Iмем рэвалюцыi

544

Даследчыкі ў галіне ўрбаністыкі – частцы тапанімікі, што вывучае ўнутрыгарадскія назвы – звяртаюць увагу на тое, што ў назвах вуліц беларускіх гарадоў пераважае савецкая гісторыя

Пры гэтым трэба адзначыць, што назвы вуліц у значнай колькасці «персаніфікафаны». Не з’яўляецца выключэннем і Мазыр, у якім з 130 вуліц носяць імёны людзей 60. Больш за ўсё назвы вуліц звязаны з імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны (40%). Другая катэгорыя – гэта рэвалюцыянеры і ўдзельнікі Грамадзянскай вайны, шмат з іх ў наступныя гады сталі партыйнымі і дзяржаўнымі дзеячамі Савецкай краіны (іх 25%). Частка назваў вуліц, звязаных з імёнамі рэвалюцыянераў, што былі ў горадзе ў папярэднія часы, ужо не існуе. Так, у Мазыры зніклі назвы вуліц, якія насілі імёны дзеячаў нямецкага камуністычнага і рэвалюцыйнага руху: Карла Лібкнехта і Розы Люксембург, расійскага рэвалюцыянера Г.Лекерта. Частка мазырскіх вуліц названа ў гонар дзеячаў культуры і навукі (каля 25%). Акрамя таго, частка гарадскіх вуліц носіць імёны касманаўтаў і лётчыкаў, міліцыянераў…

Мы пачнем свой расказ з гісторыі мазырскіх вуліц, што атрымалі свае найменні ў гонар асоб, што былі звязаны з падзеямі рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны.

У цэнтры горада знаходзіцца вуліца Дзяржынскага, якая вядзе ад плошчы Леніна да Гары Камунараў. Былая назва вуліцы – Спаская (ў больш позні час – Спаска-Замкавая), што было звязана з існаваннем на Замкавай Гары царквы Святога Спаса, якая была пабудавана ў ХІІ ст. Асаблівасцю вуліцы з’яўляецца тое, што яна брукаваная. На гэтай вуліцы ўсяго пяць дамоў, усе пад няцотнымі нумарамі – ад 1 да 9. Шэраг будынкаў датуецца канцом ХІХ–пачаткам ХХ ст. Сучаснае найменне вуліца атрымала ў гонар Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага – савецкага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, аднаго з кіраўнікоў польскага і рускага рэвалюцыйнага руху.

Адзін з будынкаў па вул. Дзяржынскага.
Сает Гаўрыла Яфімавіч.

Ад плошчы Леніна бярэ пачатак і вуліца Саета, якая атрымала сваё імя ў гонар аднаго з арганізатараў аховы здароўя ў г. Мазыры. Сает Гаўрыла Яфімавіч нарадзіўся ў Вільні ў 1872 г. Пасля заканчэння ў 1898 г. медыцынскага факультэта Дзерпцкага (цяпер Тартускага) факультэта працаваў ў Вільні. За
ўдзел у рэвалюцыйным руху быў высланы ў м. Юравічы. З 1903 г. жыццё Г.Я.Саета было звязана з Мазыром, дзе ён пачаў працаваць урачом, прымаў і лячыў хворых у стацыянары бальніцы, але меў і хатні ўрачэбны пакой. Быў добрым і чулым чалавекам, з павагай ста-віўся да ўсіх, хто звяртаўся да яго за дапамогай. Здольнасці Саета і абставіны, у якіх яму прыйшлося працаваць, зрабілі яго ўніверсальным доктарам: тэрапеўтам, аталарынголагам, гінеколагам і санітарным урачом. У 1907-1908 гг. Г.Я.Сает удасканаліваў сваё майстэрства ў галіне афтальмалогіі ў медунівер-сітэце Кёнігсберга. Гаўрыла Яфімавіч быў адукаваным чалавекам. Ведаў некалькі замежных моў. У 1911 г. у «Минских врачебных ведомостях» з’явіўся яго артыкул, што быў прысвечаны санітарнаму стану Мазыра.

Час ад часу Г.Я. Сает з-за ўдзелу ў ваенных падзеях быў вымушаны пакідаць Мазыр. У якасці палкавога ўрача ён удзельнічаў у руска-японскай (1904-1905) і Першай сусветнай вайне (1914-1918). Г.Я.Сает прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю і з 1918 г. змагаўся ў радах Чырвонай Арміі. За ўдзел ў руска-японскай і Першай сусветнай войнах быў узнагароджаны пяццю баявымі ардэнамі і Георгіеўскім крыжом. За ўмелае аказанне ўрачэбнай дапамогі параненым чырвонаармейцам у гады Грамадзянскай вайны быў узнагароджаны ганаровай шашкай.

У 1919 г. Г.Я.Саету была даручана арганізацыя аховы здароўя ў Мазыры. Эпідэмічная сітуацыя была цяжкай: войны, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з 1914 г., значна пагоршылі ўмовы жыцця насельніцтва, адмоўна паўплывалі на стан яго здароўя. У тыя часы на Мазыршчыне былі шырока распаўсюджаны брушны тыф і кароста, малярыя і дыфтэрыт, туберкулёз і іншыя захворванні. Г.Я. Сает аказваў дапамогу хворым на сыпны тыф, падчас чаго заразіўся і памёр у снежні 1919 г. На яго пахаванне сабраўся амаль увесь горад, прыйшлі і заможныя яго пацыенты, і бедныя, таму што доктар ставіўся да ўсіх з павагай.

У Мазыры шануюць памяць гэтага чалавека. Улічваючы ўклад, што быў ўнесены Гаўрылам Яфімавічам Саетам у развіццё аховы здароўя на Палессі, ён быў залічаны ганаровым урачом Мазырскай гарадской бальніцы. У Мазырскім аб’яднаным краязнаўчым музеі захоўваюцца фатаздымкі і шэраг копій дакументаў, што звязаны з гэтым выдатным чалавекам. Ёсць некалькі асабістых рэчаў, што належалі Гаўрылу Яфімавічу, і былі ў 1983 г. перададзены музею яго сынам Міхаілам Гаўрылавічам.

Яшчэ на пачатку 1920-х гг. пастановай Мазырскага выканкама было вырашана адной з вуліц горада прысвоіць імя доктара, які заслужыў павагу насельніцтва. Гэтая назва – вуліца Саета – прыйшла на змену ранейшаму найменню – Рымашоў (або Рамашоў) роў. У гэтым раёне Мазыра ў гады Вялікай Айчыннай вайны было створана яўрэйскае гета, жыхары якога мэтанакіравана знішчаліся нацыстамі. 75 гадоў таму – у студзені 1942 г. – Мазырскае гета перастала існаваць. Частка жыхароў гета была забіта ў раёне в. Бабры. Паводле дадзеных Надзвычайнай Дзяржаўнай Камісіі ў Мазырскім гета было знішчана 1500 чалавек, прычым частка з іх была закатавана ва ўрочышчы Рамашоў Роў, дзе Камісіяй было знойдзена «3 могилы по 95-100 трупов, одна могила – 850 трупов». Частка людзей, была закапана ў зямлю яшчэ жывымі, у некаторых з іх рукі былі закла-дзены назад і звязаны дротам. Некаторыя ахвяры, у тым ліку жанчыны і дзеці, былі моцна знявечаны. Акрамя таго, Камісіяй было ўстаноўлена, што каля 700 чалавек за перыяд акупацыі было ўтоплена ў рацэ Прыпяць.

Помнік ахвярам Мазырскага гета.

Вуліца Фрунзэ атрымала сваю назву ў гонар рэвалюцыянера, савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, аднаго з найбольш паспяховых ваеначальнікаў Чырвонай Арміі ў гады Грамадзянскай вайны.

З іменем М.В.Фрунзэ звязана стварэнне беларускай міліцыі, гісторыя якой пачалася ў часы Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Тады на абшарах усёй Расійскай дзяржавы на змену царскай паліцыі прыйшла народная міліцыя з выбарным кіраўніцтвам, якая падпарадкоўвалася органам мясцовага самакіравання. 4 сакавіка 1917 г. грамадзянскі камендант Мінска падпісаў дакумент, згодна якому Міхаіл Аляксандравіч Міхайлаў (М.В.Фрунзэ) быў назначаны часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадка ў Мінску. У гэты дзень атрады баявых дружын рабочых і міліцыі раззброілі былую паліцыю, узялі пад сваю ахову галоўныя дзяржаўныя ўстановы, пошту і тэлеграф. М.В.Фрунзэ быў старшынёй Мінскага губернскага камітэта, кіраўніком дэлегацыі ад Беларусі на I Усерасійскім з’езде сялянскіх дэпутатаў, рэдактарам «Крестьянской газеты» і адным з рэдактараў газеты «Звязда». У жніўні 1917 г. узначальваў рэвалюцыйныя войскі Мінскага раёна ў барацьбе з карнілаў-шчынай. Сучасная вуліца Фрунзэ ў ранейшыя часы мела найсменне Ксяндзоўка, што было звязана з тым, што ў гэтай мясцовасці знахо-дзіўся дом ксяндза. Увогуле, у гэтай частцы горада пачалася гісторыя каталіцкай царквы ў Мазыры. У даўнія часы, на месцы сённяшняга будынка Ваеннага камісарыята Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў (Фрунзэ, 2), знаходзіўся фарны касцёл Ушэсця Маці Боскай.

Касцёл Ушэсця Маці Боскай.

Яго гісторыя пачалася ў 1616 г., калі па прывілею караля і Вялікага князя Жыгімонта ІV Вазы Бальтазар Стравінскі, мазырскі стараста, фундаваў яго будаўніцтва. У 1723-1773 гг. пры касцёле дзейнічала езуіцкая місія, якая з 1726 г. трымала школу. У 1757 г., пасля пажару, касцёл быў адбудаваны «из соснового брусового дерева на каменном фундаменте в виде креста… с куполом, на котором поставлен железный крест». Перад храмам стаяла 3-ярусная званіца з крыжом. Пасля адбудовы сярэдзіны ХVІІІ ст. касцёл стаў творам архітэктуры класіцызму. Гэты архітэктурны помнік быў знішчаны маланкай у 1934 г.

Калі падымацца па вуліцы ўверх на гору, то па адрасу Фрунзэ, 38 знаходзіцца стадыён «Спартак». У дарэвалюцыйны час тут існаваў гарадскі сад, які быў месцам прагулак гараджан. У міжваенны час на стадыёне адбываліся розныя мерапрыемствы.Так, у нядзелю 22 чэрвеня 1941 г. на гарадскім стадыёне «Спартак» праводзілася запланаванае Мазырскім ваенкаматам мерапрыемства. Тут адбывалася здача нарматываў на атрыманне значка «Готов к труду и обороне» дапрызыўнікамі горада і раёна. Калі ў 12 гадзін па радыё выступіў У.М.Молатаў – народны камісар замежных спраў СССР — і абвясціў аб пачатку вайны з Германіяй, тады спартыўныя мерапрыемствы на гарадскім стадыёне былі спынены, і дапрызыўнікоў адпусцілі да дому. У другой палове дня Мазырскі ваенкамат пачаў прызыў у Чырвоную Армію.

Пасляваеннае пакаленне мазыран узгадвае з цяплынёю каток, што працаваў у зімовы час на стадыёне, які быў любімым месцам сустрэч закаханых.

Каля стадыёна знаходзяцца брацкія могілкі змагароў за Савецкую ўладу – чырвонаармейцаў, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў 1918-1920 гг. у барацьбе супраць ворагаў Савецкай улады і інтэрвентаў. У 1957 г. на могілках быў пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя: чырвонаармеец, партызан і матрос, былі ўстаноўлены 34 надмагільныя пліты. Да сённяшняга дня помнік не захаваўся.

Па вуліцы Фрунзэ, 57 знаходзіцца сярэдняя школа №10, гісторыя якой пачалася ў верасні 1963 г. Па ініцыятыве тагачаснага дырэктара школы – Юрыя Мікалаевіча Мельнікава – ячшэ ў 1960-я пачаўся збор вучнямі і настаўнікамі матэрыялаў аб вайскоўцах 55-й стралковай дывізіі, што ўдзельнічалі ў вызваленні Мазыра ў студзені 1944 г. З цягам часу быў пабудаваны двухпавярховы будынак музея, дзе захоўваюцца матэрыялы, што прысвечаны падзеям Вя-лікай Айчыннай вайны. І сёння педагагічны калектыў школы на чале з дырэктарам Крукоўскай А.І. вядзе вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Так, і ў гэтым годзе 22 чэрвеня, у Дзень памяці і смутку, разам з прадстаў-нікамі Мазырскага раённага савета ветэранаў на базе музея было праведзена мерапрыемства, прысвечанае 76-й гадавіне пачатку вайны, у якім прынялі ўдзел школьнікі горада.

Музей Вялікай Айчыннай вайны, які дзейнічае на базе сярэдняй школы №10.

Таццяна  Нiкiцiна.

(Працяг будзе).


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: