Дырэктар ААТ «Беларускабель» Дзмітрый Ракаўчук атрымаў дзяржаўную ўзнагароду

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнка №94 «Аб узнагароджанні» за шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, дарожным будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны і аховы здароўя насельніцтва, падрыхтоўку высока-кваліфікаваных спецыялістаў, развіццё сістэмы міжнародных аўтамабільных перавозак, культуры і мастацтва нядаўна быў узнагароджаны шэраг дзеячаў. Прыемна, што сярод заслужаных людзей краіны, якім прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў па даручэнню Прэзідэнта ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, ёcць мазыранін: дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Беларускабель» Дзмітрыя Міхайлавіча РАКАЎЧУКА адзначылі медалём «За працоўныя заслугі».
Сардэчна віншуем з узнагародай!

Працоўная біяграфія Дзмітрыя Міхайлавіча Ракаўчука — класічны прыклад вернасці роднаму гораду і роднаму прадпрыемству. А калі ўлічыць, што яго бацькі большую частку жыцця таксама працавалі на гэтым прадпрыемстве, то можна канстатаваць, што Дзмітрый Міхайлавіч з’яўляецца прадаўжальнікам працоўнай дынастыі.
Кар’ерны шлях маладога спецыяліста пачынаўся ў камерцыйным аддзеле завода. Прапрацаваўшы там некалькі гадоў, Дзмітрый Ракаўчук зразумеў: каб у яго жыцці з’явіліся сур’ёзныя перспектывы, трэба працягнуць адукацыю, і паступіў у БДЭУ па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» и праз тры гады паспяхова абараніў дыплом. У студзені 2012-га ва ўзросце 33 гадоў ён быў прызначаны на пасаду дырэктара, стаўшы адным з самых маладых прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу ў Беларусі.
«Перад прадпрыемствам пастаўлена задача давесці аб’ём экспарту да 70%. Але наша праблема — гэта сыравіна, — казаў Дзмітрый Ракаўчук у інтэрв’ю бізнес-часопісу «Дело» у мінулым годзе пасля ўручэння яму звання лаўрэата конкурсу «Чалавек справы-2016» у намінацыі «За ўклад у развіццё знешнеэканамічных сувязяў Беларусі». — У Рэспубліцы Беларусь вытворцаў сыравіны для кабельнай прамысловасці проста няма! Гэта значыць, што яе трэба закупіць за мяжой, прывезці, перапрацаваць, а потым прадаць гатовы прадукт з дастатковай маржынальнасцю. Таму мы ў апошнія тры гады зрабілі акцэнт на інавацыйную прадукцыю. Па выніках 2015 года ў агульным аб’ёме прадукцыі, вырабленай прадпрыемствам, яна складае 37%».
Тое, што завод знаходзіцца на правільным шляху, пацвяр-джаецца прызнаннем з боку ўрада Беларусі і мясцовых органаў улады. У мінулым годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ААТ «Беларускабель» упершыню было занесена на Рэспубліканскую дошку гонару за дасягненні ў галіне эканоміі рэсурсаў. Дзмітрый Ракаўчук казаў пра гэта так: «Высокая ацэнка вынікаў нашай працы стымулюе і кіраўніцтва, і калектыў прадпрыемства як мінімум утрымліваць дасягнутую планку, а як максімум — зрабіць новы крок наперад. Упэўнены, што гэта нам па сілах!»

Вольга  АРДАШАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *