Мазыр: прайдуся па Пакроўскай, сыду на Замкавую…

Беларусь – еўрапейская краіна, якая мае шматвяковую гісторыю і культуру. У 2017 г. адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Дзякуючы Ф.Скарыне беларусы першыя сярод усходніх славян пазнаёміліся з магчымасцямі друкаванай кнігі. Аб прызнанні значнасці гэтай падзеі сусветнай супольнасцю сведчыць тое, што яна ўключана ў каляндар памятых дат ЮНЭСКА. Ва ўсёй краіне праводзяцца мерапрыемствы, што звязаны  са 135-гадовымі юбілеямі з дня нараджэння класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У Беларусі шмат робіцца па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 5 552 гісторыка-культурных каштоўнасцей, з якіх 5 352 – матэрыяльныя нерухомыя, 89 – матэрыяльныя рухомыя, 111 – нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека.

Павага да дзяржавы, яе гісторыі пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы. Мазыр з’яўляецца адным са старэйшых гарадоў Беларусі. Ён толькі на 8 гадоў маладзейшы за Маскву. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Мазыр узгадваецца ў 1155 г. у Іпацьеўскім летапісе, калі вялікі князь кіеўскі Юрый Доўгарукі перадаў яго свайму саюзніку чарнігаўскаму князю Свята-славу Ольгавічу. Пазней горад быў вернуты ў склад Кіеўскага княства.

Па меркаванні навукоўцаў, Мазыр сфарміраваўся на скрыжаванні як буйных водных шляхоў (па Прыпяці і Пцічы), так і сухапутных: з Жытоміра на Бабруйск, з Рагачова і Рэчыцы на Пінск. Першапачатковае месцазнаходжанне летапіснага Мазыра можна акрэсліць у раёне сучаснай гары Камунараў (былыя назвы: Спаская, Замкавая). Гэта было тыповае сярэдневяковае ўсходнеславянскае паселішча. Тут на мысе паміж ярамі на правым беразе Прыпяці знаходзіўся ўмацаваны дзядзінец. Узвышаючыся над ярамі і пакатымі схіламі на 15-20 м, ён з трох бакоў быў непрыступным. З паўднёвага боку дзядзінца знаходзілася неўмацаваная частка горада – гандлёва-рамесніцкі пасад (прыкладна раён сучасных вуліц: Ленінская, Камсамольская, Калініна).

З распаўсюджваннем магдэбурскага права ў беларускіх гарадах на змену раннесярэдневечнай схеме град–торг–пасад прыходзіць новая, заходнееўрапейская: град–пасад з торгам у цэнтры. Гэта было характэрна і для Мазыра, якому магдэбургскае права дараваў Стэфан Баторый кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі ў 1577 г.

Адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр горада перамясціўся з Замкавай гары ўніз, на Рынкавую плошчу, ад якой разыхо-дзіліся асноўныя напрамкі: 1) уздоўж Прыпяці, 2) на паўднёвы захад да дарогі на Петрыкаў, 3) з паўднёва-усходняй часткі горада да дарогі на Оўруч. На гэтых восях канцэнтравалася асноўная маса прыватнай забудовы, крам і майстэрняў. Паміж імі фарміра- валіся кварталы.

Паводле інвентару ў 1724 г. існавалі вуліцы Кіеўская, Оўручская, Свідоўская, Нагорная і Гончая. Пазней з’явілася вуліца Пакроўская (сучасная вул. Леніна), якая з цягам часу зрабілася асноўнай воссю горада.

У 1793 г., пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Мазыршчына была далучана да Ра-сійскай імперыі, дзе Мазыр быў павятовым горадам ў складзе Мінскай губерні.

На гарадскім плане 1825 г. адзначаны «кварталы застроенные» і «незастроенные», што сведчыла аб тым, што ў той час горад развіваўся па адпаведнаму плану, і былі ўжо адведзены тэрыторыі на забудову новымі кварталамі. У Мазыры ў 1825 г. налічвалася 530 драўляных і 3 каменных дамы, 5 цэркваў, 2 манастыры, 1 навучальная ўстанова, 33 лаўкі, 1 тракцір і 20 «питейных заведений». У 1904 г. у горадзе жылых пабудоў налічвалася ўжо 1210, з іх каменных – 102, драўляных – 1065, іншых – 43.  Апошнія былі прадстаўлены будынкамі, характэрнымі для канца  ХІХ– пачатку ХХ ст., калі першы паверх быў каменны, а другі – драўляны.

У сярэдзіне 20-х гадоў ХХ ст. у Мазыры было 17 вуліц: Ленін-ская (б. Пакроўская), Новае Страенне, Свідоўка, Розы Люксембург (б. Слуцкая), Слуцкая Наберажная, вул.Лекерта (б. Мікалаеўская), Аляксандраўская, Камсамольская (б. Замкавая), Гара Камунараў (б. Спаска-Замкавая і Спаская), Карла Лібкнехта (б. Кіеўская), Жытомірская, Кіеўская Наберажная, вул. Калініна (б. Калінік), Нагорная, І-я Пралетарская (б. Папоўшчына), ІІ-я Пралетарская (б. Пятніцкая), вул. доктара Саета (б. Рымашоў Роў). 5 завулкаў: Гімназічны, Камсамольскі (б. Свята-Міхайлаўская вул.), Лекерта (б. Мала-Мікалаеўская), Кіеўскі, Праразны. У горадзе была адна плошча, якая мела назву «Плошча Свабоды» (б. Базарная). Прыгарадамі з’яўляліся Салаўёўка, Кімбараўка і хутар Целепуны.

Толькі шэсць вуліц, адзін завулак і плошча Свабоды былі брукаванымі. У 1926 г. 24 ліхтары асвятлялі горад у начны час. Ні конкі, ні трамваеў, ні аўтобусаў у Мазыры не было. Да вознікаў насельніцтва звярталася толькі тады, калі было неабходна прывезці доктара да хворага або – адвезці хворага ў бальніцу.

Вуліцы Мазыра размешчаны былі на ўзвышшы, месцамі ля падэшвы ўзвышшаў, часткаю на схілах раўчакоў і ў іх далінах. З-за такога размяшчэння вуліц, па іх у час вялікіх ліўняў беглі значныя патокі, заносячы брукаваныя вуліцы пяском і глінаю, а таксама размываючы раўчакі. У 1924 г. быў такі выпадак, калі патокам вады знесла ў Прыпяць некалькі кароў. Ад ліўня, які працягваўся каля 2 гадзін, быў размыты раўчак на вул. Калініна глыбінёю на 6-10 сажняў. Камунальным службам горада прыходзілася шмат увагі надаваць гэтай праблеме. Былі ўмацаваны сцены Расамахава рова, наведзены парадак на вул. Калініна і г.д.

Сёння тэрыторыя Мазыра ў межах афіцыйнай гарадской рысы складае звыш 40 кв. км. Уся тэрыторыя горада, за вы-ключэннем раёна Пхоў, знахо-дзіцца на найбольш высокай частцы Мазырскай грады на правым беразе ракі Прыпяць. Перапад высот паміж рознымі часткамі Мазыра складае 90 і больш метраў. У горадзе налічваецца тры плошчы, 146 вуліц і 52 завулкi. Іх гісторыі і будуць прысвечаны наступныя публікацыі.

Таццяна Нiкiцiна, член прэзідыума раённага савета ветэранаў.

Необходимый постскриптум от редакции и мозырских краеведов: просим откликнуться старшее поколение мозырян и прислать свои заметки и воспоминания о том, как выглядели улицы Мозыря в годы их детства и юности, что примечательного и особенного находилось на этих улицах, и какие события происходили. Свои воспоминания вы можете прислать либо по электронной почте sk051@yandex.ru , либо на адрес редакции: 247760, г. Мозырь, ул. Куйбышева, 59, редакция газеты «Жыццё Палесся», рубрика «Страницы истории».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *