Я нарадзiўся на гэтай казачнай зямлi…

Нил ГилевичДа 85-годдзя з дня нараджэння Ніла Сямёнавіча Гілевіча.

Казачнай зямлёй Ніл Гілевіч называў Беларусь. Хіба не так?.. З шырокімі палежкамі, з зяленымі лясамі, з сінімі стужкамі рэк, з квяцістымі лугамі, з палянамі ў бялюткіх рамонках, з блакітнымі вочкамі балот, азярын.

Не толькі багата нашая зямля на прыгажосць прыроды. Гэта край паэтаў, пісьменнікаў, аматараў, абаронцаў роднай мовы і духоўнай спадчыны беларусаў. У гэтым я ўпэўнілася, калі была запрошана на ўстановачны з’езд Таварыства беларускай мовы. Запрашэнне было за подпісам Ніла Гілевіча. На ўсё жыццё запомніла гэты дзень, 27 чэрвеня 1989 г. Упершыню ўбачыла вялікую сям’ю беларускага пісьменства, абаронцаў мовы, аматараў роднага матчынага слова.

З вучнёўскай зацікаўленасцю слухала пісьменніка. «Клопат пра мову — клопат пра будучыню нацыі», — такая была тэма яго даклада. Тут жа ў думках згаджалася з Нілам Гілевічам, што заўсёды прадстаўніка нацыі пазнаюць па яго мове, па нацыянальным адзенні, па культурнай спадчыне — песнях, танцах, нават па любімых стравах (найбольш папулярная ў нас — дранікі)…

Як сын, трывожна гаворыць Ніл Гілевіч: «Не стане ў народа ўласнай мовы, а гэта значыць, уласнай душы — не стане і самога народа, і самой Беларусі. Які ж свядомы грамадзянін Бацькаўшчыны змірыцца з гэтым? Я магу быць удзячным лёсу, што гэтую ісціну зразумеў своечасова, яшчэ ў маладосці. Вядома, як літаратар, як навукоўца, як настаўнік студэнтаў, рабіў усё, што мог, каб яе зразумелі і іншыя. У гэтым бачыў свой найпершы, галоўны абавязак».

І сёння ідуць поруч мовы-сёстры, мовы-сяброўкі, мовы-славянкі: беларуская і руская, дзяржаўныя мовы нашай краіны.

Ніла Гілевіча ведаем як дзяржаўнага дзеяча, яго хвалявалі пытанні экалогіі, эканомікі, сацыяльнай сферы. Але напружаная грамадская работа не перашкаджала творча працаваць у літаратуры: пісьменнік знаходзіў час і сілы, каб ствараць новыя творы. А творы яго былі перакла-дзеныя на рускую, украінскую, польскую, сербскую і другія славянскія мовы.

Перастала біцца сэрдца Ніла Гілевіча ў сакавіку 2016 года. З болем развітаўся беларускі народ з дбайным грамадскім дзеячам і любімым паэтам.

Творы яго — духоўны працяг жыцця. Я з удзячнасцю лёсу ўспамінаю той дзень, калі зблізу ўбачыла пісьменніка — такога простага, такога таленавітага…

Высокі, прыгожы, статны, з стрэшкамі-бровамі над добрымі вачыма, велічны, адкрыты, прыветлівы субяседнік, дарадчык. Такім ён застанецца ў маёй памяці назаўжды.

Раіса МІЛУН, педагог-ветэран.

Я нарадзiўся на гэтай казачнай зямлi…: 2 комментария

  • 20.10.2016 в 20:48
    Permalink

    Вялікі дзякуй за цёплыя і ветлівыя словы за самага адданага Абаронцу Роднай Мовы!
    На вялікі жаль газэта можа і не знайсці магчымасці зрабіць літаратурную старонку да юбілея Вялікага Паэта…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 18.10.2016 в 17:28
    Permalink

    Раіса, дзякуй вялікі за вашыя ўспаміны пра нашага Вялікага Паэта, сапраўдны гонар нашай зямлі. Калісьці выпадкова ўдалося купіць у «Светачы» зборнік ягоных вершаў кішэннага фармату — зусім маленькую кніжачку ў цвёрдай вокладцы. Раней падабаліся лірычна-рамантычныя вершы Паэта, накшталт гэтага верша 1951 года:

    Як толькі ноч ліпнёвая
    Махне крыламі сінімі
    Ды цішыня вішнёвая
    Па ўсіх садах затоіцца, —
    Тады хоць сэрца вынімі,
    Каб толькі супакоіцца!

    Я ў гэту ноч ліпнёвую
    Іду сцяжынкай вузкаю,
    Сцяжынкаю жытнёваю,
    Зямлёю беларускаю.

    Іду, а над крыніцаю
    Туман бялёсы сцелецца,
    І дыхае аселіца
    Пахучай медуніцаю.

    Іду, а песня новая
    Сама ў душы складаецца,
    І перапёлка ўдовая
    Не спіць да самай раніцы.

    Іду, а неба — нізкае,
    А ночка — сінякрылая,
    І ўсё да болю блізкае,
    І ўсё — старонка мілая!

    Апошнім часам часцей перачытваю познія вершы, напрыклад, гэты 2001 году:

    Людзі спяшаюцца жыць, гэта значыць —
    Прагна і смачна жыцё пражываць.
    Ну а чаму? — Пачалі адчуваць:
    Нешта іх лёс пагражае з’іначыць.
    Што гэта «нешта» — не могуць назваць.
    Глеба? Вада? Ці паветра? Ці нафта?
    Лепей не ўдумвацца. Страшна занадта.

    Шаноўная газета! Можа ў вас ёсць магчымасць надрукаваць да 85-годдзя невялічкую падборку вершаў народнага паэта Беларусі, якога ўжо няма з намі, але які так неабходны.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Комментарии запрещены.