Мазырскі драмтэатр 28 верасня адкрые новы тэатральны сезон камедыяй «Прымакі»

На сцэне – «Прымакi»

28 верасня камедыяй «Прымакі» па п’есе Янкі Купалы адкрые свой новы тэатральны сезон Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа.

Як вядома, сёлета споўнілася 135 год з дня нараджэння Янкі Купалы — народнага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры, паэта, драматурга. Талент Я.Купалы быў надзвычай шматгранны. Яму належыць гонар стварэння класічнай нацыянальнай камедыі і драмы. Шырока вядомыя  яго п’есы «Паўлінка», «Прымакі, «Раскіданае гняздо», «Тутэйшыя.»

У сувязі з гэтай знамянальнай датай, а таксама дзеля папулярызацыі беларускай драматургіі наш тэатр звярнуўся да вядомай п’есы класіка. Паставіў камедыю галоўны рэжысёр тэатра Раман Цыркін. Сам Янка Купала вызначаў жанр твора «Прымакі»  як «сцэнічны жарт у адным акце». На сцэне перад гледачом разгортваецца смешная гісторыя таго, як Максім Кутас з Трахімам Сініцам памяняліся сваімі жонкамі, і што з гэтага атрымалася. Сам сюжэт немудрагелісты, але ён дазваляе паказаць, што кожны чалавек не без слабасцей…

«П’еса «Прымакі», на першы погляд, здаецца п’есай толькі пацешнай. Але гэта толькі на першы погляд… Жарт высмейваў не толькі слабасці чалавечай натуры і тое, да чаго вядзе лішняя чарка…» (А.Лойка).

Сцэнаграфія  і эскізы касцюмаў створаны галоўным мастаком тэатра Яўгенам Барысаўцом. Пастаноўкай танцаў займалася балетмайстар Наталля Камянчук. Хормайстар спектакля — вядомы мазырскі музыкант Аляксандр Целяпун.

У спектаклі заняты акцёры Юрый Шмак, Міхаіл Кліменка, Валянціна Рослікава, Ірына Сцепавая, Яўген Кузьмянкоў, Вадзім Дубраў, Алена Пракопава, Людміла Руцкая, Вікторыя Бачура,Пятро Перапеча, Анатоль Бычкоўскі, Аляксандр Фяськоў, Аляксей Вінаградаў. У масавых сцэнах заняты артысты тэатра.

У новым, дарэчы, 28-м тэатральным сезоне плануем падрыхтаваць пяць спектакляў: два — для дарослага гледача і тры казкі для дзяцей. 

Акрамя камедыі «Прымакі», для дарослага гледача будзе падрыхтавана да Міжнароднага дня тэатра яшчэ адна прэм’ера, што сталася ўжо добрай традыцыяй.

Для юных гледачоў да навагодніх свят будуць падрыхтаваны святочны ранішнік і казка. Да Міжнароднага дня абароны дзяцей таксама будзе пастаўлена новая казка.

Нельга сабе ўявіць паўнацэннае жыццё тэатра  без удзелу ў фестывалях. Так, неўзабаве будзем прымаць удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі жаночай творчасці імя Марыі Занькавецкай (Украіна, г. Нежын). На суд украін-скага гледача і журы будзе прадстаўлена беларуская класіка — камедыя «Прымакі».

У новым сезоне працягнем супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама. Неўзабаве для старша-класнікаў у рамках акцыі «На сцэне — класіка» будзе паказаны прэм’ерны спектакль «Прымакі».  Будзем таксама супрацоўнічаць з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універ-сітэтам імя І.П.Шамякіна, Мазырскім музычным каледжам, Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэем, інспекцыяй па справах непаўналетніх, Мазырскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аб’яднанай арганізацыяй ветэранаў устаноў адукацыі Мазырскага раёна і іншымі.

Вельмі спадзяемся, што нашы спектаклі прыйдуцца да спадобы ўсім прыхільнікам тэатральнага мастацтва.

Паважаныя гледачы, запрашаем вас на адкрыццё тэатральнага сезона і на прэм’еру камедыі «Прымакі» 28 верасня ў 19 гадзін ў Гарадскі палац культуры ( вул. Савецкая, 33).

Ірына ВАРНІНА,  заг. літаратурнай часткай МДТ імя І.Мележа.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *