурак беларускай этналін-гвістыкі і ўдакладніў на падставе лінгвістычных і гісторыка-культурных звестак этнаграфічныя межы рассялення беларусаў, вызначыў іх адметныя асаблівасці сярод іншых славянскіх народаў. Як справядліва адзначана даследчыкамі навуковай спадчыны вучонага, «калі б М.Доўнар-Запольскі не зрабіў у навуцы нічога, апрача ўдакладнення этна-графічных межаў Беларусі, яго імя і тады назаўсёды захавалася б у нашай гісторыі». Менавіта дзякуючы яго намаганням, калі ўзнікла патрэба ўдакладніць размежаванне дзяржаўнай мяжы Беларусі і Украіны, была выкарыстана спецыялістамі выключна багатая на самую розную інфармацыю карта-схема, падрыхтаваная М.Доўнар-Запольскім. На жаль, у Мазыры, дзе ён вучыўся ў гімназіі, вялікія заслугі гэтага вучонага і патрыёта ніяк не ўшанаваны. Праўда, на радзіме знакамітага вучонага (г. Рэчыца), па ініцыятыве Рэчыцкага выканаўчага камітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны сталі ладзіцца  навуковыя канферэнцыі, так званыя Доўнарскія чытанні, у якіх аналізуюцца дакументы і навуковыя працы, звязаныя з жыццём і вялікай спадчынай вядомага вучонага. Такім чынам, імя гэтага выдатнага вучонага, вялікага патрыёта Беларусі заслугоўвае таго, каб было засведчана, напрыклад, у назве мазырскай гімназіі або вуліцы, магчыма, у назве мазырскага пагранічнага атрада, які створаны 18.11.2014 для аховы беларуска-ўкраінскага ўчастка мяжы, якую ён вельмі дакладна вызначыў, а іменна: удакладніў у першыя гады савецкай улады этнічныя межы паміж беларускімі і ўкраінскімі рэгіёнамі, улічыўшы ўсе фактары – ад лінгвістычных да культурна-эканамічных і гістарычных, асабліва ў межах Палесся. Мяжа і цяпер праходзіць амаль так, як вызначыў яе сусветна вядомы вучоны-энцыклапедыст.

Лёсы Івана Навуменкі – народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка, ураджэнца Рэчыцкага раёна, чыя творчая біяграфія пачыналася ў пасляваенным Мазыры – абласным  цэнтры, дзе ён шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам абласной газеты, а гораду над Прыпяццю, яго лю-дзям прысвяціў шматлікія запамінальныя старонкі сваіх апавяданняў, аповесцей, раманаў, напісаных пераважна на падставе ўласных уражанняў і рэальных падзей; Ізраіля Пікмана – ураджэнца Мазыра, беларускага кінарэжысёра і аператара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, стваральніка фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку», «Вуліца малодшага сына», «Брэсцкая крэпасць» і інш., таксама цесна пераплецены з мазырскай зямлёй. З Мазыром, мазырскай гімназіяй цесна звязаны лёс Фёдара Ігнатавіча Стравінскага, рускага спевака (бас), саліста Марыінскага тэатра ў Пецярбургу. Яркая творчасць Ф.Стравінскага – значны этап у развіцці рускага і еўрапейскага рэалістычнага опернага мастацтва. Шляхецкі род Стравінскіх герба «Суліма» быў вядомы ў Вялікім Княстве Літоўскім з пачатку ХVІ ст. У 1861 г. Ф.Стравінскі паступіў у мазырскую гімназію і закончыў яе ў чэрвені 1865 года. Пэўны адбітак на фарміраванне яго поглядаў паклалі падзеі паўстання 1863 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага, бо ў тагачасных выступленнях супроць царскай улады прымала ўдзел частка мазырскай шляхты і вучні мазырскай гімназіі. Першы значны поспех як спевака Ф. Стравінскі атрымаў у Мазыры. У далейшым ён вучыўся на юрыдычных факультэтах Новарасійскага і Кіеў-скага ўніверсітэтаў. Затым пераязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе адразу быў залічаны стыпендыянтам пецярбургскай кансерваторыі, у якой у поўную меру выявіўся яго ўнікальны шматгранны талент. Ф.Стравінскі быў не толькі выдатным спеваком, акцёрам, а і таленавітым мастаком. Творчая сталасць і ўнікальнасць Ф.Стравінскага як сусветна вядомага опернага спевака звязана з выступленнямі ў самых знакамітых оперных тэатрах Расіі і Заходняй Еўропы, дзе ён выконваў самыя складаныя партыі ў операх М.Мусаргскага, Дж.Вердзі, Дж.Расіні, М.Глінкі, М.Даргамыжскага, П.Чайкоўскага, Ш.Гуно  і інш. У Мазыры нарадзіўся Іосіф Вайнберг – рускі крытык і літаратуразнаўца, даследчык жыцця і творчасці М.Горкага, аўтар кнігі «Старонкі вялікага жыцця: М.Горкі ў дакументах, пісьмах, успамінах сучаснікаў». Мазыр – месца нараджэння рускага празаіка Анатоля Левандоўскага, аўтара кніг з серыі «ЖЗЛ» пра Максімільяна Рабесп’ера, Жанну д’Арк, Дантона.  У Мазыры нара-дзіўся Міхаіл Радзевіч, рускі публіцыст, супрацоўнік часопіса братоў Дастаеўскіх «Время». Аўтар п’есы «Новы Мітрафан». Выхоўваў пасынка Ф. Дастаеўскага. Валодаў маёнткам Міцькі ў Мазырскім павеце. Сотні карцін культавага мастака Аляк-          сандра Ісачова (1955-1987 гг.) сёння ўпрыгожваюць модныя салоны, карцінныя галерэі і прыватныя калекцыі ў Галандыі, ЗША, Францыі, Швецыі, Германіі. Распісаў мастак і адну з мазырскіх цэркваў. Родам з Калінкавіцкага раёна, ён да пятага класа выхоўваўся ў мазырскай школе-інтэрнаце. Уславілі мазырскую зямлю 10 генералаў і адміралаў,  а таксама больш за 10 пісьменнікаў і кампазітараў, сярод  якіх кампазітар і галоўны дырыжор дзяржаўнага сімфанічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг, аўтар знакамітых «Рушнікоў», кампазітар Міхаіл Пятрэнка.

З Мазыршчынай цесна звязаны ўнікальныя факты пра шляхецкі род Яленскіх. Маёнтак Яленскага, як мяркуюць даследчыкі, быў у Зімо-вішчах. Сваімі творамі аб свабодзе чалавечай асобы, барацьбе за справядлівасць, закліках і прызывах да звяржэння самадзяржаўя Яленскі «дапёк» цара і самыя розныя ўлады. Яго за крамольныя выступленні асудзілі да павешання, але потым гнеў зменшылі і шыбеніцу замянілі высылкай на Салавецкія астравы ў Белым моры. Шляхецкі род Яленскіх аказаўся даволі ўплывовым на Мазыршчыне ў мінулым. Так, з яго паходзіць Эма Яленская – аўтар некалькіх раманаў і драм на польскай мове. Э.Яленская падала апісанне багатай матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва Мазыршчыны. Маёнткам Капаткевічы ў Мазырскім павеце валодаў Антон Паўлавіч Яленскі – удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з кіраўнікоў партыі «белых» на Беларусі і ў Літве, за што пасля паражэння паўстання быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў катаргі ў Сібіры.

У вёсцы Слабада Мазырскага раёна нарадзіўся Уладзімір Антонавіч Піліповіч, беларускі фізік, акадэмік НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар і заслужаны дзеяч навукі Беларусі, аўтар каля 400 навуковых работ. Даследаваў цвердацелыя аптычныя квантавыя генератары, актыўныя і пасіўныя імпульсныя мадулятары трываласці рэзанатараў, прапанаваў метады вызначэння страт выпраменьвання ў працэсе генерацыі, устанавіў сувязь параметраў вымушанага выпраменьвання раствораў арганічных злучэнняў, дынаміку монаімпульснай генерацыі, распрацаваў галаграфічнае запамінальнае  прыстасаванне і  элементы для аптычных метадаў апрацоўкі інфармацыі. Ул.А.Піліповіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і  Дзяржаўнай прэміі Беларусi.

Гэта толькі некалькі штрыхоў  да багатай навуковай і творчай спадчыны таленавітых патрыётаў-мазыран, чый творчы пачатак быў на мазыр-скай зямлі, багатай на таленты.

Падрыхтавала Наталля КАНОПЛIЧ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *