Мазыршчына — бязмежжа для творчасцi

Як сцвярджае гісторыя, многія мастакі, пісьменнікі, кампазітары і іншыя дзеячы культуры свае лепшыя шэдэўры стварылі ў сталым узросце. На гэта аказалі дзейсны ўплыў разуменне рэчаіснасці, жыццёвая мудрасць і жаданне… Вось і нашы героі сур’ёзнай творчай дзейнасцю сталі займацца толькі тады, калі выйшлі на заслужаны адпачынак. Пра жыццёвы шлях, сакрэты майстэрства і творчыя здабыткі – з жыхарамi горада Яўгеніяй Аляксандраўнай і Мікалаем Ціханавічам КУРМАЗ.

Яўгенія Аляксандраўна і Мікалай Ціханавіч КУРМАЗ

САЛАМЯНАЯ КАЗКА, САЛАМЯНАЯ БЫЛЬ…

Адкуль яна бярэ свае вытокі? Без-умоўна, з дзяцінства! Калі жытнёвыя палі з цяжкім калоссем, чакаючы жней, нагадвалі сабой вялізную армію рыцараў…

– Трэба ж было такому здарыцца, каб беларусы ў сярэдзіне 30-х у пошуках лепшай долі апынуліся на востраве Сахалін, – расказвае пра сваіх бацькоў Яўгенія Аляксандраўна. – Там у 1936 годзе я з’явілася на свет. Але ж моцнае прыцягненне да роднага краю паклікала неўзабаве маіх бацькоў у Беларусь. Вярнуліся ў Козенкі. Тут давялося перажыць ваеннае ліхалецце…

Хаця на той час дзяўчынцы было ўсяго толькі 5 гадоў, але засталіся ў памяці жах, людскія слёзы, роспач, голад, пажарышчы і нават нямецкая гаворка… Многія сем’і засталіся без даху над галавой, шмат людзей за-гінула. Сям’я Яўгеніi Аляксандраўны, каб неяк акрыяць ад гора, адбудавацца, пераязджае на Піншчыну (радзіма бацькі). Тут у вёсцы Пінкаўшчына ўжо пераросткам (10 гадоў) Яўгенія, як і іншыя дзеці вайны, ідзе ў першы клас. Сяльчане ганарыліся тым, што некалі ў гэтай школе настаўнічаў будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч). Пазней у школе быў створаны музей, і на будынку знайшла належнае месца мемарыяльная дошка. Можа, вершы пра сялянскую працу і менавіта пра жніво ўжо тады наклалі свой адбітак на духоўны мір дзяўчыны? Нездарма ж і зараз згадваюцца коласаўскія радкі, якія вучыла на памяць: «Люблю жніво!.. Прастор шырокі, дзе ў межах шэпчуць каласы, дзе спевы коцяцца далёка на ўзмор’і гордае красы!.. Дзе спевы коцяцца і тонуць, няйначай хвалі ў цішыні, пад гул калёс, пад гул і тоны калышуць сон далечыні…»

А, можа, тое, што разам з маці, вясковымі жанчынамі і дзяўчатамі навучылася па-майстэрску трымаць у руках серп і жаць жыта як на калгасных палях, так і на ўласных палетках. Безумоўна, у такія часы было далёка не да творчасці, але ж дзяўчына любавалася кожным тугім снапом, моцна перахопленым перавяслам. А ў канцы дня, стомленыя, але ж шчаслівыя, яны садзіліся каля пастаўленых бабак, каб крыху адпачыць… Між іншым Яўгенія назірала прыгажосць ва ўсім: у налітых каласах, бо яны асацыірваліся з хлебам, сваю асаблівасць бачыла і ў саломе – ад яе ішло цяпло і адбівалася сонечная прыгажосць… Салома была карысным матэрыялам для селяніна. Хто не памятае пасляваенныя дахі дамоў, накрытых абмалочанымі снапамі? Саломай усцілалася земляная падлога і набіваліся матрацы…

НА СВОЙ ХЛЕБ

Так заўсёды казалі пра тых, хто стаяў на парозе асобнага жыцця і свайго працоўнага шляху. У бацькоў Яўгеніі было 10 дзяцей. Яна – другая па ўзросту. Колькі не сядзі пад цёплым матуліным крылом, усё ж прыйшоў яе час выбіраць сваю сцежку. На гэты раз Яўгенія зноў павярнулася ў Мазыр, да родных каранёў. Уладкавалася кандуктарам у аўтобусны парк №2. Цяжка, але што зробіш, патрэбна было працаваць. Для прыгожай дзяўчыны гэты перыяд стаў пачаткам не толькі працоўнай біяграфіі, але і асабістага жыцця. Аднойчы на кароценькім перапынку ў буфеце Калінкавіцкай чыгуначнай станцыі, куды яны з сяброўкай традыцыйна забягалі штосьці перакусіць, сустрэла свайго будучага мужа – вялікае, моцнае і адзінае на ўсё жыццё каханне.

Як зараз, перад яе вачыма ўсплывае той момант з майскага дня 1959 года, калі статны лётчык з пагонамі малодшага лейтэнанта працягнуў ёй руку для знаёмства. Як аказалася пазней, назаўсёды.

СЁННЯ ТУТ, А ЗАЎТРА ТАМ…

Такая прыказка моцна замацавалася за вайскоўцамі. Чаму? А таму, што ледзь толькі пачынаў чалавек прывыкаць на адным месцы, як трэба было пакаваць багаж для перадыслакацыі на новае месца ў іншы гарнізон.

Ваенная кар’ера Мікалая Курмаза, ураджэнца Данбаса (г. Чырвоны Ліман), пасля заканчэння Харкаўскага ваеннага   авіяцыйнага вучылішча штурманаў па распараджэнні ваеннага камандвання пачыналася ў Бабровічах (Калінкавіцкі раён). Тут, на Палессі, дыслацыравалася авіяцыйная дывізія. Пасля знаёмства з Яўгеніяй штурману лётнага экіпажа Мікалаю Курмазу не было выдзелена шмат часу на сустрэчы з кветкамі і цукеркамі, таму што ў жніўні яму патрэбна было ўжо адбыць да новага месца службы ў Брэсцкую вобласць. Тэрмінова прыйшлося прасіць не толькі рукі дзяўчыны, але і згоды на безчарговую рэгістрацыю шлюбу ў кіраўніцтва Мазырскага гарвыканкама. Такім чынам 31 жніўня 1959 года ў пашпартах маладажонаў былі пастаўлены штампы аб нара-джэнні новай сям’і, а літаральна назаўтра яны накіраваліся да новага месца службы. Ім яшчэ прыйшлося служыць у Пінску і Быхаве. Увогуле, штурман экіпажа маёр Курмаз прысвяціў ваеннай справе каля 25 гадоў. Да гэтага часу яго сямейны тыл, акрамя жонкі, быў ўмацаваны трыма сынамі. Перад выхадам ў запас сям’я атрымала кватэру ў Мазыры, дзе для ўсіх дамачадцаў пачаліся новыя старонкі біяграфіі. Мікалай Ціханавіч знайшоў сабе справу па прафесійных здольнасцях на адным з прад-прыемстваў горада, а Яўгенія Аляксандраўна, маючы працоўны стаж і атрымаўшы добрую практыку ў сталовай ваеннага гарнізону, знайшла сябе ў якасці повара ў дзіцячым садку Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода (працавала больш 10 гадоў). Але ж, як ні круці, гады ўсё роўна бяруць сваё. І неўзабаве яны з мужам атрымалі «дыпломы пад назваю «Пенсія».

ВУЧЫЦЦА НІКОЛІ НЕ ПОЗНА

Чаму так? Таму што гэты «новы дыплом» не парадаваў, а нібы абухам стукнуў па галаве. Здаецца, што чалавеку трэба? Адпрацаваў сваё, адпачывай, рабі, што хочаш. Можа, гэтае самаўспакаенне добра ўздзейнічае на лянівых альбо тых, хто абыякава адносіцца да жыцця. А вось для тых, хто хоча адкрываць яго з іншага боку, такая пазіцыя не падыходіць.

У дадзеным выпадку штурманам «сямейнага экіпажу» выступіла Яўгенія Аляксандраўна. Па-першае, гэтаму паспрыялі добрыя ўспаміны пра дзяцінства, сялянскую працу і цяпло, якое ішло ад спелай збажыны і саломы. А, па-другое, лёс распара-дзіўся так, што жывуць Курмазы амаль што ў адным двары з Мазырскім цэнтрам народных рамёстваў. І нельга ж было не заўважыць на двары працавітых майстрых, перабіраючых салому. Вось так аднойчы Яўгенія Аляксандраўна не змагла не зацікавіцца: што, як, навошта?.. А пасля экскурсіі, праведзенай для яе спецыялістамі цэнтру, наогул спакойна спаць перастала. Больш за год хадзіла туды, як на працу, пакуль майстар Валянціна Бабына не дапамагла ёй належным чынам зазірнуць у таямніцу саломапляцення. Хоць і рукі нылі, і спіна балела ў вучаніцы, але ж вырашыла ісці да канца, пакуль не адолела сваю «саломенную вышыню»…

Мікалай Ціханавіч спачатку назіраў за няўемнасцю жонкі, а потым, паразважаўшы над тым, што ён таксама не ўломак, і сам стаў падцягвацца ў яе рады. Атрымалася здаровая канкурэнцыя. Спачатку схадзіў на экскурсію ў цэнтр рамёстваў, каб выявіць: да чаго ж яго душа пацягнецца. Тым больш, што ў мінулым у яго руках «ажывалі» дрэва і жэсць, нават фарбы… Але ж на гэты раз ён вырашыў пасябраваць з лазой. Вось і не павер пасля гэтага, што вайскоўцы – творчыя людзі!

СТАРАСЦЬ ДОМА НЕ ЗАСТАНЕ

Навыкі і майстэрства напрацоўваліся дзень за днём. Мікалаю Курмазу, як ён сам лічыць, вельмі пашчасціла, што яго настаўнікам была сама Валянціна Ганчарова – дырэктар установы і заслужаны майстар народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. Галоўнае было асвоіць тэхналогію апрацоўкі лазы і першыя павароты. А новыя тэмы і элементы ў майстра будуць нараджацца штодня.

Асартымент сваіх вырабаў старанна пашырае і Яўгенія Аляксандраўна. Рознымі фарбамі зайграла і нават «заспявала» салома ў яе працавітых руках. Яе вяночкі, талісманы, кветкі прывабліваюць сваёй непаўторнасцю і цяплынёй. А сувенір «Буслік» у Беларусі лічыцца абярэгам ад бур-віхур (бусел на даху – мір на зямлі!). Менавіта з ім звязваюць свае спадзяванні сем’і, чакаючы нараджэнне дзіцяці. Гэтая птушка-велікан (паўтара метра) стала самай цікавай і прывабнай распрацоўкай абоіх майстроў: муж вырабляў каркас, жонка аздабляла яго мудрагелістым перапляценнем з саломы. Сярод самых складаных распрацовак Мікалая Курмаза – двухузроўневая ваза для садавіны. Шмат коп’еў зламаў майстар, пакуль выраб атрымаўся без малейшых пагрэшнасцяў.

Кожны новы дзень Яўгеніі і Мікалая Курмаз напоўнены планамі і адкрыццямі, не дазваляючымі ім сумаваць ці сядзець склаўшы рукі. Для працавітых рук занятак знойдзецца заўсёды. Салома і лаза дапамагаюць ім рэалізоўваць творчыя планы. Не заўважылі, што гэтай справай яны займаюцца ўжо больш 10 гадоў. Вынікі былі заўважаны дзякуючы шматлікім выставам, фестывалям, святочным дням гарадоў, святам пісьменнасці і культуры. У 2010 го-дзе абое сталі членамі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. За асабісты ўклад у захаванне народных традыцый і промыслаў у сямейнай скарбонцы налічваецца больш двух дзясяткаў узнагарод. Але ж галоўнае багацце і гонар сям’і Курмаз – 3 сыны, 9 унукаў і 9 праўнукаў. Без народных умельцаў не абходзіцца ніводнае нацыянальнае свята як у сталіцы, так і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Па іх словах, вельмі радуе, калі міжнародныя госці ў сваё далёкае замежжа вязуць сувеніры з саломы альбо лазы, зробленыя іх рукамі. У матэрыял майстар абавязкова закладвае крышачку сваёй душы і сэрца, прывітанне і гасціннасць, цеплыню і дабрабыт нашай непаўторнай і міралюбівай Беларусі.

Дарэчы, Яўгенія Аляксандраўна нядаўна адзначыла 80-годдзе, але ж кропку на народнай творчасці, як і яе муж Мікалай Ціханавіч, ставіць яшчэ не збіраецца. У творчасці – іх жыццё, у творчасці – іх натхненне!

IMG_7141

Гэта цiкава

*Мастак-імпрэсіяніст Клод Моне зрабіў некаторыя са сваіх самых вядомых работ ва ўзросце за 70 гадоў. Яго карціны змяніліся за час пасля таго, як ён перанёс аперацыю па выдаленню катаракты ў 80 гадоў.

*Эліёт Картэр – таленавіты кампазітар-доўгажыхар, які працаваў на музычнай ніве ўсё сваё жыццё, аж да 103 гадоў. Дарэчы, сваю першую оперу ён напісаў ва ўзросце 89 гадоў. Картэр умеў не толькі тварыць музыку, але і прыцягваць да сябе людзей, весці перамовы, нажываць прыхільнікаў і сяброў.

*У канцы 70-х жонцы звычайнага фермера Ганне Мозес станавілася ўсё цяжэй працягваць вышываць, паколькі яна пакутавала артрытам. Таму сястра прапанавала ёй заняцца жывапісам (на той момант Ганне было больш за 70 гадоў). Яе палотны ў стылі фолк-арт сталі папулярнымі па ўсёй краіне. Ганна памерла ў 1961 годзе, калі ёй быў 101 год, працягваючы маляваць да апошніх дзён.

*Сапраўды таленавіты архітэктар Райт стварыў сваё галоўнае тварэнне – музей Гуггенхайма – ва ўзросце 91 года.

*Журналіст і педагог Робертсан Дэвіс пачаў пісаць свае раманы на пенсіі і выдаў «Мяцежныя анёлы». Пазней яго нават намінавалі на Нобелеўскую прэмію.

*Апошні фільм партугальца Мануэла дэ Алівейра быў выпушчаны ў пракат, калі рэжысёру споўнілася 104 гады.

*Усё сваё жыццё Джын Рыс правяла ў татальнай галечы, і толькі ў 76 гадоў, выдаўшы свой раман «Шырокае Саргасавае мора», яна набыла сусветную славу і багацце.

*Жыццё Мэры Уэслі не было простым і адназначным – бунтарскі дух, левыя погляды і праблемныя адносіны адклалі ў яе біяграфіі шмат займальных старонак. Свой першы раман ангельская раманістка стварыла ва ўзросце 60 гадоў, пасля чаго літаральна прачнулася знакамітай!

Наталля КАНОПЛІЧ, фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *