ПЯСНЯР БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛI

454

Літаратурная гасцёўня Мазырскага  дзіцячага дома запрасіла сваіх  выхаванцаў на мерапрыемства,
прысвечанае 135-годдзю  з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка Янкі Купалы
Сустрэча адбылася на свежым паветры ў квецені прыемных духмяных водараў.


Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
Колькі ты ўносіш азнобы з сабой!
Цягнуцца стройна шнуры каласістыя,
Пахне павабна трава над ракой.
(Янка Купала, верш «Лета»).
Кніжная выстава мастацкай літаратуры «Пясняр беларускай зямлі» сустрэла дзяцей як бы на парозе сельскай хацінкі. Разам з выставачнымі творамі красаваўся вялікі партрэт Янкі Купалы, які добрай, ласкавай усмешкай, вітаючы ўсіх нас, запрашаў да сябе ў госці. Пасля знаёмства з выставай наведвальнікаў запрасілі сесці за стол, які быў усланы вышытам абрусам. Некалькі раскрытых кніг з назвай «Біяграфія Янкі Купалы» дапаўняла гэты цудоўны нарыс. Кожны з дзяцей прачытаў па некалькі сказаў з біяграфіі, тым самым дакладна пазнаёміўся з творчым шляхам паэта. Пасля літаратурнага застолля ўсе ўселіся на саматканыя дываны, якія былі разасланы на траве-мураве. Песня «Спадчына» на словы Янкі Купалы гучала ціха і мілагучна. Увесь гэты добры настрой натхняў нас да чытання вершаваных твораў пісьменніка. «Вясна», «Дуб», «Жняя», «Юрачка», «Бай» — гучна ліліся вершы з вуснаў дзяцей. Напрыканцы мерапрыемства выхаванцаў чакала творчая хвілінка паводле твора «Хлопчык і лётчык». Алена Станіславаўна павольна чытала верш, а дзеці, услухваючыся і ўяўляючы змест твора, малявалі на вялікім лісце паперы хлопчыка, лётчыка, самалёт, мядзведзя, ночку з зоркамі і г.д. Кожнаму з іх хацелася прыняць удзел у творчай дзейнасці, тым самым пакінуць пасля сябе крышачку свайго дзіцячага цяпла і прыемных ура-жанняў ад мерапрыемства.
Нашаму народу вельмі пашанцавала, што яго вялікую моц і будучыню апяваў такі пісьменнік Беларусі, як Янка Купала. І я думаю, што не знойдзецца лепшага падарунка для юбіляра, як вывучаны вершаваны твор ці прачытаныя некалькі апавяданняў, альбо радкоў, якія і цяпер чытаюцца на адным дыханні.
А цяпер, што цяпер? —
Бывайце здаровы!
Чэсці дайце прымер
Для радзімых словаў.
(Янка Купала,
верш «Чым хата багата»).
Алена КАСЦЯНКА, бібліятэкар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: