Падарожжа ў Мазырскi цэнтр нацыянальных культур і рамёстваў

Захоўваючы культуру народа – беражом яго душу

IMG_0894Спрадвеку мазырская зямля славілася не толькі сваёй багатай гісторыяй, незвычайным ландшафтам, але і вялікай колькасцю песень, танцаў, абрадаў, рамёстваў. Каб зазірнуць у таямніцу даўніны Мазыршчыны,  наша сённяшняе падарожжа ў Цэнтр нацыянальных культур і рамёстваў.

Жыватворныя вытокі

Гісторыя сцвярджае, што этнаграфічныя экспанаты краю ўвайшлі ў склад фондаў Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея, заснаванага ў цяжкія пасляваенныя гады (сярэдзіна 1948 года). Гэта сведчыць аб тым, што ў знясіленым страшнай вайной краі кіраўніцтва рэгіёну здолела знайсці сродкі на развіццё народнай культуры, бо гэта было жыццёвай неабходнасцю дзеля захавання нацыі, яе духоўных вытокаў…

Наталья Хорошкевич

– Народныя промыслы і рамёствы Мазыршчыны, – расказвае дырэктар цэнтра Наталля Харашкевіч, –  развіваліся галоўным чынам у дзвюх эканамічных сферах, як хатняе рамяство для ўласнага спажывання і ў выглядзе промыслаў, звязаных з  гандлем. Шырока распаўсюджана было бондарское рамяство, якое мела значную перавагу.  Распаўсюджаным заняткам было цяслярства, паколькі ўвесь час мелася патрэба ў будаўніцтве жылых і гаспадарчых пабудоў. Існавалі прафесійныя цесляры, якія ўзводзілі масты, плаціны, млыны, цэрквы. Амаль не мелі характару промыслу разьба па дрэве, ткацтва, вышыўка і іншыя шырока распаўсюджаныя віды мастацкага рамяства. Значныя змены ў характары народных промыслаў адбыліся ў савецкі час. Карэнная перабудова вёскі, рост дабрабыту людзей абясцэнілі многія традыцыйныя вырабы, а народная дэкаратыўна-прыкладная  творчасць і рамяство страцілі практычную аснову. Адпала неабходнасць у самадзейных прыладах працы, посудзе, вопратцы, мэблі. Ланцужок перадачы рамяства ад старэйшага пакалення да дзяцей стаў перапыняцца. І таму паўстала пытанне аб захаванні традыцыйных народных промыслаў цераз дамы творчасці і цэнтры рамёстваў, фабрыкі мастацкіх вырабаў, якія ўяўлялі  адзін з асноўных шляхоў далейшага развіцця народнага мастацтва. У Мазырскім раёне назапашаны багаты вопыт работы ўстаноў культуры ў галіне адраджэння і перадачы традыцый народнай творчасці. Мэтанакіраваная ж работа па захаванню і развіццю традыцыйных рамёстваў тут пачалася ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. З гэтай мэтай 1 верасня 1998 года на базе краязнаўчага музея пры этнаграфічным музеі народнай культуры «Палеская веда» быў створаны раённы цэнтр рамёстваў, у якім з самага пачатку адводзілася грамадская роля пераемнасці традыцый народных мастацкіх рамёстваў ў засваенні новымі пакаленнямі на- запашанага народнай творчасці. У 2000 годзе Мазырскім гарадскім выканаўчым камітэтам цэнтр рамёстваў быў  вылучаны са складу Мазырскага  краязнаўчага музея ў самастойную структурную адзінку аддзела культуры. Першым яго дырэктарам была Валянціна Ганчарова – народны майстар Рэспублікі Беларусь па саломапляценні. Больш за 40 гадоў яна займалася гэтым старадаўнім відам рамяства і дасягнула высокага ўзроўню майстэрства. Менавіта яна з’яўляецца  заснавальнікам адраджэння і развіцця народных промыслаў і рамёстваў на Мазыршчыне, багатай на народных умельцаў, таленавітых рамеснікаў, творчасць якіх заўсёды прываблівае гасцей і знатакоў з блізкага і далёкага замежжа. На сённяшні дзень тут налічваецца каля 7 відаў традыцыйных відаў народных промыслаў і рамёстваў. На базе цэнтра з поспехам развіваюцца саломапляценне, ткацтва рушнікоў і габелена, аплікацыя і інкрустацыя саломкай. У сучасных умовах асаблівае значэнне для захавання і перадачы рамесных традыцый з’яўляецца далучэнне дзяцей, падлеткаў і ўсіх жадаючых у аматарскія аб’яднанні цэнтра. Пры iм функцыянуюць і аматарскія аб’яднанні, такія як  «Праменьчык» (саломапляценне, аплікацыя і інкрустацыя саломкай), «Вясёлка» (ткацтва габелена, саломапляценне). Метадыстамі цэнтра вядзецца актыўная праца па збору статыстычных дадзеных аб умельцах Мазыршчыны. Дарэчы, у цяперашні час налічваецца больш 170 дзеючых майстроў. Цэнтр цесна супрацоўнічае з аматарскім аб’яднаннем дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Мазырская скарбонка»,     аб’яднаным краязнаўчым музеем, фабрыкай мастацкіх вырабаў, сельскімі дамамі культуры, аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў і інш. Сумесна наладжваюцца цікавыя выставы-вернісажы, семінары, майстар-класы, творчыя сустрэчы. З 2012 года актыўна вядзецца праца ў рамках рэалізацыі абласных праграм па захаванню і развіццю рамёстваў і традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці Гомельскай вобласці. У мэтах удасканалення даследчай работы па вывучэнні традыцыйных відаў прыкладной творчасці і рамёстваў было праведзена экспедыцыйнае абследаванне вёсак Мазырскага раёна (Мялешкавічы, Іванкаўшчына, Барбароў, Прудок, Каменка), дзе па сённяшні дзень не толькі захаваліся, але і працягваюць дзейснае існаванне – лазапляценне, вышыўка, ткацтва. Вынікам выязной экспедыцыі стала стварэнне дакументальнай кінастужкі  «Захаванне і развіццё традыцыйнай культуры Мазыршчыны». У мэтах папулярызацыі промыслаў і рамёстваў цэнтр прымае самы актыўны ўдзел у розных творчых форумах: арганізацыі выстаў, правя-дзенні майстар-класаў, семінарах па абмену вопытам, творчых гутарках, сустрэчах за круглым сталом, экскурсій. Ні адно культурнае мерапрыемства горада ці раёна не абыхо-дзіцца без удзелу майстроў цэнтра, пра якіх ведаюць не толькі ў рэгіёне, але і па за яго межамі. Дарэчы, 2016-ы год для калектыву цэнтра быў вельмі багаты і насычаны на падзеі. Майстры прынялі ўдзел у рэспубліканскім фестывалі рамеснікаў «Вясновы букет» у Мінску, IХ Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагiня» ў г. п. Акцябрскі, рэгіянальным фальклорным свяце «Грай, гармонік!» у Ельску, рэспубліканскім свяце «Дзень беларускага пісьменства» у Рагачове, міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» ў Ляскавічах. Нельга не    адзначыць, што на працягу 3-х гадоў з вялікім поспехам у Мазыры праходзіць раённы фестываль-кірмаш «Залатыя рукі майстроў Мазыршчыны». Мэтай гэтага і іншых фестываляў з’яўляецца захаванне і папулярызацыя нацыянальнай культуры і народных традыцый.  Названы фэст ладзіўся па дзвюх намінацыях: традыцыйныя віды рамёстваў і сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У гэтай намінацыі былі прадстаўлены работы па бісерапляценні, вырабы з марскіх ракавін, квілінг, шкло, шыццё, скрапбукінг, інтэр’ерная лялька, тэкстыльная цацка і  інш.

Захавальнікі культурнай спадчыны

Унікальнасць работы Мазырскага цэнтра рамёстваў заключаецца ў тым, што яго калектыву даводзіцца мець справу з жывой матэрыяй – творчасцю, але пры гэтым ім неабходна добра ведаць гісторыю народнага мастацтва і валодаць сучаснымі методыкамі, каб захоўваць пераемнасць пакаленняў. Менавіта на гэта і накіроўваюць сваю ўвагу і сілы яго супрацоўнікі. Напрыклад, метадыст-майстар па габелену Валянціна Бабына працуе ва ўстанове з дня заснавання. Сустрэча з будучай прафесіяй, па яе словах, адбылася выпадкова. Зайшла сюды аднойчы дзеля цікаўнасці і знайшла захапленне для душы на ўсё жыццё. Ткацкі станок выклікаў у яе жаданне паспрабаваць і ва ўсім разабрацца.

Валянціна Бабына: "Так нараджаецца габелен".

Валянціна Бабына: «Так нараджаецца габелен».

Авалодаць рамяством ёй дапамагла вопытная майстрыха Ганна Цюцюнік. Выраб габелена (тканы дыван ручной працы) – працэс працаёмкі і працяглы. Але ж кожная праца – сапраўдны  мастацкі твор, у які майстар укладвае часцінку душы і сэрца. Сёння габелены Валянціны Бабыны ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі. На шматлікіх выставах і творчых форумах гэты рэдкі від рамяства карыстаецца вялікім попытам. У дасканаласці жанчына валодае і саломапляценнем. Дзеля яе фантазii, калісьці тут ў цэнтры рамёстваў нарадзілася тое сімвалічнае бусляня для ўдзельнікаў міжнароднага фестывалю «Зямля пад белымі крыламі». Сотні дзетак з розных краін свету і зараз вязуць з сабой на ра-дзіму  саламянае бусляня – сімвал міру, шчасця і дабрабыту, як памяць аб Беларусі і Мазыршчыне. В.Ф.Бабына за шматлікую плённую працу ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі фестываляў і творчых форумаў.

Метадыст-майстар па саломапляценні, аплікацыі і інкрустацыі саломкай Аксана Ганчарэнка працуе ў  цэнтры больш за 11 гадоў. Яна – кіраўнік аматарскага аб’яднання «Праменьчык» і сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Нездарма пра такіх людзей кажуць: «У яе залатыя рукі». Са школьнай лавы дзяўчыне падабалася маляваць. Але ж вучоба ў Гомельскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы на аддзяленні «народна-мастацкія промыслы» па спецыяльнасці «Інкрустатар» акрамя малявання ўзмацніла захапленне і саломай. Па яе словах, у пляценні саломкай ёсць нейкая магічная і прыцягальная сіла. Гэты сонечны і цёплы прыродны матэрыял мае нейкую асаблівасць і прыгажосць, уплываючых на душу майстра. І той, хто аднойчы паспрабаваў працаваць з саломкай, становіцца гарачым прыхільнікам гэтага рамяства назаўсёды. Аксане Барысаўне за гэты час – больш дзесятка гадоў  –ўдалося зрабіць многае: выхаваць не адно пакаленне вучняў; стварыць шмат выдатных, чароўных і непаўторных работ, якія ўпрыгожваюць выставы, прыватныя калекцыі і сам цэнтр. За ўдзел у шматлікіх фестывалях і творчых форумах яна ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі і граматамі.

Салома ажывае ў руках майстрых Вольгі Цуба і Аксаны Ганчарэнка.

Салома ажывае ў руках майстрых Вольгі Цуба і Аксаны Ганчарэнка.

Прыкладам адраджэння народных традыцый можа служыць сямейная дынастыя ткачых Цюцюнік. Так, больш за пяцьдзесят гадоў займалася ткацтвам і дасягнула высокага ўзроўню майстэрства ў гэтым беларускім рамястве маці – Ганна Рыгораўна. Прозвішча майстрыхі вядома  не толькі ў Палескім краі, але і далёка па за яго межамі. Яна – неаднаразовая дыпламантка рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, праслаўляючых краіну, рэгіён, горад. Не дзіва, што сёння яе дачка Наталля Міхайлаўна з’яўляецца таленавітым метадыстам-майстрам цэнтра і  працягвае традыцыю па захаванні ткацтва на Мазыршчыне. Па тэхналогіі, перайшоўшай ад маці, дзякуючы яе старанню з’яўляюцца непаўторнай прыгажосці ручнікі, сурвэткі, абрусы і іншыя вырабы.

Наталля Цюцюнік: "І тчэ, забыўшыся рука…"

Наталля Цюцюнік: «І тчэ, забыўшыся рука…»

З лютага 2016 года метадыстам-майстрам працуе ў цэнтры яшчэ адзін творчы чалавек – Марына Калітка. Дзякуючы творчаму падыходу да працы, у яе руках ажываюць навыкі розных відаў вышывання (крыжык, гладзь, бісер і інш.). Выкарыстоўванне нетрадыцыйных матэрыялаў робяць яе работы адметнымі і адрозніваюць іх ад прац іншых майстроў. Ёй належыць і адзін з новых сучасных творчых накірункаў – праца  з палімернай глінай. Дзяўчына прымае актыўны ўдзел у правядзенні выстаў, экскурсій, майстар-класаў.

Марына Калітка: "Бусы, завушніцы – прастора для фантазіі…"

Марына Калітка: «Бусы, завушніцы – прастора для фантазіі…»

Аднойчы шляхі лёсу прывялі ў цэнтр рамёстваў і Вольгу Цуба.  Здаецца, зусім нядаўна яна была вучаніцай Аксаны Ганчарэнка,  але ж стараннасць дзяўчыны і любоў да саломапляцення дазволілі ёй усебакова авалодаць сакрэтамі гэтага віда рамяства. Яе аўтарскія работы адрозніваюцца фантазіяй і лёгкасцю. За прафесіяналізм і творчы падыход да справы ў лістападзе гэтага года ёй прысвоены статус метадыста-майстра па саломапляценню.

Ад  аўтара

Напрыканцы падарожжа па цэнтры рамёстваў нельга не адзначыць, што  калектыў яго супрацоўнікаў знаходзіцца ў актыўным творчым пошуку. Тут поўным ходам ідзе падрыхтоўка да ўдзелу ў  новых фестывалях і конкурсах, рыхтуюцца вырабы-экспанаты для выстаў і экскурсій, святочных дат. А гэта значыць, што з’явяцца новыя творчыя праекты, загучаць новыя імёны і культурная прастора вакол цэнтра будзе яшчэ больш насычанай, дынамічнай і цікавай, падобнай на казачную. Менавіта так пад час экскурсій  называюць дзеці атмасферу, якая пануе ў гэтай установе. Дарэчы, нельга не пагадзіцца з тым, што раённы цэнтр нацыянальных культур і рамёстваў – тое месца, дзе жывуць у ладзе-згодзе гісторыя і рэальнасць. Спадзяемся, што, дзякуючы гэтаму, нашы нашчадкі будуць мець са-праўднае ўяўленне пра саламяных «буслоў» і традыцыйныя народныя рамёствы дзядоў і прадзедаў не толькі з кніжак, але і наяве.

Наталля КАНОПЛІЧ,

фотаздымкі аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *